Як паведамілі ў Міністэрстве моладзі і спорту Ўкраіны, кіраўнік ведамства Мацьвей Бедны, прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Вадзім Гутцайт і прэзыдэнт Усеўкраінскай фэдэрацыі стральбы з лука Аляксандар Нікалаеўскі падпісалі супольны ліст на імя кіраўніка міжнароднай фэдэрацыі пасьля таго, як арганізацыя дазволіла спартоўцам з Расеі ва ўзросьце да 21 году ўдзельнічаць у спаборніцтвах.
Спартовыя чыноўнікі Ўкраіны паведамілі некалькі фактаў, на падставе якіх патрабуюць працягнуць абмежаваньні. У прыватнасьці, у лісьце адзначаецца, што ўсе расейскія спартоўцы ўваходзяць у склад клюбу ЦСКА, зьвязанага з арміяй Расеі, і ім фінансуюцца. Апроч таго, украінскія чыноўнікі адзначылі, што расейская фэдэрацыя праводзіла спаборніцтвы на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыяй з удзелам спартоўцаў з так званай ЛНР. Гэта, паводле іх, зьяўляецца парушэньнем прынцыпаў Алімпійскай хартыі і Міжнароднай фэдэрацыі па стральбе з луку.
«Гэтыя парушэньні зьяўляюцца асабліва абуральнымі, улічваючы агрэсію Расеі, задакумэнтаваныя зьверствы супраць украінскага мірнага насельніцтва і незаконную акупацыю сувэрэннай украінскай тэрыторыі», — падкрэсьлілі ўкраінскія чыноўнікі.
У сваім лісьце ўкраінскія чыноўнікі нагадалі аб рашэньні Выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту, што спартоўцы, якія працуюць на кантракце з расейскімі і беларускімі вайскоўцамі або спэцслужбамі, ня могуць удзельнічаць у спаборніцтвах. У той жа час канкрэтная інфармацыя аб беларускіх спартоўцах у лісьце адсутнічае.
Раней Міжнародная фэдэрацыя дужаньня зьмякчыла крытэры допуску беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў.
28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапушчаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынята да выкананьня, гэтак расейскі і беларускі спорт апынуліся амаль у поўнай ізаляцыі.
25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі на падставе пашпарта».
Форум