Праект рэзалюцыі, які трапіў у распараджэньне Радыё Свабода, рашуча асуджае заплянаваныя на 26 студзеня прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, называючы іх «фальшывымі» за рэпрэсіўнае асяродзьдзе і адсутнасьць дэмакратычных стандартаў.
Дэбаты па праекце рэзалюцыі «Неабходнасьць дзеяньняў па барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі» павіны прайсьці 21 студзеня а 17 гадзіне. Галасаваньне чакаецца 22 студзеня.
Як зазначаецца ў дакумэнце, выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць пад знакам запалохваньня выбарнікаў, задушэньня незалежных СМІ і недапушчэньня дэмакратычных кандыдатаў.
Былы дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 17 студзеня заявіў, што «рэпрэсіўнае асяродзьдзе» ў Беларусі перашкаджае правядзеньню свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў.
У праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту зноў гаворыцца пра непрызнаньне прэзыдэнцтва Лукашэнкі і гучыць заклік да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў.
Рэзалюцыя таксама асуджае сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, задушэньне грамадзянскай супольнасьці і саўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, адначасова пацьвярджаючы падтрымку беларускага народу ў яго імкненьні да дэмакратыі і правоў чалавека.
У праекце рэзалюцыі таксама адзначаецца, што ў Беларусі ўтрымліваюць пад вартай больш за 1250 палітвязьняў, многія зь якіх сутыкаюцца з катаваньнямі, пагрозай для жыцьця, адмовай у мэдыцынскай дапамозе.
У рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што ў краіне працягваецца перасьлед грамадзкіх арганізацый, журналістаў, юрыстаў, рэлігійных лідэраў і палітычных актывістаў.
На мінулым тыдні беларуская дзяржаўная тэлекампанія АНТ выпусьціла сэрыю прапагандысцкіх фільмаў «Свабода слова» са зьняволенымі журналістамі Радыё Свабода.
Праект рэзалюцыі Эўрапарлямэнту заклікае краіны – сябры ЭЗ расьсьледаваць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі з выкарыстаньнем унівэрсальнай юрысдыкцыі, прававога прынцыпу, які дазваляе дзяржавам або міжнародным арганізацыям патрабаваць крымінальнай юрысдыкцыі ў дачыненьні да абвінавачанага незалежна ад таго, дзе было зьдзейсьнена злачынства; падтрымаць перадачу Літвой Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд пазову за злачынствы супраць чалавечнасьці; а таксама дакумэнтаваць і перасьледваць міжнародныя злачынствы, учыненыя рэжымам Лукашэнкі.
У праекце рэзалюцыі адзначаецца стойкасьць беларускіх дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасьці. Ён заклікае працягваць падтрымку з боку ЭЗ, уключаючы візы, стыпэндыі і гранты для беларусаў у выгнаньні; спрашчэньне візавых працэдур для асоб, якія ратуюцца ад перасьледу; і рэабілітацыйныя праграмы для палітвязьняў і іх сем’яў.
У праекце рэзалюцыі таксама пацвярджаецца падтрымка беларускіх дэмакратычных сілаў на чале з лідэркай апазыцыі ў выгнаньні Сьвятланай Ціханоўскай і заклікаецца да адзінства дэмакратычных рухаў.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум