Арганізатарам злачыннай групоўкі, паводле зьвестак сьледзтва, зьяўляецца 30-гадовы грамадзянін Беларусі, які мае пасьведчаньне на права жыхарства ў Польшчы з 2017 года. Пра гэта паведамляе dev.by са спасылкай на выданьне Rzeczpospolita.
Міжнародная злачынная групоўка дапамагала замежнікам незаконна ўяжджаць у Польшчу на працягу 2022-2024 гадоў. Жадаючых набіралі праз Telegram.
Па інфармацыі Rzeczpospolita, дзейнасьць злачыннай групоўкі выкрылі выпадкова. Адзін з кліентаў, які хацеў атрымаць польскую візу, прадаставіў польскаму консулу ў Беларусі дакумэнты аб працаўладкаваньні ў адной з кампаній у Лодзі. У консула ўзьніклі сумневы, бо кампанія апынулася «мёртвай», як і іншая пад той жа назвай. Дыплямат праінфармаваў аб гэтым пагранічную службу. У выніку высьветлілася, што абедзьве кампаніі выдалі 321 запрашэньне для працаўладкаваньня, хаця па факце не вялі ніякай дзейнасьці і не маглі нікога наймаць на працу.
Падчас далейшага расьсьледаваньня ў Лодзі і Беластоку былі выяўлены шэсьць фіктыўных кампаній, якія выдалі больш за 2 тысячы запрашэньняў. Па гэтых дакумэнтах можна было падавацца на польскія візы, у тым ліку гасьцявыя, адукацыйныя, а таксама візы па праграме PBH.
Кошт паслугі па афармленьні віз PBH складаў 700 даляраў за сям’ю з двух дарослых і дзіця. Мяркуецца, што такія візы атрымала прынамсі 30 фіктыўных айцішнікаў.
Агулам жа толькі адзін з падазраваных зарабіў на гэтай схеме больш за 20 тысяч даляраў.
Для атрыманьня адукацыйных візаў групоўка афармляла фальшывыя запрашэньні зь неіснуючых адукацыйных устаноў.
Цяпер абвінавачанымі па крымінальнай справе праходзіць больш за 100 чалавек, зь іх сямёра арыштаваны. Восем чалавек, у асноўным беларусаў і ўкраінцаў, лічаць непасрэднымі ўдзельнікамі арганізаванай групоўкі.
Форум