Артыкул «Легендарыум Толкіна» стаў 250 000-м артыкулам у Беларускай Вікіпэдыі. Артыкул напісаны новым удзельнікам, які далучыўся да праекту толькі 9 студзеня і займаецца напісаньнем артыкулаў на толкінаўскую тэматыку, паведаміла старонка Беларускай Вікіпэдыі ў фэйсбуку.
Далучыцца да працы па напаўненьні Беларускай Вікіпэдыі можа кожны, нагадваюць на старонцы.
Мінулы юбілей быў 31 сьнежня 2020 году, калі Вікіпэдыя па-беларуску пераадолела мяжу ў 200 000 артыкулаў.
Стабільна за год у беларускамоўным разьдзеле зьяўляецца каля 10 000 новых артыкулаў, а таксама паляпшаюцца старыя.
Першыя артыкулы па-беларуску ў Вікіпэдыі зьявіліся ў 2004 годзе. Адным з заснавальнікаў беларускай Вікіпэдыі стаў вэб-рэдактар Радыё Свабода Ўладзімер Каткоўскі.
У 2007 годзе адбыўся падзел Вікіпэдыі паводле правапісу, на «клясычны» і «афіцыйны». Клясычным правапісам створана звыш 88 тысяч артыкулаў.
Сярод суседзяў Беларусі менш за ўсё артыкулаў у Вікіпэдыі — на латыскай мове (каля 135,5 тысяч), каля 221 тысячы створана на літоўскай, на ўкраінскай звыш 1,3 млн, больш за 1,6 млн на польскай і на расейскай больш за 2 млн.
Форум