Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне галасаваньне 26 студзеня ў Беларусі назвалі «тэатрам аднаго актора»


Вярхоўная Рада Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Вярхоўная Рада Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

«Так званыя „выбары“ 26 студзеня павінны стаць апошняй праявай свавольля беларускага дыктатара, якога ўжо чакае лава падсудных у Гаазе, а над Менскам будзе лунаць бел-чырвона-белы сьцяг дэмакратычнай Беларусі», — сказана ў заяве дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

У міжфракцыйным дэпутацкім аб’яднаньні «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны назвалі галасаваньне 26 студзеня ў Беларусі «тэатрам аднаго актора, дзе галоўную ролю выконвае Аляксандар Лукашэнка і ягоныя паплечнікі, якія знаходзяцца ва ўладзе ўжо 30 гадоў».

«Замест разьвіцьця і стварэньня дэмакратычнай і прававой дзяржавы рэжым Лукашэнкі выбраў шлях збліжэньня зь іншай дыктатурай — Расеяй, што прывяло да поўнай страты Беларусьсю ўсялякай суб’ектнасьці і самастойнасьці. Замест свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі сёньня пануюць палітычныя рэпрэсіі, прыдушэньне пратэстаў і саўдзел рэжыму ў злачынстве агрэсіі супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве, якую распаўсюдзіла дэпутатка Ірына Герашчанка.

Украінскія дэпутаты нагадалі, што Лукашэнка даў Расеі доступ да тэрыторыі Беларусі для ажыцьцяўленьня ўварваньня і абстрэлаў, а таксама дапамагае Расеі выкрадаць украінскіх дзяцей.

Дэпутацкая група Вярхоўнай Рады Ўкраіны заклікала ўкраінскі ўрад не прызнаваць вынікі галасаваньня, разарваць дыпляматычныя, эканамічныя і іншыя сувязі з рэжымам Лукашэнкі, а таксама накіраваць свае высілкі на падтрымку палку Кастуся Каліноўскага, які змагаецца ня толькі за свабоду Ўкраіны, а і за будучыню Беларусі.

«Так званыя „выбары“ 26 студзеня павінны стаць апошняй праявай свавольля беларускага дыктатара, якога ўжо чакае лава падсудных у Гаазе, а над Менскам будзе лунаць бел-чырвона-белы сьцяг дэмакратычнай Беларусі», — сказана ў заяве дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Лукашэнка перавыбіраецца сёмы раз ва ўмовах палітычнага крызісу і шырокамаштабных рэпрэсій. Паводле міжнародных арганізацый, гэтыя выбары носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле апошніх зьвестак, апублікаваных ЦВК, яўка на выбарах склала ня меней за 81,50%.
  • У ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарцаў. Вынікі падліку галасоў за іншых кандыдатаў наступныя: Сяргей Сыранкоў — 3,21%, Алег Гайдукевіч —2,2%, Ганна Канапацкая — 1,86, Аляксандар Хіжняк — 1,74%. Супраць усіх прагаласавалі 3,6% удзельнікаў галасаваньня.
  • ЦВК заявіла, што апрацавала 100% бюлетэняў. Канчатковыя вынікі абяцаюць падвесьці 3 лютага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG