Па стане на 20 студзеня 2025 году праваабаронцам вядома пра сама меней 282 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы, паведамляе «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, сярод іх
- 81 чалавек — у цяжкім стане фізычнага здароўя,
- 8 чалавек маюць інваліднасьць,
- 35 чалавек, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто зь іх мае вялікія праблемы са здароўем),
- 12 чалавек — з мэнтальнымі разладамі,
- 30 шматдзетных маці і бацькоў,
- вядома пра сама меней 10 сем’яў, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Па стане на канец 2024 году праваабаронцам «Вясны» было вядома пра 224 чалавек, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы.
«Для людзей з пэўных уразьлівых групаў зьняволеньне апынаецца яшчэ большым выпрабаваньнем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя празь несвоечасова нададзеную дапамогу, адсутнасьць рэгулярных мэдабсьледаваньняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасьць патрэбных мэдычных сродкаў», — адзначаюць праваабаронцы.
«Вясна» распавядае пра людзей з уразьлівых групаў, якія сёньня знаходзяцца за кратамі.
Палітвязьні ў цяжкім фізычным стане
Стан актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Войніча дактары прызнаюць вельмі небясьпечным. Пасьля віруснага гепатыту ён мае цыроз пячонкі, цукровы дыябэт, пухліну і мноства зьвязаных з гэтым ускладненьняў. Яму патрэбная тэрміновая перасадка пячонкі, да арышту ён штомесяц наведваў трансплантоляга. У калёніі, куды яго накіравалі для адбыцьця 7-гадовага зьняволеньня, яго кідаюць у карцар, пазбаўляюць перадач і спатканьняў.
У 60-гадовага палітоляга Аляксандра Фядуты дыягнаставаная вострая сардэчная недастатковасьць, у СІЗА у яго здараліся прыступы стэнакардыі і арытміі. Яго асудзілі да 10 гадоў калёніі, адразу пасьля этапу ён трапіў у лякарню праз праблемы з сэрцам і ацёкі. Нягледзячы на цяжкі стан, ён абвясьціў мэдыцынскую забастоўку супраць абмежаваньняў на ліставаньне са сваякамі: пэўны час адмаўляўся прымаць пігулкі, безь якіх у яго мог здарыцца сардэчны прыступ. Восеньню 2022 году ягоная жонка распавядала, што праз праблемы з сэрцам Фядута ня можа ляжаць і нармальна спаць. У сьнежні 2024 году, амаль адразу пасьля этапу ў магілёўскую ПК № 15, палітвязень трапіў у бальніцу, бо абвастрыліся праблемы з сэрцам.
20-гадовы Мікіта Залатароў, асуджаны на 4,5 гады зьняволеньня, хварэе на эпілепсію, на адным з допытаў адразу пасьля затрыманьня яго забрала «хуткая», але пасьля рэанімацыі яго зноў вярнулі ў ізалятар. Хлопец распавядаў, што яго зьбівалі дубінкай кожны дзень. На судзе ён сказаў, што ў СІЗА яму не давалі таблетак, канваір тады сказаў: «Ты палітычны, здохнеш».
22-гадовы Арсені Майсейчык, асуджаны да 6 гадоў калёніі, хворы на лейкому, што патрабуе рэгулярнага кантролю лекарамі і штогадовага МРТ. Хлопцу забароненыя шмат якія фізычныя нагрузкі, аднак невядома, ці ўлічваецца гэта ў калёніі №17, дзе Арсені адбывае пакараньне.
У праваабаронцы Марфы Рабковай, якой у пачатку студзеня споўнілася 30 гадоў, праз жорсткія ўмовы ўтрыманьня імкліва пагаршаецца стан здароўя. Марфа мае праблемы з лімфавузламі і шчытападобнай залозай, а таксама, як і многія палітвязьні, праблемы з зубамі. Яе асудзілі на 14 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня.
Марыю Калеснікаву ў лістападзе 2022 году даставілі ў хірургічнае аддзяленьне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі і праапэравалі з прычыны прабадной язвы і пэрытаніту. Цяпер Марыя ўжывае мала ежы, бо харчаваньне з калёніі ёй не пасуе. Яна мае праблемы са здароўем у жаночай ПК-4 у Гомлі, праз гэта не працуе.
У палітзьняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк дыягнаставалі хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасьці. У яе болі ў страўніку і здараецца рэзкая страта вагі.
