Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапаганда паказала палітвязьня Юрася Зянковіча, не згадаўшы, што ён асуджаны


Юрась Зянковіч у верасьні 2024 году.
Юрась Зянковіч у верасьні 2024 году.

Увечары 17 студзеня на дзяржаўным беларускім тэлеканале АНТ паказалі чацьвёртую частку прапагандысцкага фільма пад назвай «Свабода слова» пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь».

Сёньня ў 20-хвілінным роліку паказалі беларускага палітыка і амэрыканскага адваката Юрася Зянковіча, якога затрымалі ў красавіку 2021 году і ў верасьні 2022 году асудзіла на 11 гадоў зьняволеньня. Зянковіча таксама распытвалі пра Радыё Свабода.

У адрозьненьне ад журналістаў Андрэя Кузьнечыка, Ігара Лосіка і Ігара Карнея, якіх паказалі ў папярэдняй сэрыі, і якія былі апранутыя як зьняволеныя, Юрась Зянковіч быў апрануты ў пінжак і адпрасаваную кашулю, сядзеў у цёплым пакоі ў мяккім фатэлі, перад ім на століку стаяў кубак кавы. На відэа Зянковіч выглядае схуднелым, але менш, чым у верасьні, калі былоў паказаны сюжэт зь яго ўдзелам. Тады ён быў у турэмнай уніформе, і сюжэт, верагодна, здымаўся ў сьледчым ізалятары КДБ.

У цяперашнім сюжэце за акном пакоя, за тонкімі шторамі, відаць, як па вуліцы праяжджаюць аўтамабілі. Выданьне «Наша Ніва» піша, што для цяперашняга сюжэту Зянковіча здымалі, падобна, у гатэлі «Эўропа», бо мэбля менскага гатэля падобная да той, што ў кадры АНТ.

Адказу на пытаньне, які цяпер статус у Зянковіча, у сюжэце АНТ няма. Ён быў прадстаўлены, як амэрыканскі адвакат, палітоляг і экспэрт.

Гутарка зь Зянковічам выйшла ў праекце, аўтар якога — прапагандыст Андрэй Аляксандраў (Козел), вядомы тым, што разам зь сілавікамі езьдзіць на палітычныя затрыманьні апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Аднак сама Аляксандраў быў у сюжэце ня побач зь Зянковічам, а ягоных пытаньняў у кадры не было.

У ранейшых трох сэрыях прапагандысцкага фільму Аляксандраў задаваў пытаньні Андрэю Кузьнечыку, Ігару Лосіку і Ігару Карнею ў дворыку СІЗА КДБ. На зямлі быў відаць сьнег, вакол краты і турэмныя сьцены.

Радыё Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньняў, невядома якім чынам атрыманых ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.

  • Юрась Зянковіч — беларускі палітык, амэрыканскі юрыст. Разам зь іншымі фігурантамі «справы змоўцаў» яго затрымалі ў красавіку 2021 году. Пасьля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта перадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама што «раскрылі дзяржаўны пераварот». Зянковіч — адзіны зь пяці абвінавачаных у гэтай справе, хто заключыў дамову зь сьледзтвам. Ён цалкам прызнаў сваю віну і не адмаўляў, што быў арганізатарам змовы. Таксама ён папрасіў прабачэньня ў саўдзельнікаў.
  • Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 357 («змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім»), ч. 3 арт. 361 («публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады») і ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»). У верасьні 2022 году Юрыю прысудзілі 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Праз тры месяцы палітвязьня судзілі ўжо ў новай крымінальнай справе. Тады Зянковіча абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Падставаю сталі «абразьлівыя камэнтары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім». У сьнежні 2022 году суд Мядзела дадаў яму яшчэ паўгода зьняволеньня.

Перасьлед Ігара Лосіка

Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазьней яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. Цягам 41 дня (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021 году) Ігар трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкула ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.

14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў ягонай справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах.

18 кастрычніка 2022 году сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.

Пасьля прысуду Ігара Лосіка ўтрымліваюць у Наваполацкай калёніі № 1. Шмат месяцаў ён правёў у памяшканьні камэрнага тыпу, неаднаразова яго пасылалі ў штрафны ізалятар. Праваабаронцам стала вядома, што ў сакавіку 2023 году Ігар у адказ на прэсінг з боку адміністрацыі калёніі лязом парэзаў сабе руку і шыю.

Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было ня менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвіталіся з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па ліку абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Вядома, што апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году.

Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзьняволенымі. Рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адвольных затрыманьнях прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы яго за краты.

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

25 лістапада 2021 году журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка затрымалі каля дому, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Спачатку яму двойчы прысудзілі па 10 сутак арышту нібыта за «дробнае хуліганства», а 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. Сям’я і грамадзкасьць даведаліся пра сутнасьць абвінавачаньня толькі праз паўгода пасьля затрыманьня.

8 чэрвеня 2022 году Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Сваёй віны Андрэй Кузьнечык не прызнаў. За дзень да затрыманьня ён напісаў своеасаблівы маніфэст, у якім патлумачыў сваё рашэньне застацца ў Беларусі, нягледзячы на пагрозы.

У верасьні 2022 году МУС уключыла Кузьнечыка ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці». Праваабаронцы прызналі яго палітзьняволеным.

Перасьлед Ігара Карнея

Журналіст, былы карэспандэнт Радыё Свабода Ігар Карней быў затрыманы ў Менску 17 ліпеня 2023году.

22 сакавіка 2024 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і пакараў 3 гадамі зьняволеньня і грашовым штрафам у памеры 20 тысяч рублёў.

Вярхоўны суд пакінуў прысуд журналісту бяз зьмены.

У чэрвені 2024 Ігара Карнея для адбыцьця пакараньня перавялі ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове.

13 сьнежня Ігара Карнея пакаралі яшчэ 10 месяцамі зьняволеньня. Новы суд адбыўся ў Шклове. Карнея абвінавацілі паводле 411 артыкулу КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

Перасьлед Радыё Свабода

  • У жніўні 2020 году ўлады Беларусі заблякавалі доступ да сайта Радыё Свабода і яшчэ больш як да 40 выданьняў на тэрыторыі краіны. Журналістаў Беларускай службы Радыё Свабода пазбавілі акрэдытацый.
  • У ліпені 2021 году сілавікі ўварваліся ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе, сканфіскавалі тэхніку.
  • 3 сьнежня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску па матэрыялах ГУБАЗіК МУС Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода — Беларусь», яе аналягі ў сацыяльных сетках і на відэагостынгу YouTube экстрэмісцкімі матэрыяламі.
  • 23 сьнежня 2021 году МУС Беларусі прызнала «групу грамадзян, якія аб’ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы „Радыё Свабода“», экстрэмісцкім фармаваньнем, фактычна крыміналізаваўшы дзейнасьць мэдыяарганізацыі, яе журналістаў і аўдыторыі.
  • Згодна зь міжнароднай арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў», у сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь за год апусьцілася на 10 пазыцый і цяпер займае 167-ы радок сярод 180 краінаў сьвету.
  • Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 42 прадстаўнікі незалежных мэдыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG