Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 45% нелегальнага абароту цыгарэт у Расеі прыпадае на прадукцыю зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Шляхам фіктыўных транзытных перавозак у Расею штогод паступае каля 600 млн пачкаў цыгарэт, больш за 45% такога нелегальнага абароту складае прадукцыя беларускага паходжаньня, паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на прэзыдэнта Асацыяцыі малафарматнага гандлю Ўладлена Максімава.

Пад фіктыўнымі транзытнымі перавозкамі ў гэтым кантэксце маюцца на ўвазе сытуацыі, калі тавар прызначаны для рэалізацыі ў іншых краінах, але разгружаецца ў Расеі.

Паводле ацэнкі Максімава, штогадовая шкода, якая наносіцца расейскаму бюджэту такімі схемамі, складае 58,5 млрд расейскіх рублёў (больш за 600 млн даляраў паводле актуальнага курсу Цэнтрабанку РФ).

У мэтах скарачэньня нелегальнага абарачэньня 27 студзеня 2025 году набылі моц новыя патрабаваньні аб абавязковым выкарыстаньні навігацыйных плёмбаў для перавозак тытунёвай прадукцыі паміж Расеяй і Беларусьсю. Гэта мусіць дазволіць адсочваць дакладнае месцазнаходжаньне партый тытунёвых вырабаў, фіксаваць спробы ўскрыцьця ці зьмены маршруту.

Кантрабанда беларускіх тытунёвых вырабаў — адна з істотных праблем, зь якой сутыкаюцца суседнія зь Беларусьсю краіны Эўразьвязу.

Асабліва цярпяць ад гэтага Літва, дзе памежнікі ў 2024 годзе перахапілі больш за 1 млн 386 тыс. пачкаў цыгарэт, і Польшча, на тэрыторыі якой рэгулярна затрымліваюцца ўдзельнікі кантрабандных схемаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG