Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне адрэагавалі на заяву Лукашэнкі пра беларускіх міратворцаў


Украінскі дзяржаўны сьцяг і эмблема Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Украінскі дзяржаўны сьцяг і эмблема Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

«Ягоная заява сугучная з хлусьнёй расейскай прапаганды, што нібыта Захад і Ўкраіна, а не Расея, імкнуцца працягваць вайну», — падкрэсьлілі ў Цэнтры.

У Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны мяркуюць, што заявай аб беларускіх міратворцах Аляксандар Лукашэнка хоча палепшыць свой міжнародны імідж, а таксама зрабіць выгляд, што ён ня ўдзельнічае ў вайне Расеі супраць Украіны.

«Падобнымі заявамі Лукашэнка спрабуе стварыць уражаньне, нібыта Беларусь стаіць убаку ад вайны. Актыўная падтрымка расейскай арміі Беларусьсю ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну зрабіла Менск саўдзельнікам узброенай агрэсіі Расеі супраць нашай дзяржавы. Таму любыя заявы аб „беларускіх міратворцах“ гучаць абсурдна», — адзначаецца ў паведамленьні цэнтру.

Апроч таго, у Цэнтры адзначылі, што «міратворчая» рыторыка Лукашэнкі накіраваная на «паляпшэньне іміджу Лукашэнкі ў вачах міжнароднай супольнасьці».

«Таксама ягоная заява сугучная з хлусьнёй расейскай прапаганды, што нібыта Захад і Ўкраіна, а не Расея, імкнуцца працягваць вайну», — падкрэсьлілі ў Цэнтры.

На прэс-канфэрэнцыі 26 студзеня ў Менску Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускія міратворцы «былі б найлепшым варыянтам ва Ўкраіне», а таксама выказаў жаданьне ўдзельнічаць у мірных перамовах.

«Калі ў імя даверу і справядлівасьці, то, акрамя беларускага войска, у іх нічога няма. Гэта ня значыць, што я пашлю ў якасьці міратворцаў сваё войска туды — 70 тысяч — там іх выстраю. Але дзеля таго, каб было так, як дамовяцца, — гэта толькі беларускае (войска. — Рэд.). Іншых няма. Усе астатнія будуць цягнуць або на Захад, або на Ўсход», — заявіў Лукашэнка.

  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG