Украіна і Вялікая Брытанія падпісалі пагадненьне аб 100-гадовым партнэрстве.
Дамова прадугледжвае ўзмацненьне вайсковай супрацы ў справе марской бясьпекі праз новую структуру для ўзмацненьня бясьпекі Балтыйскага, Чорнага і Азоўскага мораў і стрымліваньня расейскай агрэсіі, якая працягваецца.
Апроч таго, дакумэнт прадугледжвае навукова-тэхнічную супрацу ў такіх галінах, як ахова здароўя, сельскагаспадарчыя тэхналёгіі, космас і бесьпілётныя лятальныя апараты.
Прадугледжваецца таксама ўвядзеньне сыстэмы вэрыфікацыі збожжа, каб адсачыць перамяшчэньне збожжа, выкрадзенага Расеяй з акупаваных украінскіх тэрыторый.
Дамова ўключае дзевяць асноўных кірункаў і прадугледжвае выкарыстаньне «інавацый і стойкасьці, якія прадэманстравала Ўкраіна, абараняючыся ад расейскай агрэсіі».
Дакумэнт таксама зафіксаваў пазыцыю Вялікай Брытаніі як прыярытэтнага партнэра Ўкраіны ў энэргетыцы, стратэгіі крытычна важных прыродных выкапняў і экалягічнай вытворчасьці сталі.
«Нельга недаацэньваць моц нашай шматгадовай дружбы. Падтрымка Ўкраіны ў яе абароне ад барбарскага ўварваньня Расеі і адбудовы квітнеючай і сувэрэннай будучыні — жыцьцёва важныя для асновы бясьпекі гэтага ўраду і нашага пляну зьменаў», — пракамэнтаваў дакумэнт прэм’ер Вялікай Брытаніі Кір Стармэр, які знаходзіцца зь візытам ва Ўкраіне.
Візыт адбываецца на тле паведамленьняў брытанскай прэсы, што Кір Стармэр і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон пачалі абмяркоўваць магчымасьць адправіць брытанскіх і францускіх вайскоўцаў ва Ўкраіну як міратворцаў пасьля дамоўленасьцяў аб спыненьні вайны паміж Расеяй і Ўкраінай.
Форум