Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн прэвэнтыўна памілаваў сваю сям'ю і шэраг былых чыноўнікаў і кангрэсмэнаў, якіх рэзка крытыкаваў Трамп


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 20 студзеня памілаваў адстаўнога генэрала Марка Мілі, былога дарадцу ўраду ЗША ў пытаньнях COVID-19 Энтані Фаўчы, а таксама чальцоў Кангрэсу і супрацоўнікаў, якія ўваходзілі ў склад спэцыяльнага камітэту па расьсьледаваньні штурму Капітолію 6 студзеня 2021 году, гаворыцца ў заяве Байдэна, апублікаванай на сайце Белага дома.

Гаворка ідзе аб прэвэнтыўным памілаваньні, бо цяпер у дачыненьні да названых асобаў у ЗША не вядзецца крымінальнае расьсьледаваньне. Рашэньне Байдэна абараняе іх ад будучага перасьледу.

«Гэта выключныя абставіны, і я не магу з чыстым сумленьнем нічога не рабіць. Беспадстаўныя і палітычна матываваныя расьсьледаваньні разбураюць жыцьцё, бясьпеку і фінансавы дабрабыт людзей і іх сем’яў. Нават калі людзі не зрабілі нічога дрэннага, а насамрэч паступілі правільна і ўрэшце будуць апраўданыя, сам факт расьсьледаваньня або судовага перасьледу можа нанесьці непапраўную шкоду рэпутацыі і фінансам», — заявіў Джо Байдэн.

Усе, каго памілаваў Байдэн у апошнія гадзіны свайго прэзыдэнцтва, раней зазналі рэзкую крытыку з боку абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і ягоных прыхільнікаў.

Энтані Фаўчы на працягу дзесяцігодзьдзяў займаў пасаду дырэктара Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных захворваньняў (NIAID). У 2020 годзе ён адказваў за прыняцьце мераў ураду па барацьбе з канаранавірусам падчас прэзыдэнцтва Дональда Трампа, а потым у якасьці дарадцы прэзыдэнта Джо Байдэна. Правыя вінавацілі яго ва ўвядзеньні масачнага рэжыму і іншых мераў, якія «ўшчамляюць іх правы». Акрамя таго, Фаўчы абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта дапамог справакаваць пандэмію, ухваліўшы фінансаваньне кітайскіх навукоўцаў, якія, як лічыцца, бралі ўдзел у стварэньні каранавірусу. Улетку 2024 году ён даваў паказаньні ў Кангрэсе на слуханьнях аб паходжаньні каранавірусу.

Адстаўны генэрал арміі Марк Мілі займаў пасаду старшыні Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў пры першым прэзыдэнцтве Трампа. Дональд Трамп абвінавачваў яго ў дзяржаўнай здрадзе за невыкананьне ягоных распараджэньняў. У 2021 годзе зьявіліся паведамленьні, што Мілі нібыта таемна тэлефанаваў свайму кітайскаму калегу з прычыны асьцярогаў, што Трамп, які займаў тады пасаду прэзыдэнта, можа пачаць вайну з Кітаем. Прэс-служба Мілі пазьней абвергла гэта, заявіўшы, што ўсе ягоныя званкі «апрацоўваюцца, каардынуюцца і перадаюцца ў Міністэрства абароны і іншыя ведамствы». Мілі і Фаўчы называлі Трампа «фашыстам».

Для расьсьледаваньня штурму Капітолію 6 студзеня 2021 году Кангрэс ЗША заснаваў двухпартыйны спэцыяльны камітэт. Яго прадстаўнікі павінны былі расьсьледаваць і прадставіць справаздачу аб фактах, абставінах і прычынах здарэньня. У ліку памілаваных Байдэнам апынулася былая кангрэсвумэн Ліз Чэйні — рэспубліканцы заклікалі ФБР правесьці крымінальнае расьсьледаваньне ў дачыненьні да яе і да паліцыянтаў, якія далі паказаньні на слуханьнях спэцкамітэту.

Байдэн таксама прэвэнтыўна памілаваў сваіх сямейнікаў. «Мая сям’я падвяргалася няспынным нападам і пагрозам, матываваным выключна жаданьнем нашкодзіць мне — гэта найгоршы від партыйнай палітыкі. На жаль, у мяне няма прычын меркаваць, што гэтыя атакі скончацца», — сказаў Байдэн у заяве, апублікаванай падчас цырымоніі інаўгурацыі Дональда Трампа ў Капітоліі ЗША.

Трамп абяцаў памілаваць сваіх прыхільнікаў, якіх абвінавачваюць у справе аб штурме Капітолію. Абвінавачаньні ў датычнасьці да штурму Капітолію былі прадʼяўленыя больш як 1100 асобам. Каля 630 зь іх прызналі сябе вінаватымі паводле розных пунктаў абвінавачаньня, а 110 чалавек былі прызнаныя вінаватымі ў судовым парадку.

Джо Байдэн падкрэсьліў, што памілаваньне ягоных сямейнікаў, Мілі, Фаўчы і іншых «не павінна быць успрынятае як прызнаньне таго, што нехта зь іх учыніў якое-небудзь правапарушэньне, і не павінна быць успрынятае як прызнаньне віны за якое-небудзь злачынства».

На пачатку сьнежня 2024 году Байдэн таксама памілаваў свайго сына Гантэра, які чакаў прысуду па справе аб незаконным захоўваньні зброі і ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG