Стала вядома пра сьмерць Айрыс Камінгс-Крытчэл — вядомай спартоўкі, апошняй жывой удзельніцы Алімпійскіх гульняў 1936 году ў нямецкім Бэрліне. Пра яе сьмерць у Клэрманце, штат Каліфорнія, паведаміў гісторык Алімпіядаў Біл Мэлан.
Айрыс Камінгс стала чэмпіёнкай ЗША на дыстанцыі 200 мэтраў брасам, што дазволіла ёй у тым самым 1936 годзе адправіцца на Алімпіяду ў Бэрлін. Там яна заняла чацьвёртае месца ў першым заплыве і выбыла з барацьбы. Прычынай ня самага ўдалага выступу ў Нямеччыне магло быць тое, што да апошняга моманту плыўчыха зьбірала грошы на паездку, ня ведаючы, ці хопіць ёй сродкаў на прыезд на Алімпіяду.
Пасьля гэтага яна зноў была чэмпіёнкай ЗША на сваёй «кароннай» дыстанцыі, а ў 1939 годзе далучылася да праграмы падрыхтоўкі авіяпілётаў. Зразумеўшы, што Алімпіяда 1940 году не адбудзецца, бо пачалася вайна, Камінгс вырашыла завершыць спартовую кар’еру.
У час ІІ усясьветнай вайны яна паступіла на службу ў Жаночую дапаможную паромную эскадрыльлю і стала пілётам ВПС. У 1941-м Айрыс скончыла Ўнівэрсытэт Паўднёвай Каліфорніі на факультэце фізычных навук і матэматыкі. У час вайны яна сустрэла свайго мужа, Говарда Крытчэла, які быў баявым пілётам. Яны былі ў шлюбе звыш 70 гадоў, да сьмерці Говарда ў 2015-м.
Пасьля вайны Камінгс-Крытчэл працавала ў праграме падрыхтоўкі аэранаўтаў, якую сама ж і заснавала.
У сьнежні 2024 году яна адзначыла 104-ы дзень нараджэньня. Памерла 25 студзеня, але вядома пра гэта стала толькі празь некалькі дзён.
Раней у студзені стала вядома пра сьмерць 103-гадовай Агнэш Келеці з Вугоршчыны. Яна была найстарэйшай у сьвеце жывой алімпійскай чэмпіёнкай.
На гэты момант найстарэйшай жывой удзельніцай Алімпійскіх гульняў застаецца Івон Шабо-Куртэ з Францыі, якая выступала на Гульнях 1948 і 1952 году ў лёгкай атлетыцы. Ёй таксама 104 гады.
Форум