У Яўгена Бурло ў зьняволеньні здарыўся рэцыдыў захворваньня — у яго нэкроз тазабедраных суставаў. Сваякі палітвязьня зьвярталіся да кіраўніцтва СІЗА, каб ён мог атрымаць належнае лекаваньне, але там адмовілі. Яўген Бурло быў на мыліцах у час прысуду і нават ня мог устаць. Яго асудзілі да 8 гадоў калёніі. Вядома, што Бурло патрабуецца апэрацыя на хрыбце, яму абяцалі яе правесьці.
Дзянісу Сальмановічу ў калёніі зрабілі апэрацыю па выдаленьні жоўцевага пухіра. У яго таксама сур’ёзнае хранічнае захворваньне нырак — хранічны гломеруланефрыт.
Шмат у якіх палітвязьняў за кратамі імкліва пагаршаецца здароўе праз умовы ўтрыманьня, абвастраюцца хранічныя захворваньні, адзначаюць праваабаронцы. Сярод іх — жорстка зьбіты пры затрыманьні Раман Багнавец. У Сьцяпана Латыпава дыягнаставалі цынгу, у журналіста Дзяніса Івашына ўлетку 2021 году пачаліся праблемы з сэрцам, праваабаронца Уладзімер Лабковіч скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бяссоньне, пагаршэньне зроку, у супрацоўніка мытнай службы Яўгена Гурыновіча сур’ёзныя праблемы з хрыбетнікам, у Аляксея Галаўко хранічныя праблемы з носам, якія патрабуюць хірургічнага ўмяшальніцтва, у Ганны Кандраценк — псарыяз, які пасьля працы з сынтэпонам яшчэ больш пачаў прагрэсаваць, у Арцёма Баярскага пасьля 4-месячнага бесьперапыннага кашлю развілася недыягнаставаная алергія. Праблемы са здароўем, якія патрабуюць рэгулярнага дасьледаваньня, маюць таксама Мікіта Кунтыш, Ігар Мінц, Яўген Люльковіч.
Інваліднасьць
Уладзімір Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасьць другой групы (мужчына ня мае нагі). Яго асудзілі да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Ня мае нагі таксама Ігар Сідаровіч. Ігар Шумілаў, асуджаны да 4,5 гадоў зьняволеньня, мае інваліднасьць трэцяй групы. 10 гадоў таму ён трапіў у ДТЗ і страціў нагу, мае сур’ёзную праблему з правай рукой.
Інваліднасьць мае Аляксандар Кісель, які стаіць на ўліку ў псыхіятра ад нараджэньня. Яго накіравалі на прымусовае лекаваньне ў псыхіятрычны стацыянар.
Аксана Ляўшова мае захворваньне ног, ня можа самастойна перамяшчацца, мае інваліднасьць. Яе асудзілі да 2 гадоў калёніі.
Таксама інваліднасьць маюць архітэктар Аляксей Парэцкі, стрыечны брат прадстаўніка палка Каліноўскага Сяргей Франчук, мядзельскі экалягічны актывіст Станіслаў Таспаеў. Апошні таксама пакутаваў на анкалёгію, але апошнім часам быў у рэмісіі.
Анкалягічныя хваробы
Сама меней трое палітзьняволеных маюць анкалягічныя хваробы. Некаторыя трапілі ў зьняволеньне, ужо маючы такое захворваньне, у іншых яго выявілі пасьля затрыманьня. Іх стан пагаршаецца ў сувязі зь ненаданьнем належнай мэдыцынскай дапамогі і адсутнасьцю доступу да лекаў.
У 40-гадовага Руслана Слуцкага, асуджанага на 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, добраякасная пухліна галаўнога мозгу, а таксама моцныя болі ў сьпіне, празь якія ён часам ня мог устаць з ложку, аднак у шпіталізацыі яму адмаўлялі.
Палітвязьні сталага ўзросту
Сёньня за кратамі сама меней 35 чалавек у сталым узросьце. У іх шмат хваробаў, разьвіцьцё якіх правакуюць і без таго цяжкія ўмовы знаходжаньня ў зьняволеньні.
Палітзьняволеная Ірына Мельхер, асуджаная на 17 гадоў зьняволеньня, перанесла гіпэртанічны крыз, кожны дзень ейны стан пагаршаецца: яна мае праблемы з сэрцам, нэрвамі. У берасьцейскім СІЗА яна была на ляжачым рэжыме, але яе перавялі на верхнюю койку, адкуль яна не магла зьлезьці самастойна. Разам з тым жанчыне часта трэба было хадзіць у прыбіральню, бо яна мае праблемы з ныркамі.
У зьняволеньні на розныя хваробы пакутуюць і лідары незалежнага прафсаюзу РЭП. 66-гадовы Генадзь Фядыніч мае праблемы з сэрцам і дыябэт, яго асудзілі да 9 гадоў калёніі. 68-гадовы Вацлаў Арэшка, асуджаны на 8 гадоў калёніі, мае шэраг захворваньняў, у тым ліку — праблемы з вачыма, празь якія яму можа пагражаць сьлепата.
62-гадовая Галіна Дзербыш пакутуе на анкалёгію, мае другую групу інваліднасьці і праблемы з сэрцам. Яе стан здароўя ў зьняволеньні пагоршыўся, яна некалькі разоў губляла прытомнасьць. Неабходныя лекі ёй перадавалі або са спазьненьнем, або не аддавалі наогул. Яе асудзілі да 20 гадоў калёніі.
63-гадовы актывіст і краязнаўца Ўладзімер Гундар мае інваліднасьць другой групы. У яго няма адной нагі, аднак у СІЗА яму не дазволілі пакінуць пратэз, не перадавалі неабходныя лекі: высокі ціск справакаваў гіпэртанічны крыз. Акрамя таго, ён папрасіў перадаць у СІЗА больш моцныя акуляры і новыя таблеткі ад сэрца. Яго асудзілі да 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Гундара часта кідаюць у карцар, ён неаднаразова абвяшчаў галадаваньне.
67-гадовы філёзаф Уладзімер Мацкевіч, асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня, трымаў галадаваньне, падчас якога ў яго зьнізіўся ціск, нямелі рукі і ногі, адчувалася стомленасьць. У пачатку жніўня 2023 году палітвязьню зрабілі плянавую апэрацыю.
70-гадовы сьвятар Генрых Акалатовіч перанёс інфаркт, нядаўна яму зрабілі апэрацыю на страўніку ў сувязі з анкалягічным захворваньнем, ён мае патрэбу ў мэдыцынскім назіраньні і пастаянным прыёме лекаў.
68-гадовы Барыс Вітко зь Ляхавічаў, асуджаны на 7 гадоў і тры месяцы калёніі, мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі сукамэрнікаў, у яго таксама былі інсульты.
65-гадовы мастак Генадзь Драздоў перанёс два інсульты, яго зьмяшчалі ў ШЫЗА зімой 2023 году.
Да 4 гадоў калёніі асудзілі 63-гадовага Аляксея Міронава, да 14 гадоў — 67-гадовага Мікалая Статкевіча, які мінімум тройчы хварэў на каранавірус падчас зьняволеньня — на гэтым фоне ў яго разьвілося запаленьне лёгкіх, да 4,5 гадоў — 66-гадовую Алену Гнаўк. За кратамі знаходзіцца 72-гадовы палітзьняволены пэнсіянэр Васіль Дземідовіч, асуджаны на 7 гадоў калёніі. Ён зьяўляецца самым пажылым беларусам, уключаным КДБ у сьпіс «тэрарыстаў». За апошні год мужчына перажыў дзясяткі этапаў у цяжкіх умовах.
Праблемы псыхалягічнага кшталту
Паводле зьвестак праваабаронцаў, найстарэйшы з палітвязьняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёву, якога накіравалі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.
У Алены Маўшук, асуджанай да 6 гадоў калёніі, склаўся цяжкі дэпрэсіўны стан. Пачуўшы, колькі ёй запрасіў пракурор, жанчына напісала і паказала прысутным у залі суда: «Я павешуся».
Пасьля затрыманьня Юры Прахарэнка схуднеў на 35 кг, у яго назіраліся панічныя атакі, псыхасаматычныя разлады і дэпрэсія. Яго накіравалі на прымусовае лекаваньне ў псыхіятрычным стацыянары.
Сяргей Гуня і Максім Джуманіязаў зь дзяцінства маюць цяжкія псыхічныя захворваньні, праз гэта ім патрабуецца асаблівы догляд.
Вольга Іванчанка мае хваробу аўтыстычнага спэктру, Андрэй Сачэўка мае разлад асобы. З пэўнымі псыхалягічнымі праблемамі сутыкнуліся Ігар Карпіцкі, Юры Касьцюк, Віктар Барушка, Юры Кавалёў. Марыі Усьпенскай прызначылі прымусовае лекаваньне ў псыхіятрычным стацыянары.
Форум