Памілаваньне каля 1500 абвінавачаных у дзень інаўгурацыі выклікала абурэньне з боку заканадаўцаў, якія апынуліся пад пагрозай у выніку нападу 6 студзеня 2021 году, калі тысячы прыхільнікаў Дональда Трампа ўварваліся ў Капітолій і спрабавалі перашкодзіць Кангрэсу засьведчыць паразу Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе Джо Байдэну.
«Дональд Трамп адкрывае залаты век для людзей, якія парушаюць закон і спрабуюць зрынуць урад», — заявіў лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр.
Той напад быў выкліканы адмовай самога Трампа прызнаць сваю паразу, што ўпершыню ў гісторыі ЗША паставіла пад пагрозу мірную перадачу ўлады. Прыблізна 140 паліцэйскіх зазналі атакі падчас нападу на Капітолій, чатыры чалавекі загінулі падчас хаосу.
Сярод тых, хто павінен быць вызвалены, — лідэры ультраправых арганізацый Proud Boys і Oath Keepers. Некаторых зь іх асудзілі за мяцежную змову. Каля 40 мужчын са знакамі адрозьненьня Proud Boys абменьваліся абразамі з дэманстрантамі на вуліцах Вашынгтону падчас інаўгурацыі Трампа 20 студзеня, піша Reuters.
Па сьлядах падзей 6 студзеня крымінальныя абвінавачаньні былі выстаўленыя больш як 1500 іх удзельнікам, ня менш як 1100 чалавек былі асуджаныя, амаль 600 былі пакараныя турэмным зьняволеньнем. Да моманту падпісаньня ўказу Трампа ў зьняволеньні заставалася невялікая колькасьць асуджаных.
Памілаваньне ўдзельнікаў штурму стала толькі адным з шэрагу распараджэньняў, якія ён падпісаў пасьля цырымоніі інаўгурацыі ў Ратондзе ЗША, дзе чатыры гады таму ягоныя прыхільнікі чынілі сваволю.
Трамп таксама распачаў маштабныя захады ў сфэры іміграцыі, скараціў падтрымку энэргіі ветру і электрамабіляў і расчысьціў шлях для бурэньня нафты ў Арктыцы і марскіх раёнах. Таксама ён вывеў ЗША з Парыскага кліматычнага пагадненьня і Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Ён таксама адклаў забарону папулярнай праграмы TikTok, яна аднавіла сваю працу пасьля забароны, што сталася кароткачасовай.
Пры гэтым Трамп не адразу ўвёў мыта супраць Мэксыкі і Канады, як ён пагражаў зрабіць.
Форум