Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хацеў хайпу, а атрымалася прапаганда нацызму. Пагутарылі зь беларусам, які намаляваў Маска ў цэнтры Варшавы


Графіці. Каляж
Графіці. Каляж

Цяпер Максім знаходзіцца ў статусе падазраванага ў прапагандзе нацызму. Да таго ж яму трэба заплаціць штраф у 2 тысячы злотых за маляваньне на гістарычным будынку.

Эпатажная фігура

Максіму 33 гады. У Беларусі ён скончыў каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, потым ВНУ па спэцыяльнасьці дызайнэр. Зь лістапада 2020 году ён жыве і працуе ў Варшаве. Пагаварыць пра свой гучны ўчынак пагаджаецца з умовай — ня хоча паказваць свайго твару і называць прозьвішча. Родныя хлопца жывуць у Беларусі, яму самому на радзіме пагражае палітычны перасьлед.

«Я дызайнэр і мастак 3D. А графіці — маё хобі. Гэтым я не зарабляю. Я не хачу наносіць шкоду будынкам, маёмасьці, выбіраю нейкія сьцены і паверхні і на іх малюю. Магу адрэагаваць на нейкія эмацыйныя рэчы або палітычныя навіны. Днямі прачытаў навіну, што Ілан Маск хоча купіць апартамэнты ў самым дарагім доме Варшавы на вуліцы Злотай, 44. Мне заўсёды Маск здаваўся забаўна эпатажнай фігурай. А тут яшчэ на інаўгурацыі Дональда Трампа ён выцягнуў правую руку і зрабіў дзіўны жэст. Шчыра кажучы, я хацеў хайпануць на гэтым і набраць падпісчыкаў», — так Максім у размове са Свабодай тлумачыць свой учынак.

Хлопец расказвае, што перад выхадам «у горад» зрабіў некалькі папярэдніх накідаў у пляншэце. У суботу ўвечары, прыкладна а 21-й гадзіне, знайшоў падыходзячае месца. Акурат насупраць хмарачоса на Злотай, 44, — на вуліцы Эміліі Плятэр, 47, паміж дзьвюма дзьвярамі была чыстая сьцяна.

«Маляваў я хутка, хвілін 15, яшчэ тры хвіліны — і скончыў бы. Выяву пасьпеў зрабіць і адзін выраз напісаць — „Make Poland great“. Другі не пасьпеў дапісаць — у гэты час побач праходзіў паліцэйскі патруль, і яны мяне „прынялі“. Паліцыянты пачалі высьвятляць маю асобу. Беларускага пашпарта ў мяне з сабой не было, толькі часовае пасьведчаньне, якое выдаюць на час разгляду дакумэнтаў на міжнародную абарону. Але яно пратэрмінаванае», — дзеліцца Максім.

Той самы жэст Ілана Маска, паказаны ім падчас інаўгурацыі Дональда Трампа
Той самы жэст Ілана Маска, паказаны ім падчас інаўгурацыі Дональда Трампа

Прапаганда нацызму ў публічным месцы

Максім расказвае, што 1 лістапада 2024 году ў яго скончыўся тэрмін дзеяньня дазволу на жыхарства ў Польшчы, а кантракту на новую работу, які б дазволіў яго падоўжыць, не было. Хлопец шукае пастаянную працу, пакуль зарабляе часовымі заказамі. Яшчэ ў жніўні ён падаў дакумэнты на міжнародную абарону, аднак дзейных дакумэнтаў яшчэ не атрымаў. Часовае пасьведчаньне асобы выдаецца на 3 месяцы, але часьцяком Упраўленьне ў справах іншаземцаў не пасьпявае за гэты час прыняць рашэньне. Паколькі дакумэнт Максіма быў пратэрмінаваны, паліцыянты начапілі на яго кайданкі і павезьлі ў пастарунак высьвятляць асобу.

«Адзін паліцыянт паводзіў сябе па-хамску, адкрыта дэманстраваў зьнявагу да мяне. Сказаў, што я павінен заплаціць 2 тысячы злотых — нібыта я нанёс шкоду будынку. І яшчэ, што я намаляваў тое, што ў называюць „зіга“ — „сымбаль рымскага салюту“. І нібыта гэтым я асэнсавана прапагандую ідэі нацызму ў публічнай прасторы. Я абурыўся, маўляў, гэта трызьненьне! Паліцыянт патрабаваў, каб я падпісаў дакумэнт, бо быў позьні вечар суботы. Мы доўга дыскутавалі. Мне было страшна, што могуць дэпартаваць», — прызнаецца Максім.

Хлопец дадае, што ў гадзіну ночы яго перавялі ў пастарунак, абшукалі, забралі шнуркі. Абыходзіліся ветліва. Нават кнігу Стэндаля на польскай мове далі пачытаць, раніцай пакармілі сьняданкам, расказвае ён.

«У нядзелю днём зноў прывезьлі ў паліцэйскі пастарунак. Са мной гутарыў ужо іншы афіцэр. Ён таксама казаў, што мой малюнак — прапаганда нацызму ў публічным месцы. Я тлумачыў, што ў мяне не было такога і ў думках, гэта арт-постэр. У выніку — я падазраваны, паліцыянт сказаў чакаць цягам 14 дзён па пошце позву ў суд. Параіў таксама шукаць адваката, бо толькі адвакат можа азнаёміцца з дакумэнтамі», — расказаў Максім.

Цяпер беларус чакае позву ў суд. Падпісчыкі ў Instagram неадназначна ацанілі «мілы арт», як сам Максім называе свой твор.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG