Мілінкевіч патлумачыў, чаму, на ягоную думку, у Беларусі за часамі Лукашэнкі двойчы вызвалялі практычна ўсіх палітвязьняў — у 2008 годзе, калі адбылася вайна ў Грузіі і Расея захапіла частку тэрыторыі гэтай краіны, і ў 2014 годзе, калі Расея анэксавала Крым і фактычна захапіла частку ўсходняй Украіны.
«Чаму менавіта ў гэты момант Лукашэнка вызваляе палітвязьняў? Таму што Лукашэнка кожны раз вельмі моцна палохаўся, што зь ім можа адбыцца падобнае. І можа і Беларусь быць далучаная так, як гэтыя тэрыторыі суседзяў былі далучаныя да Расейскай Фэдэрацыі», — сказаў Мілінкевіч.
«Калі казаць пра 2008–2009 гады, гэта два-тры гады пасьля выбараў, у якіх я ўдзельнічаў, то тады ў Эўропе спрабавалі ў выніку гэтых агрэсіўных крокаў Расеі ўсё ж умацаваць суседнія краіны, каб там не адбылося тых падзей, якія мы зараз пералічылі, і каб не адбылася магчымая агрэсія ў Беларусі.
У 2008 годзе [прэзыдэнт Грузіі Міхэіл] Саакашвілі (я яго добра ведаю, шмат разоў размаўлялі), некалькі разоў тэлефанаваў Лукашэнку і казаў: "Усімі спосабамі знайдзі спосаб палепшыць адносіны з Эўропай, каб усё ж у цябе былі два крылы замежнай палітыкі. Паглядзі, што Расея з намі робіць, і з табой могуць такое зрабіць. Ты мусіш мець хоць частковую падтрымку Эўропы".
І Лукашэнка пачаў падаваць сыгналы. Я меў размовы з кіраўніком эўрапейскай дыпляматыі Салянам, былым кіраўніком NATO. Ён казаў: "Я гатовы неяк пачынаць дыялёг зь Беларусьсю, каб умацаваць вашу незалежнасьць, але як адрэагуюць дэмакратычныя сілы?". Я сказаў, што нармальна адрэагуюць, толькі трэба ставіць умову вызваленьня вязьняў. І праз паўгода пачалося вызваленьне, вызвалілі ўсіх вязьняў. Але гэта адбылося тады, калі Лукашэнка спалохаўся.
Потым пасьля 2014 году ён зноў вызваліў усіх палітвязьняў, у тым ліку тых, каго пасадзіў пасьля выбараў 2010 году. Зноў жа, ён пачаў іх вызваляць ад страху, каб паказаць Эўропе, што зь ім можна размаўляць.
І цяпер ён спрабуе… Але так слаба, бо яму перашкаджаюць траўмы, якія ён атрымаў у 2020 годзе. Я думаю, што яму проста маральных сіл не хапае, каб вызваліць усіх. Страх падаўляе гэтае жаданьне.
Але калі мы хочам вызваліць людзей, трэба прыдумваць такія рэчы, каб Лукашэнка захацеў ад страху вызваляць палітвязьняў. Бо менавіта ў яго ключы ад вязьніцы, ад кожнай камэры ў яго ключы.
Цяпер ён зноў баіцца Пуціна, бо калі будзе заключаны мір ва Ўкраіне, Пуціну можа здацца, што было б важна зрабіць анэксію Беларусі, каб кампэнсаваць тое, што ён абяцаў і не зрабіў ва Ўкраіне. Мы мусім на гэтым гуляць.
Некаторыя кажуць: "Вось закруцім чарговыя санкцыі – і ўжо тады жалезна вызваляць". Паслухайце, санкцыі не вызвалялі палітвязьняў у Беларусі. Яны б вызвалілі, калі б тут не стаяла побач Расея. Усё, што мы страчваем у санкцыях эканамічна, Расея кампэнсуе і дае грошы. Санкцыі неабходныя, каб паставіць на месца Лукашэнку зь ягонай сыстэмай рэпрэсій. Але лічыць, што менавіта санкцыі вызваляць палітвязьняў – гэта ня ведаць сваёй гісторыі».
Цалкам гутарку з Аляксандрам Мілінкевічам глядзіце на відэа:
Форум