Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі сямёх падлеткаў будуць судзіць за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» «Дух Руси»


Суд у Гомлі, ілюстрацыйнае фота
Суд у Гомлі, ілюстрацыйнае фота

Тэлеграм-канал «Дух Руси» КДБ прызнаў экстрэмісцкім фармаваньнем 4 сьнежня. Свабодзе стала вядома, што меркаваныя стваральнікі і ўдзельнікі «фармаваньня» ужо шэсьць месяцаў за кратамі.

Беларускія спэцслужбы сьцьвярджаюць, што ў краіне зафіксавана больш за 250 «экстрэмісцкіх фармаваньняў». Суполкам у сацыяльных сетках адпаведны статус надае КДБ. У сьнежні 2024 году Камітэт дзяржбясьпекі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» тэлеграм-канал «Дух Руси», у якога на той момант было 12 падпісчыкаў.

«За гэты тэлеграм-канал у Гомлі арыштавалі яшчэ шэсьць месяцаў таму сямёх падлеткаў, усе яны пад вартай у СІЗА. Плянуецца, што суд пачнецца не раней за вясну 2025 году», — расказала Свабодзе крыніца, знаёмая з сытуацыяй.

Суразмоўца зьвярнуў увагу, што затрымалі людзей раней, чым КДБ прызнаў тэлеграм-канал «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Паводле словаў крыніцы, усе затрыманыя — непаўналетнія. Справа расьсьледуецца па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэксу (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня ці ўдзел у ім). КДБ палічыў, што непаўналетнія стварылі тэлеграм-канал, «накіраваны на рэабілітацыю нацызму».

Затрыманым пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

У згаданым тэлеграм-канале былі разьмешчаныя здымкі з выявамі Адольфа Гітлера, згадваўся расейскі нэанацыст Цясак (Максім Марцінкевіч), таксама былі выявы свастыкі, шавінісцкія і расісцкія выказваньні.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG