Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Бабарыка пяты раз адзначае дзень народзінаў за кратамі


Эдуард Бабарыка. Архіўнае фота
Эдуард Бабарыка. Архіўнае фота

Палітвязьню Эдуарду Бабарыку 30 студзеня споўнілася 35 год. Гэта пяты дзень народзінаў палітвязьня ў зьняволеньні.

Паводле крыніцы з былога штабу Віктара Бабарыкі, зьвестак пра Эдуарда Бабарыку вельмі мала. Крыніца толькі пацьвердзіла, што Эдуард Бабарыка дагэтуль у папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску, куды ён трапіў не пазьней за красавік 2024 году.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», 1 красавіка 2024 году Эдуарда Бабарыку зьмясьцілі ў ПКТ, у ліпені падчас новага суду паводле 411 артыкулу яго пераводзілі ў іншую вязьніцу, але куды вывозілі палітвязьня, невядома. Ці знаходзіцца цяпер Эдуард Бабарыка зноў у ПКТ бабруйскай калёніі № 2, крыніца не ўдакладніла.

Эдуарда Бабарыку і ягонага бацьку Віктара Бабарыку, які сабраў дзясяткі тысяч подпісаў за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта, затрымалі 18 чэрвеня 2020 году, калі яны накіроўваліся ў ЦВК здаць сабраныя подпісы. Віктара Бабарыку пазьней судзілі і прызналі вінаватым у атрыманьні хабару і легалізацыі грошай, атрыманых злачыннным шляхам, і асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня.

Ягонага сына Эдуарда, які ўзначальваў перадвыбарны штаб Віктара Бабарыкі, судзілі толькі ў ліпені 2023 году і прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле трох «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з 342-м («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Праз год да гэтага тэрміну дадалі яшчэ 2 гады зьняволеньня. Суд праходзіў у Бабруйску. У верасьні 2024 году апэляцыйную скаргу на новы прысуд адхілілі. Фактычна з таго часу, паводле праваабаронцаў, новых зьвестак пра Эдуарда Бабырыку няма.

Чым вылучаецца справа Эдуарда Бабарыкі сярод іншых палітвязьняў?

Сьледзтва і суд у ягонай справе занялі амаль 3,5 года. Гэта рэкордны тэрмін для палітычных крымінальных справаў у Беларусі.

У вырак палітвязьню не залічылі час утрыманьня ў СІЗА КДБ па першапачатковым абвінавачаньні, а там палітвязень прабыў ажно паўтара года.

Раніцай 8 студзеня ў канале Рамана Пратасевіча зьявіліся фота і відэа зь Віктарам Бабарыкам, зробленыя ў наваполацкай калёніі. Гэтак перарвалася больш як гадовае маўчаньне пра былога кандыдата на прэзыдэнта Віктара Бабарыку.

Зьвестак пра тое, што адбываецца з ягоным сынам Эдуардам, які таксама ў зьняволеньні фактычна ў рэжыме «інкамунікада», дагэтуль няма.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG