Віленскі абласны суд па выніках разгляду справы прызнаў двух супрацоўнікаў Віленскай тэрытарыяльнай мытні і двух грамадзян Беларусі вінаватымі ў кантрабандзе цыгарэт і незаконным абароце падакцызных тавараў у складзе арганізаванай групы, паведамляе Эўрапейская пракуратура ў Літве.
Літоўскіх мытнікаў таксама асудзілі за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі.
Згодна з матэрыяламі справы, у канцы 2019 году беларусы пастаўлялі буйныя партыі цыгарэт беларускіх тытунёвых фабрык у Эўразьвяз празь літоўскі пункт пропуску «Салечнікі». Пры садзейнічаньні двух літоўскіх мытнікаў беларусы ўвозілі груз на тэрыторыю Літвы, не прад’яўляючы яго мытнаму кантролю. Паводле сьледзтва, такім чынам у Літву ўехалі 4 грузавікі, якія нелегальна перавезьлі на тэрыторыю ЭЗ больш за 3 мільёны пачкаў цыгарэт. «Незаконная рэалізацыя падакцызных тавараў» пацягнула за сабой нявыплату амаль 10 мільёнаў эўра падаткаў, гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Суд пастанавіў спагнаць з абвінавачаных страты ў памеры 9 773 009 эўра, наклаў на іх штрафы на агульную суму амаль 300 000 эўра і пастанавіў канфіскаваць грузавыя аўтамабілі, якія выкарыстоўваліся для перавозкі кантрабанды (агульным коштам больш як у 42 тысячы эўра).
Былых літоўскіх мытнікаў таксама пазбавілі права працаваць на дзяржаўнай службе на 3 і 5 гадоў адпаведна.
Прысуд можа быць абскарджаны ў Апэляцыйным судзе Літвы.
Форум