Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сікорскі заявіў, што абраным прэзыдэнтам Беларусі зьяўляецца Ціханоўская і запрасіў яе разам ляцець у Брусэль


Радослаў Сікорскі і Сьвятлана Ціханоўская ў варшаўскім аэрапорце.
Радослаў Сікорскі і Сьвятлана Ціханоўская ў варшаўскім аэрапорце.

Міністар замежных спраў Польшчы, якая старшынюе ў Эўразьвязе ў першай палове 2025 году, Радослаў Сікорскі і беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская вечарам 26 студзеня разам паляцелі ў Брусэль на пасяджэньне кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краін Эўразьвязу.

У публікацыі на сваёй старонцы «Х» Сікорскі запрашае Ціханаўскую сесьці зь ім у самалёт і кажа:

«Лукашэнка арганізаваў сёньня выбарчы фарс, а мы ляцім у Брусэль з чалавекам, які сапраўды быў выбраны прэзыдэнтам. Спадарыня прэзыдэнт, сардэчна запрашаем».

Раней у той самы дзень Сікорскі іранічна выказаўся пра інтрыгу беларускіх выбараў: «Сёньня ў Беларусі „выбары“. Чаканьне таго, хто будзе аб’яўлены пераможцам, невыноснае».

У сваю чаргу, МЗС Беларусі (таксама ў «Х») адказаў Сікорскаму:

«Міністар, выбары ў Польшчы адбудуцца 18 траўня 2025 году, і толькі яны павінны вас хваляваць. Так што займайцеся праблемамі сваёй краіны і свайго народу, і „ня суньце свой нос куды ня трэба“, як толькі што сказаў прэзыдэнт Лукашэнка».

Апошняя заўвага адносіцца да выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі 26 студзеня. Ён у ліку іншага заклікаў Польшчу «гандляваць, зямлю араць і купляць трактары, а ня танкі» і «клапаціцца выбарамі ў сваёй краіне, а не беларускімі».

Згодна з папярэднім парадкам пасяджэньня рады міністраў замежных спраў краін ЭЗ, на вечар 26 студзеня заплянаваная вячэра ад імя вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Каі Калас, на якім будзе абмеркаваная сытуацыя ў Беларусі. На парадку дня асноўнага пасяджэньня 27 студзеня беларускага пытаньня пакуль няма.

26 студзеня Кая Калас і камісар у пытаньнях пашырэньня ЭЗ Марта Кос выступілі з сумеснай заявай, у якой адзначылі, што Эўразьвяз не прызнае сёлетніх выбараў у Беларусі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG