«Мы [беларускія вайскоўцы. — РС] будзем удзельнічаць», — сказаў Рагожнік.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на паседжаньні Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы» ў Менску ў сьнежні 2024 году заявіў, што на парад запрошаныя вайсковыя разьлікі зь Беларусі.
Таксама ў парадзе Перамогі ў Маскве возьмуць удзел вайскоўцы з КНДР, паведаміў японскі тэлеканал NHK. Паводле ягоных зьвестак, гэта будуць «дзясяткі паўночнакарэйскіх вайскоўцаў», і рашэньне аб гэтым ужо прынятае. Адзначаецца, што гэта першы выпадак, калі Пхэньян адпраўляе сваіх вайскоўцаў у Расею для ўдзелу ў такіх мерапрыемствах.
15 студзеня міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў паведаміў, што на парад Перамогі на Краснай плошчы запрошаныя воінскія часткі з 19 «дружалюбных» краін і 10 зь іх ужо пацьвердзілі свой удзел. Якія менавіта краіны, ён не ўдакладніў.
Паведамленьні пра тое, што салдаты з КНДР бяруць удзел у ваенных дзеяньнях супраць Украіны на баку Расеі, пачалі зьяўляцца ў кастрычніку 2024 году. ЗША ў канцы кастрычніка паведамлялі, што ў Курскай вобласьці Расеі ўжо знаходзяцца каля васьмі тысяч салдат з Паўночнай Карэі. Нацыянальная служба выведкі Паўднёвай Карэі заяўляла, што КНДР прыняла рашэньне адправіць у Расею 12 тысяч салдат, уключаючы падразьдзяленьні спэцыяльнага прызначэньня.
- Падразьдзяленьні арміі КНДР па дамове з Расеяй удзельнічаюць на яе баку ў вайне супраць Украіны. Паўночнакарэйскія вайскоўцы, паводле зьвестак, якія паступалі да гэтага часу, знаходзяцца ў Курскай вобласьці Расеі, куды ўкраінскія войскі ўвайшлі на пачатку жніўня 2024 году. Цяпер там працягваюцца баі.
- У ГРУ Мінабароны Ўкраіны раней паведамілі, што першыя падразьдзяленьні вайскоўцаў з КНДР прыбылі ў зону баявых дзеяньняў расейска-ўкраінскай вайны 23 кастрычніка 2024 году. Пасьля ў ГУР заявілі, што ў Расеі каля 12 тысяч вайскоўцаў КНДР.
- У канцы сьнежня 2024 году агенцтва Yonhap са спасылкай на Аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі паведамляла, што беззваротныя страты КНДР у расейска-ўкраінскай вайне склалі 1100 чалавек. Паводле зьвестак паўднёвакарэйскай выведкі, Пхэньян, верагодна, рыхтуецца адправіць у Расею дадатковыя войскі і вайсковую тэхніку.
- Аналіз зьвестак выведкі паказвае, што Паўночная Карэя рыхтуецца альбо да ратацыі, альбо да павелічэньня колькасьці сваіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў Расеі, гаворыцца ў заяве.
- У NATO рашуча асудзілі пашырэньне вайсковага супрацоўніцтва паміж Расеяй і КНДР. У альянсе падкрэсьлілі, што адпраўленьне паўночнакарэйскіх войскаў на вайну ва Ўкраіну — небясьпечная эскаляцыя, і што гэта парушае рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН.
- Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль падчас візыту ў Кіеў 9 лістапада 2024 году таксама адзначыў, што прысутнасьць паўночнакарэйскіх войскаў на фронце становіць дадатковую пагрозу, і падкрэсьліў неабходнасьць дыпляматычнага ціску на Пхэньян.
- Некалькі дзён таму ўлады Ўкраіны паведамілі пра захоп у палон параненых паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў у часе баёў у Курскай вобласьці Расеі.
Форум