Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тады межаў яшчэ не было». Ручнік, зьвязаны зь Беларусьсю, унесьлі ў сьпіс нематэрыяльных каштоўнасьцяў Польшчы


 Этнографка Аліна Дэмбоўская-Янкевіч на выставе абрадавых ручнікоў
Этнографка Аліна Дэмбоўская-Янкевіч на выставе абрадавых ручнікоў

Свабода пагаварыла з дасьледчыцамі пра выгляд, ролю і сувязь зь Беларусьсю абрадавага ручніка, унесенага ў сьпіс нематэрыяльнай спадчыны Польшчы.

17 сьнежня 2024 году бельскі абрадавы ручнік унесьлі ў сьпіс нематэрыяльнай спадчыны Польшчы. Ініцыявала працэс этнографка Аліна Дэмбоўская-Янкевіч, якая дасьледавала абрадавыя ручнікі больш за 20 гадоў. Яна мяркуе, што ёй удалося «расчараваць» і «падняць з каленяў» гэтую культурную каштоўнасьць дзякуючы дасьледаваньням, варштатам, выставам, публікацыям. Бельскі ручнік стаў першым аб’ектам Падляскага ваяводзтва, які трапіў у нацыянальны сьпіс спадчыны Польшчы. Усяго там 107 пунктаў.

Вянчальныя абразы ляжаць на бельскім ручніку
Вянчальныя абразы ляжаць на бельскім ручніку

На абразах і на вянчаньні

Аліна Дэмбоўская-Янкевіч жыве ў Бельску Падляскім. Гэта горад у Польшчы за 50 кілямэтраў ад беларускай мяжы, які колькасьцю жыхароў можна параўнаць з Івацэвічамі.

Аліна Дэмбоўская-Янкевіч
Аліна Дэмбоўская-Янкевіч

Этнографка працавала ў мясцовым музэі. Дасьледавала ручнікі Бельскага павету ў яго старых межах. Да пачатку 1950-х гадоў Бельскі быў адным з найбольшых паветаў Падляшша. Пасьля яго падзялілі на Бельскі, Беластоцкі, Гайнаўскі, Сямяціцкі. Абрадавыя ручнікі сустракаліся на тэрыторыі ўсіх гэтых паветаў, кажа суразмоўца.

«Кожны, хто з Гарадка (мястэчка ў Беластоцкім павеце, каля якога 30 гадоў праходзіў фэстываль „Басовішча“. — РС) таксама можа атаясамліваць сябе зь бельскім ручніком. Сэнс быў у тым, каб паказаць зьяву, неяк яе назваць і ўшанаваць... Я падумала, ну чаму я мушу называць яго гайнаўскім, калі я зь Бельску і столькі тут працавала, старалася, і гэтая ініцыятыва была мая», — тлумачыць суразмоўца.

Адным з крытэраў каштоўнасьці ручніка дасьледчыца называе тое, што яго выкарыстоўвалі ў паўсядзённым жыцьці. Вешалі ў хатах, на абразы, каля царквы, слалі на падлогу на вянчаньні, сустракалі зь ім маладых.

Абрадавыя ручнікі на покуці
Абрадавыя ручнікі на покуці

«Гэта павінен быў быць жывы элемэнт нашай спадчыны і традыцыі. Ён тут быў, функцыянаваў. На бельскай зямлі гэты ручнік — жывая традыцыя», — тлумачыць назву Аліна Дэмбоўская-Янкевіч.

Яна адзначае, што ўжо ніжэй за рэгіён былога Бельскага павету, на поўдні гістарычнага Падляшша ручнікі або не сустракаюцца, або сустракаюцца спарадычна, або не функцыянуюць у жыцьці, культуры.

Бельскі ручнік
Бельскі ручнік

«Тады межаў яшчэ не было»

Бельскі ручнік адносіцца да славянскай, нават дахрысьціянскай традыцыі, тлумачыць Аліна Дэмбоўская-Янкевіч. Паводле яе, ён блізкі ня толькі беларускай традыцыі, але і ўкраінскай, літоўскай, латыскай, і нават фінскай, дзе жыве расейская меншасьць.

«Ён нам вельмі блізкі. І ён, вядома, зьвязаны зь Беларусьсю, зь беларускім народам, бо тады межаў яшчэ не было. У нас падобныя ўзоры, арнамэнты, калі казаць пра ткацтва. У вышыўцы арнамэнты чорна-чырвоныя або чорна-блакітныя... Гэта нашае супольнае дабро», — кажа яна.

Вінаград на ручніку
Вінаград на ручніку

У самым сьпісе аб’ект запісалі ў трох варыянтах: rucznik, rusznyk і ręcznik.

«Абрадавы ручнік быў вельмі важны для славян, для жыхароў гэтых Крэсаў, нашага памежжа», — кажа этнографка.

Аліна Дэмбоўская-Янкевіч таксама гаворыць, што ў Польшчы па-за Падляшшам людзі часта ня ведаюць пра існаваньне абрадавага ручніка, бо яго ніколі ня бачылі, бо ў іх дома не было. Яна зьвязвае гэта ў тым ліку з хутчэйшай індустрыялізацыяй Польшчы. На Падляшшы ж людзі даўжэй меліся ткаць дома самі.

Фальклярыстка зь Беларусі Алена Ляшкевіч кажа, што бельскія ручнікі зьвязаныя зь Беларусьсю, бо знаходзяцца на памежжы.

«У людзей на Падляшшы складаная тоеснасьць. У адной і той жа вёсцы можна знайсьці кагосьці, хто лічыць сябе беларусам, украінцам, падляшуком і палякам. Як вызначыць нацыянальнасьць ручнікоў? Хіба па нацыянальнасьці таго, хто іх зрабіў», — разважае суразмоўца.

Алена Ляшкевіч
Алена Ляшкевіч

Яна дадае, што ў канцы ХІХ стагодзьдзя людзі на Падляшшы больш атаясамлівалі сябе з рэлігійнай канфэсіяй, чым з нацыянальнасьцю: калі каталік, то паляк, калі праваслаўны, то рускі.

«Культурны арэал той самы, што ў беларускага тэкстылю. Узялі пад ахову ручнікі, вышытыя крыжыкам і гладзьдзю. Крыжык быў распаўсюджаны на тэрыторыі Расейскай імпэрыі або там, дзе прадаваліся расейскія тавары. Бракараўскія ўзоры (для вышыўкі) бралі з вокладак ад адэкалёну, ад мыла з фабрыкі „Бракар і Ко“. Крыжык уключае ручнікі ў арэал былой Расейскай імпэрыі», — расказвае Алена Ляшкевіч.

Акрамя крыжыка, беларускія і бельскія ручнікі яднае вышыўка гладзьдзю, працягвае суразмоўца. Гладзь — гэта спосаб вышыўкі, які зьявіўся хутчэй у міжваенны час, стаў папулярным пасьля Другой усясьветнай вайны.

Вышыты вянок на ручніку
Вышыты вянок на ручніку

Тканыя і вышываныя крыжыкам

Аліна Дэмбоўская-Янкевіч расказвае, што ўнутры Беларусі і на Падляшшы былі падобныя ўзоры, арнамэнты абрадавых ручнікоў. Да Першай усясьветнай вайны дамінавалі тканыя ручнікі. На абодвух канцах ручніка простыя геамэтрычныя арнамэнты чырвонага, сіняга, фіялетавага колеру.

«Самымі архаічнымі былі ручнікі, якія мелі на канцах чырвоныя палоскі рознай шырыні. Чатыры, пяць. Часам потым зьяўлялася вышыўка, напрыклад ініцыялы або вельмі далікатны ўзор», — расказвае дасьледчыца.

Ручнік на іконе ў каплічцы
Ручнік на іконе ў каплічцы

Таксама была распаўсюджаная вышыўка крыжыкам, кажа этнографка. Пасьля быў пэрыяд бежанства, калі многія жыхары Падляшша выехалі ў Расею, а потым вярталіся. Ручнікі сталі выкарыстоўваць не па прызначэньні: краілі іх на кашулі або пялюшкі.

«Вось і згубіліся гэтыя ручнікі, гэтыя ўзоры. А калі яны вярнуліся пасьля Першай усясьветнай вайны ў 1920-х гадах, у многіх людзей не было гэтых ручнікоў. А іх трэба было мець на вянчаньне, на покуць», — расказвае суразмоўца.

Бэз, півоні, хрызантэмы

Тады ж жанчыны сталі браць узоры з часопісаў для вышыўкі. Часта на ручніках таго пэрыяду можна сустрэць хрызантэмы, півоні, вінаград; для вясельляў — кветкі ў вянку або ў паўвянку, раскрытым уверсе. Часта вышывалі бэз, каліну, паўлінаў, дзьвюх птушак, павернутых адна да адной. Сустракаліся ініцыялы. У праваслаўных сем’ях іх вышывалі кірыліцай.

Бельскі ручнік
Бельскі ручнік

Узоры на абодвух канцах ручніка ў Бельску звычайна былі сымэтрычныя або ў адлюстраваньні, нават ініцыялы часам вышывалі быццам адлюстраваныя.

«А вось у ваколіцах Гарадка, Крынак ёсьць ручнікі, дзе на адным канцы, напрыклад, вялікая квяцістая галінка, а на другім — зусім іншы ўзор, вянок або паўвянок», — расказвае Аліна Дэмбоўская-Янкевіч.

Часам ручнікі ўпрыгожвалі карункамі
Часам ручнікі ўпрыгожвалі карункамі

Часам на ручніках можна сустрэць выпадковыя літары, якія не складаюцца ў словы. Дасьледчыца тлумачыць гэта тым, што некаторыя жанчыны былі непісьменныя і вышывалі літары ў любым парадку проста як узор.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG