Моладзевую футбольную зборную Расеі не дапусьцілі да ўдзелу ў адборавым турніры да чэмпіянату Эўропы 2027 году, які пройдзе ў Сэрбіі і Альбаніі, паведамляе партал Sports.ru. З гэтай прычыны расейцы ня будуць удзельнічаць у футбольным турніры Алімпіяды-2028 у Лос-Анджэлесе, бо яго ўдзельнікі з эўрапейскага кантынэнту якраз павінны вызначыцца па выніках моладзевага Эўра-2027.
Згодна з правіламі Алімпіяды каманды, якія ўдзельнічаюць у футбольным турніры, практычна цалкам складаюцца з гульцоў ва ўзросьце да 23 гадоў. Якраз гульцам, якія бяруць старт у адборы Эўра, ня болей за 21 год, што і дыктуе Рэглямэнт, а да Алімпіяды ім будзе да 23 гадоў.
Расейскія спартоўцы адхіленыя ад большасьці міжнародных спаборніцтваў у адказ на поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Пад санкцыі трапілі футбольныя зборныя розных узростаў і полаў, а таксама клюбы. У нэўтральным статусе расейцы маюць права ўдзельнічаць у індывідуальных спартовых спаборніцтвах, у тым ліку ў Алімпіядзе, пры ўмове, што гэта дазваляе міжнародная фэдэрацыя дадзенага віду спорту і што яны не выказваліся ў падтрымку вайны і не зьвязаныя з войскам.
За апошнія тры гады больш за 200 расейскіх спартоўцаў зьмянілі або маюць намер зьмяніць спартовае грамадзянства, каб мець магчымасьць выступаць на міжнародных спаборніцтвах.
Што з зборнай Беларусі?
Што тычыцца моладзевай футбольнай зборнай Беларусі, то на яе, як і на беларускія клюбы, эўрапейская канфэдэрацыя УЭФА не накладае такіх санкцый, як на Расею. Адзінае — беларусам забаронена прымаць супернікаў у сваёй краіне, таму яны гуляюць на нэўтральных палях, то бок у іншых дзяржавах.
Лёсаваньне адборавага турніру да першынства Эўропы 2027 году адбудзецца 6 лютага ў швайцарскім горадзе Ньёне.
Моладзевая каманда Беларусі трапіла ў перадапошні, адзін з двух найслабейшых, кошык разам з камандамі Чарнагорыі, Босьніі і Герцагавіны, Кіпру, Латвіі, Літвы, Казахстану, Азэрбайджану і Люксэмбургу. Гэта азначае, што з названымі камандамі беларусы на кваліфікацыйным этапе не сустрэнуцца.
Форум