Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калюмбія пагадзілася прыняць з ЗША самалёты з дэпартаванымі суайчыньнікамі пасьля пагрозаў Трампа ўвесьці мыта


Густава Пэтра і Дональд Трамп
Густава Пэтра і Дональд Трамп

Калюмбія пагадзілася прыняць дэпартаваных грамадзян, адпраўленых на вайсковых самалётах ЗША, празь некалькі гадзін пасьля таго, як амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп прыгразіў адчувальнымі мытамі ў якасьці пакараньня за непадпарадкаваньне.

Прэзыдэнт Калюмбіі Густава Пэтра раней заяўляў, што будзе прымаць назад грамадзян толькі «з годнасьцю», напрыклад на цывільных самалётах, і завярнуў два амэрыканскія вайсковыя самалёты з рэпатрыяванымі калюмбійцамі.

Трамп, менш чым праз тыдзень на пасадзе, адрэагаваў і прыгразіў чацьвёртай па велічыні эканоміцы Лацінскай Амэрыкі санкцыямі ў памеры 25% мыта, якія хутка вырастуць да 50%, піша AFP.

Пэтра, вядомы левымі поглядамі, першапачаткова імкнуўся даць адказ і ўвесьці ўласныя мыты на амэрыканскую прадукцыю, але да канца нядзелі адступіў.

Міністар замежных спраў Калюмбіі Люіс Гільбэрта Мурыльлё на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што яго краіна «пераадолела тупік» і будзе прымаць грамадзян, якія вярнуліся.

У заяве Белага дому гаворыцца, што Калюмбія пагадзілася «неабмежавана прымаць усіх нелегалаў з Калюмбіі, вернутых са Злучаных Штатаў, у тым ліку на вайсковых самалётах ЗША, без абмежаваньняў і затрымак».

Пасьля гэтага Дональд Трамп заявіў, што прыпыніць увядзеньне тарыфаў.

Яшчэ раней было незразумела, як хутка Трамп зможа ўвесьці мыты ў дачыненьні Калюмбіі, гістарычна аднаго з найбліжэйшых хаўрусьнікаў Вашынгтону ў Лацінскай Амэрыцы, які мае пагадненьне аб свабодным гандлі са Злучанымі Штатамі.

Дзяржаўны сакратар Марка Рубіё, жонка якога калюмбійскага паходжаньня, прыпыніў выдачу візаў у амбасадзе ЗША ў Багаце і заявіў, што візы будуць ануляваныя для дзяржаўных чыноўнікаў Калюмбіі і іхных блізкіх сямейнікаў. Тады Белы дом заявіў, што візавыя меры застануцца ў сіле, пакуль у Калюмбію ня вернецца першы самалёт з дэпартаванымі.

Трамп таксама паабяцаў увесьці для калюмбійцаў больш пільны кантроль у аэрапортах ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG