Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне рэалізавалі партыю арыштаваных пасьля расейскага ўварваньня беларускіх угнаеньняў


Другое рудаўпраўленьне «Беларуськалію» ў Салігорску. Ілюстрацыйнае фота
Другое рудаўпраўленьне «Беларуськалію» ў Салігорску. Ілюстрацыйнае фота

У сярэдзіне сьнежня 2024 году некалькі аўкцыёнаў у продажы беларускіх угнаеньняў, якія знаходзяцца ў Жытомірскай і Мікалаеўскай абласьцях, не адбыліся праз адсутнасьць удзельнікаў. Гэтыя лоты плянуюць выставіць паўторна.

У Агенцтве вышуку і мэнэджмэнту актываў (АРМА) Украіны паведамілі аб рэалізацыі з аўкцыёну 2357 тон угнаеньняў, вырабленых «Беларуськаліем» і арыштаваных у чэрвені 2022 годзе за падтрымку Беларусьсю расейскага ваеннага ўварваньня.

Як адзначаецца ў паведамленьні АРМА, беларускія ўгнаеньні прадалі за 25,321 мільёна грыўняў (прыблізна 603 тысячы даляраў у эквіваленце).

У студзені праз электронны аўкцыён ад продажу арыштаваных беларускіх угнаеньняў атрымалі 112,6 мільёна грыўняў (больш за 2,5 мільёна даляраў у эквіваленце).

У канцы 2024 году ў АРМА паведамілі аб пачатку маштабнага продажу 30 431 тон хлярыду калію, які на момант пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, падтрыманага Беларусьсю, знаходзіліся на тэрыторыі Ўкраіны і былі арыштаваныя.

Беларускія ўгнаеньні прадаюцца паводле правілаў так званага гібрыднага галяндзкага аўкцыёну, калі пачатковая цана лотаў зьніжаецца па кроках, пакуль адзін з удзельнікаў ня спыніць зьніжэньне. На наступным этапе ўдзельнікі аўкцыёну ў закрытым рэжыме прапануюць сваю цану, якая мусіць быць вышэйшай за зафіксаваную на першым этапе. Лот набывае той удзельнік, які прапануе найбольшую цану, але той, хто спыніў падзеньне цаны на першым этапе, мае права апошняга ходу і можа перабіць максымальную цану суперніка. Да аўкцыёну можна далучыцца нават ужо пасьля таго, як ён пачаўся.

Як вынікае з афіцыйнага сайту prozorro.sale, на аўкцыённы продаж выставілі яшчэ два лоты з угнаеньнямі «Беларуськалію» — па продажы 639 тонаў хлярыду калію з стартавай цаной у 4 107 705 грыўняў (прыблізна 100 тысяч даляраў. — РС), і 3305 тон з стартавай цаной 21 245 641,5 грыўні (больш за 500 тысяч даляраў у эквіваленце). Угнаеньні загружаныя ў 56 чыгуначных вагонаў, што знаходзяцца на Адэскай чыгунцы. Лоты выставілі паўторна.

Яшчэ па сямі лотах чакаюць публікацыі пратаколаў аўкцыёнаў.

У сярэдзіне сьнежня 2024 году некалькі аўкцыёнаў па продажы беларускіх угнаеньняў, якія знаходзяцца ў Жытомірскай і Мікалаеўскай абласьцях, не адбыліся праз адсутнасьць удзельнікаў. Гэтыя лоты таксама плянуюць выставіць паўторна.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль, арыштавала маёмасьць і прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG