У Беларусі 26 студзеня прайшлі выбары прэзыдэнта. Паводле афіцыйных дадзеных, Аляксандар Лукашэнка атрымаў 86,82% галасоў выбарнікаў. Яўка склала 85,70%. Афіцыйная статыстыка сьцьвярджае, што ёсьць раёны, дзе яўка была вышэйшай за сярэднія лічбы. Напрыклад, у Лоеўскім раёне яна склала 98,31% — такія лічбы публікуе раённае выданьне «Лоеўскі край».
Яно ж апублікавала некалькі рэпартажаў, зробленых на выбарчых участках райцэнтру. У іх Свабода заўважыла жанчыну, якую можна пабачыць на здымках з розных участкаў. Яна аднолькава апранутая і стаіць ля скрыняў для галасаваньня з пашпартам у руках.
Публікацыю Свабоды падхапілі іншыя СМІ. Увечары 26 студзеня некаторыя зь іх паведамілі імя жанчыны — Сьвятлана Шумігай, супрацоўніца лоеўскай бібліятэкі. Як стала вядома Свабодзе, насамрэч на фота з лоеўскіх выбарчых участкаў Сьвятлана Макарава. Гэта пацьвярджаюць мясцовыя жыхары, якія апазналі жанчыну.
«На здымках мэдсястра нашай раённай лякарні. Мясцовыя прачыталі гэта ў „экстрэмісцкіх“ каналах і проста пасьмяяліся», — расказаў Свабодзе адзін з жыхароў Лоева.
Інфармацыю аб тым, што на фота «Лоеўскага краю» трапіла Сьвятлана Макарава, Свабодзе пацьвердзілі таксама ў арганізацыі былых сілавікоў BelPol і суполцы «Кібэрпартызаны».
Паводле іх, Сьвятлане Макаравай 50 гадоў. З 2003 году жанчына працуе мэдсястрой у раённай лякарні. Не замужам, мае дваіх дзяцей. Злачынстваў ці правапарушэньняў за Сьвятланай Макаравай не зафіксавана, апроч пратаколу па лініі ДАІ.
Па стане на вечар 26 студзеня на старонцы Макаравай у «Аднаклясьніках» апошняя актыўнасьць была 21 студзеня. У «сябрах» жанчыны ў гэтай сацсетцы Лоеўскі райвыканкам і ўжо згаданая газэта «Лоеўскі край». Яе асабістыя публікацыі былі прысьвечаныя ў асноўным сямейным застольлям, кветкам і хатнім гадаванцам. Удзень 27 студзеня допісы з акаўнта Макаравай былі выдаленыя. Спробу скантактавацца зь ёй праз сацсетку Сьвятлана Макарава праігнаравала.
Паводле беларускага заканадаўства, адзін і той жа грамадзянін Беларусі на любых выбарах і рэфэрэндумах можа прагаласаваць толькі аднойчы і на адным выбарчым участку, паўторнае галасаваньне забароненае. Сачыць за выкананьнем гэтага абавязаныя прадстаўнікі выбарчых камісій.
Форум