Рашэньне пра замарожваньне ўказу прыняў фэдэральны суд у Вашынгтоне.
Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт на сваёй першай прэс-канфэрэнцыі, як піша «Голас Амэрыкі», выступіла ў абарону замарожваньня ўнутраных праграм грантаў і дапамогі, заявіўшы журналістам, што новая адміністрацыя абавязаная «быць добрымі распарадчыкамі сродкаў падаткаплатнікаў».
Левіт падкрэсьліла, што ўказ Дональда Трампа не пашкодзіць індывідуальным праграмам дапамогі, уключна з «дапаможнікамі ў сацыяльным забесьпячэньні, праграмай Medicare, талёнамі на прадукты харчаваньня» і іншай «дапамозе, якая накіроўваецца непасрэдна асобным людзям».
Дэмакраты ў Кангрэсе сьцьвярджаюць, што гэта не зусім так, і гавораць пра хаос, які запанаваў пасьля падпісаньня ўказу. Лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр характарызуе ўказ Трампа як «беззаконны, разбуральны, небясьпечны і жорсткі».
Паводле Шумэра, замарожаныя сродкі складаюць «мільярды, магчыма, трыльёны даляраў, якія штодня накіроўваюцца ў якасьці дапамогі амэрыканскім сем’ям». Яны ўключаюць грошы, выдзеленыя на дапамогу пры стыхійных бедзтвах, мясцовае праваахоўнае кіраваньне, сельскія лякарні, дапамогу пажылым людзям і ежу для бедных.
Адміністрацыйна-бюджэтная ўправа раней назвала марнатраўствам выкарыстаньне фэдэральных рэсурсаў на некаторыя пункты, якія, на яе думку, «прасоўваюць марксісцкую роўнасьць, трансгендэрызм і сацыяльную інжынэрыю „новага зялёнага курсу“».
«Дональд Трамп крадзе ў падаткаплатнікаў, каб фінансаваць падатковыя льготы для мільярдэраў, а рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў сьвяткуюць гэта», — падкрэсьліла ў сваёй заяве Кэтрын Кларк, сябра Палаты прадстаўнікоў з Масачусэтсу ад Дэмакратычнай партыі.
Рэспубліканцы ў Кангрэсе гэтыя абвінавачанні абвяргаюць:
«Распараджэньне прэзыдэнта накіраванае на тое, каб гарантаваць, што грошы ўраду „трацяцца разумна і добра“, — заявіў журналістам лідэр большасьці ў Сэнаце Джон Тун з Паўднёвай Дакоты.
Скарачэньні дзяржаўных службоўцаў
28 студзеня адміністрацыя Дональда Трампа па электроннай пошце апавясьціла амаль два мільёны дзяржаўных службоўцаў аб намеры скараціць штаты дзяржаўных устаноў і дала зацікаўленым магчымасьць звольніцца на ўласнае жаданьне з захаваньнем заработнай платы і іншых ільгот на працягу 8 месяцаў. Ад тых, хто працаваў дыстанцыйна, могуць запатрабаваць вяртаньня ў кабінэты.
Паводле ацэнак афіцыйных асоб, ад 5 да 10% дзяржаўных службоўцаў могуць скарыстацца гэтай прапановай, што дазволіць зэканоміць да 100 мільярдаў даляраў. Прапанова не закранае вайскоўцаў і работнікаў іншых структур, зьвязаных з нацыянальнай бясьпекай.
Такім чынам Трамп імкнецца выканаць адно зь перадвыбарных абяцаньняў: ён гаварыў пра скарачэньне штатаў і зьмяншэньне колькасьці міністэрстваў.
Як адзначаюць аналітыкі, адміністрацыя Трампа можа сутыкнуцца зь перашкодамі ў ажыцьцяўленьні задумы, бо фэдэральныя законы абмяжоўваюць выплаты скарочаным работнікам значна меншымі сумамі, чым прапануе Белы дом. Пры гэтым ураду давядзецца лічыцца з працоўнымі калектыўнымі дамовамі, якія моцна абмяжоўваюць магчымасьць скарачэньня і звальненьня дзяржаўных службоўцаў.
Форум