Прадстаўнікі Вугоршчыны і Славаччыны не сьпяшаюцца падпісваць супольны зварот краін-чальцоў Эўрапейскага Зьвязу адносна непрызнаньня прэзыдэнцкіх выбараў, якія маюць прайсьці ў Беларусі 26 студзеня. Гэта вынікае з інфармацыі, якую эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода/ Радыё Свабодная Эўропа Рыкард Юзьвяк атрымаў ад вартых даверу крыніц у Брусэлі.
У раньняй вэрсіі праекту заявы, які Свабода мае ў распараджэньні, ішлося пра «недэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары» ў Беларусі.
«Няўмольны і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій, парушэньні правоў чалавека, абмежаваньне палітычнага ўдзелу і доступу да незалежных СМІ ў Беларусі пазбавілі выбарчы працэс любой легітымнасьці», — гаварылася ў праекце заявы, якую рыхтуе Эўрапейская служба вонкавых спраў.
Таксама ў дакумэнце акцэнтавалася ўвага на далейшай падтрымцы беларускага народу, дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці, гучаў заклік да правядзеньня свабодных выбараў і вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.
Паводле нашай інфармацыі, Вугоршчына і Славаччына адмовіліся падпісваць першую вэрсію праекту заявы ад імя 27 краінаў — сябраў Эўразьвязу. Ня выключана, што яны адмовяцца ад подпісу і пад фінальнай вэрсіяй.
Гэтыя дзьве краіны не аднойчы выступалі супольна супраць пашырэньня санкцый супраць Расеі, павелічэньня эўрапейскай дапамогі Ўкраіне і інш.
22 студзеня прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз выступіў з заявай, у якой назваў «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы» праект заявы Эўрапейскай службы вонкавых спраў, якую яна плянуе зрабіць па выніках выбараў 26 студзеня і якая нібыта «трапіла ў распараджэньне МЗС».
- Сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Шэраг заходніх краін і інстытуцыяў ужо зрабілі заявы пра тое, што ня маюць намеру прызнаваць іх вынікі. На пасяджэньні 22 студзеня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Неабходнасьць дзеяньняў у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі».
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
- У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў абраць прэзыдэнтам новага чалавека.
- З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум