Дзяржсакратар Марка Рубіё абвясьціў аб аднаўленьні Кубінскага рэестра абмежаваньняў. Гэты дакумэнт забараняе шэраг апэрацый з кампаніямі, зьвязанымі з кубінскімі ўладамі, ваеннымі або сілавымі структурамі. Мэтай ініцыятывы Рубіё называе пазбаўленьне «рэсурсаў тых самых галін кубінскага рэжыму, якія непасрэдна прыгнятаюць і шпіёняць за кубінскім народам, адначасова кантралюючы вялікія сэкцыі эканомікі краіны».
Акрамя аднаўленьня сьпісу, Дзярждэпартамэнт таксама дадаў у яго яшчэ адну кампанію – Orbit, S.A., якая, на думку ведамства, дзейнічае ў інтарэсах кубінскіх вайскоўцаў.
У заяве кіраўніка МЗС падкрэсьліваецца неабходнасьць прыцягнуць кубінскі рэжым да адказнасьці «за прыгнёт свайго народа і злоснае ўмяшаньне ў справы Амэрыкі і ўсяго сьвету».
«Мы падтрымліваем правы чалавека і асноўныя свабоды кубінскага народа і патрабуем вызваленьня ўсіх несправядліва затрыманых палітычных зьняволеных», – сказаў на заканчэньне Рубіё.
Гэта не першы крок новай адміністрацыі па ўзмацненьні жорсткасьці палітыкі ў дачыненьні да Гаваны. У першы дзень пасьля вяртаньня ў Белы дом прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вярнуў Кубу ў сьпіс дзяржаў-спонсараў тэрарызму.
Куба ўпершыню зьявілася ў гэтым сьпісе ў 1982 годзе, падчас адміністрацыі прэзыдэнта Рональда Рэйгана. У 2015 годзе, падчас прэзыдэнцтва Барака Абамы, Гавана была выключана са сьпісу. Гэты статус загадаў вярнуць ёй 45-ы прэзыдэнт краіны рэспубліканец Трамп – пазьней гэтае рашэньне было адменена на апошнім тыдні прэзыдэнцкага тэрміну дэмакрата Джо Байдэна.
Форум