Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У амэрыканкі, якую вызвалілі ў Беларусі, было беларускае грамадзянства. Хто яна?


Анастасія Нюфэр
Анастасія Нюфэр

Свабода змагла ідэнтыфікаваць вызваленую амэрыканскую і, як выявілася, беларускую грамадзянку Анастасію Нюфэр і даведалася падрабязнасьці пра яе.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё паведаміў 26 студзеня ў сацыяльнай сетцы X (былы Twitter), што «Беларусь у аднабаковым парадку вызваліла невінаватую амэрыканку Анастасію Нюфэр». Па яго словах, гэта адбылося дзякуючы цяперашняму прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу.

Аляксандар Лукашэнка да гэтага заяўляў аб перамовах з прадстаўнікамі заходніх краін, але тэму перамоваў ніколі не ўдакладняў.

Імя вызваленай амэрыканкі ніколі не гучала ў публічнай прасторы. Акалічнасьці яе затрыманьня невядомыя і беларускім праваабаронцам — яе прозьвішча няма ў «Сьпісе палітвязьняў і асуджаных у палітычных крымінальных справах» на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна». Не фігуравала яна і ў дасяжным сьпісе затрыманых ва ўсіх краінах сьвету грамадзян ЗША.

Паводле інфармацыі, якую атрымала «Вясна», вызваленай грамадзянцы ЗША Анастасіі Нюфэр 48 гадоў.

У сацыяльных сетках мы знайшлі такую жанчыну, але пад імем Anastasia Putnam. Пра тое, што гэта можа быць адзін і той жа чалавек, сьведчыць сайт Simple Contacts: ён дае некаторую публічную інфармацыю пра людзей, якія пражываюць у ЗША. Менавіта на гэтым сайце пазначана, што жанчына зь імем Anastassia Nuhfer пражывае ў прыгарадзе Даласа, штат Тэхас. Разам зь ёю там зарэгістраваныя два яе 23-гадовыя сыны з прозьвішчам Putnam.

Anastasia Putnam зарэгістраваная адразу ў некалькіх сацыяльных сетках. Апошні допіс у іх быў зроблены 7 сьнежня 2024 году. Тут відаць, што Анастасія жыве ў ЗША, але рэгулярна наведвала Беларусь разам зь дзецьмі. У Беларусі ў яе пражывае сястра-блізьніца.

Анастасія Нюфэр
Анастасія Нюфэр

Гэтыя ж дадзеныя пацьвярджаюць і зьвесткі, атрыманыя Свабодай ад «Кібэрпартызанаў». Згодна зь імі, у жанчыны зь імем Анастасія Ўладзімераўна Нюфэр (у дзявоцтве Ражкова) ёсьць пашпарт грамадзянкі Беларусі сэрыі PP (выдаецца грамадзянам Беларусі, якія пастаянна пражываюць за мяжою), дзейны да 26 студзеня 2025 году. Яна нарадзілася ў Менску ў 1977 годзе. Маці — доктарка, бацька — прадпрымальнік. Сястра працуе ў мэдцэнтры ў Беларусі.

Паводле тых жа зьвестак ад «Кібэрпартызанаў», Анастасія скончыла пэдагагічны ўнівэрсытэт і ў 1995 годзе зьехала ў ЗША, дзе ў 1999 годзе ў штаце Арканзас выйшла замуж за грамадзяніна ЗША Патрыка Шона Патнэма. У іх нарадзіліся двое хлопчыкаў-блізьнятаў у 2002 годзе, якія таксама маюць і беларускае грамадзянства, а пасьля дачка.

У 2003 годзе скончыла Арканзаскі тэхнічны ўнівэрсытэт па профілі «Інфармацыйныя сыстэмы», а ў 2006-м — Унівэрсытэт Арканзаса па кіраваньні інфармацыйнымі сыстэмамі. З 2003 году працуе ў сфэры ІТ. Апошняя праца — сыстэмны адміністратар у будаўнічай і тэхналягічнай карпарацыі TDIndustries.

У 2013 годзе Анастасія выйшла замуж за іншага грамадзяніна ЗША, Джона Шэлдана Нюфэра. Менавіта пад гэтым прозьвішчам яна запісаная ў пашпарце цяпер.

Анастасія ўтрымлівае пансіянат для сабак у Даласе, як пазначана ў яе профілі ў Instagram. У тым жа горадзе мы знайшлі яе здымкі падчас валянтэрскай працы для грамадзкай некамэрцыйнай арганізацыі «Wegotcha!». Яны гатуюць ежу для людзей, якім патрабуецца дапамога, і сем’яў з хворымі дзецьмі.

Анастасія Нюфэр падчас валянтэрскай працы ў Даласе
Анастасія Нюфэр падчас валянтэрскай працы ў Даласе

Анастасія шмат падарожнічала па Беларусі. За апошнія гады пабывала ў Нясьвіскім і Косаўскім палацах, маёнтку Агінскіх у Залесьсі, наведвала Пінск, Вілейку, Заслаўе, Менск. А мінулы свой візыт у Беларусь, год таму, яна сумясьціла з паездкай у Санкт-Пецярбург і Карэлію.

Тады ж яна наведвала дэпартамэнт па грамадзянству і міграцыі ў Кастрычніцкім раёне Менска, дзе паведаміла аб іншым, небеларускім грамадзянстве. Пра гэта Анастасія зрабіла пост 3 студзеня 2024 года ў Facebook-суполцы «Беларусы ЗША. Разам лягчэй». Нагадаем, што з 11 ліпеня 2023 года гэта працэдура паведамленьня стала абавязковай пасьля прыняцьця абноўленага закону «Аб грамадзянстве».

За што затрымалі жанчыну ў Беларусі ў гэты прыезд, невядома. У сацыяльных сетках Анастасіі не відаць палітычнай актыўнасьці. У яе Instagram ёсьць толькі два захаваныя жартоўныя відэа, якія былі апублікаваныя на прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі рэсурсах «Беларусь головного мозга» і «Мая краіна Беларусь».

Летам 2020 году яна падчас актыўнай выбарчай кампаніі знаходзілася ў Беларусі.

Фота Анастасіі Нюфэр зь дзецьмі зьмешчана 7 жніўня 2020 году ў яе Інстаграме. На фота — Косаўскі палац
Фота Анастасіі Нюфэр зь дзецьмі зьмешчана 7 жніўня 2020 году ў яе Інстаграме. На фота — Косаўскі палац

13 кастрычніка 2020 году ў яе профілі ў Instagram было апублікаванае відэа з музыкам, які грае на цымбалах. На сьцяне за ім вісіць выбарчы плякат. Пост суправаджаўся подпісам: «Дзень выбараў у Беларусі. Падзеі таго дня і наступных дзён адсунулі гэтую цудоўную музыку на другі плян».

Пост Анастасіі Нюфэр, зроблены 13 кастрычніка 2020 году ў яе Інстаграме з подпісам: «Дзень выбараў у Беларусі. Падзеі таго дня і наступных дзён адсунулі гэтую цудоўную музыку на другі плян»
Пост Анастасіі Нюфэр, зроблены 13 кастрычніка 2020 году ў яе Інстаграме з подпісам: «Дзень выбараў у Беларусі. Падзеі таго дня і наступных дзён адсунулі гэтую цудоўную музыку на другі плян»

15 сакавіка 2022 году на старонцы Анастасіі ў Facebook ёсьць такі запіс: «Было нялёгка засяродзіцца на вучобе ў сьвятле падзей у маёй роднай краіне, якія наўпрост тычыліся мяне і маёй сям’і, але я справілася».

Гледзячы па сацыяльных сетках Анастасіі, затрыманьне магло здарыцца гэтай зімой са сьнежня па студзень. На гэты час ніякіх пастоў яна не рабіла.

Якраз у студзені 2025 году ў яе канчаўся пашпарт. Магчыма, жанчына прыехала мяняць яго ў Беларусь.

Амэрыканскае інфармацыйнае агенцтва Associated Press са спасылкай на Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША паведамляе, што Нюфэр затрымалі на пачатку сьнежня 2024 году. Раней у гэтым месяцы консульскі супрацоўнік з Вашынгтону атрымаў доступ да неназванага амэрыканскага зьняволенага ў Беларусі, што адзначана як рэдкі выпадак.

Былы высокапастаўлены беларускі дыплямат на ўмовах ананімнасьці паведаміў Associated Press, што арышт Анастасіі Нюфэр быў зьвязаны з пратэстамі ў 2020 годзе, але не раскрыў падрабязнасьцяў. Ён дадаў, што Лукашэнка сам прапанаваў вызваліць грамадзянку ЗША «ў якасьці жэсту добрай волі», адмовіўшыся пры гэтым вызваліць беларускіх апазыцыйных дзеячоў і праваабаронцаў.

Свабода спрабавала скантактавацца з Анастасіяй Нюфэр, ейнымі роднымі і калегамі. На момант публікацыі гэтага артыкула адказаў мы не атрымалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG