Лінкі ўнівэрсальнага доступу

TikTok аднавіў працу ў ЗША пасьля кароткачасовага спыненьня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Папулярная сацыяльная сетка не працавала некалькі гадзін пасьля заканадаўчай забароны. Разабрацца з гэтым і скасаваць яе абяцаў абраны прэзыдэнт дзяржавы Дональд Трамп, які неўзабаве прыме прысягу.

TikTok аднавіў паслугі для карыстальнікаў у Злучаных Штатах пасьля таго, як 19 студзеня перастала працаваць як вынік фэдэральнай забароны.

Дональд Трамп заявіў, што плянуе загад, каб даць кітайскай мацярынскай кампаніі TikTok больш часу для пошуку пакупніка, перш чым забарона набудзе моц. Ён абвясьціў пра гэта ў сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.

У нядзелю ўдзень карыстальнікам прыйшло паведамленьне з падзякай Трампу за падтрымку, піша АР.

У TikTok заявілі, што закрылі плятформу позна ў суботу праз фэдэральны закон, які абавязваў мацярынскую кампанію ByteDance прадаць свае актывы ў ЗША да нядзелі. Google і Apple таксама выдалілі TikTok са сваіх лічбавых крамаў. Закон, які быў прыняты ў красавіку пры шырокай падтрымцы абедзьвюх партый, дазваляе ўводзіць вялікія штрафы.

У той час як кампанія, якая кіруе TikTok у ЗША, заявіла на сваёй старонцы ў X (колішнім Твітэры), што крокі, акрэсьленыя Трампам у нядзелю, забясьпечылі «неабходную яснасьць і гарантыю нашым пастаўшчыкам паслуг, што яны ня будуць пакараныя штрафамі».

У чым праблема з TikTok?

У TikTok неаднаразова адмаўлялі, што кітайская Кампартыя выкарыстоўвае кампанію для распаўсюду свайго ўплыву, і заяўлялі, што прыняты ў ЗША закон парушае правы карыстальнікаў на свабоду слова ў адпаведнасьці зь Першай папраўкай да амэрыканскай Канстытуцыі.

Яшчэ ў студзені 2023 году TikTok забаранілі ў 22 штатах ЗША. Кангрэс тады ўхваліў забарону сацсеткі на дзяржаўных прыладах праз асьцярогі за псыхічнае здароўе дзяцей і пагрозы кібэрбясьпецы.

Таксама з ЗША раней адзначалі, што існавалі спробы Кітая шпіёніць за амэрыканскімі журналістамі праз гэтую праграму.

Тым часам 19 студзеня забараніць TikTok у Эўропе заклікаў міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна. На ягоную думку, плятформа шырока распаўсюджвае дэзынфармацыю ў Эўропе, чым карыстаюцца дэструктыўныя сілы. Ён прывёў прыклад Румыніі, дзе спэцслужбы даказалі ўплыў Расеі на вынікі першага туру акурат праз TikTok. Прапаганда на плятформе дазволіла малавядомаму прарасейскаму кандыдату выйсьці ў другі тур, але вынікі скасавалі рашэньнем суду, калі даказалі незаконнае ўмяшаньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG