Шмат нэгатыву ў Counter Strike, «дзявочая» The Sims, сэксізм у кампутарных клюбах. Свабода пагаварыла зь беларускамі, якія захапляюцца кампутарнымі гульнямі і сутыкаюцца там з пагардлівым стаўленьнем з боку мужчын.
Сфэра кампутарных гульняў даўно перастала быць дзіцячай забаўкай. Там круцяцца вялікія грошы, бюджэты папулярных праектаў могуць сягаць дзясяткаў мільёнаў даляраў. Прыбыткі — перавышаць сотні. У сфэры задзейнічаныя самыя сучасныя тэхналёгіі, як з галіны праграмаваньня, так і з боку вытворцаў «жалеза». Аднак паводзіны саміх геймэраў часам застаюцца надзвычай патрыярхальнымі. Свабода пагаварыла з чатырма геймэркамі каб даведацца, дзе больш сэксізму — у рэальным жыцьці ці ў віртуальнай прасторы.
«Найбольш мяне раздражняе пытаньне „Жанчына?“»
Аліна, 31 год. Выкладчыца ангельскай мовы. Пяць гадоў таму купіла свой першы гульнявы кампутар і пачала адрывацца «шмат і сур’ёзна». У дзяцінстве дзяліла кампутар зь дзьвюма сёстрамі, таму гуляла толькі пэрыядычна. Гуляе ва ўсё. Сярод любімых — Skyrim, Civilization, Baldur's Gate. Любіць гуляць зь іншымі людзьмі, як мінімум зь сябрамі. Праводзіць за гульнявым кампутарам каля 4 гадзінаў на дзень.
«У мяне зьявілася магчымасьць гуляць толькі ў даволі сталым узросьце. Каб яна была раней, каб быў у дзяцінстве добры гульнявы кампутар, то я б раней гуляла. У мяне заўсёды была вялікая любоў да відэагульняў, схільнасьць да гэтага. Мне неяк, напэўна, не пашанцавала, што раней не было такой магчымасьці.
Мае сябры нармальна ставяцца да майго захапленьня. Асабліва тыя, хто сам гуляе. Сярод родных ёсьць тыя, хто сам не гуляе. Як яны ставяцца, цяжка сказаць. Нейкіх такіх размоваў не было. Але мне здаецца, што мая матуля думае, што гэта нейкае дзіцячае захапленьне. Некалькі маіх сябровак вельмі нэгатыўна ставяцца да таго, што іхныя мужы гуляюць. Іх можна зразумець — гульні забіраюць шмат часу.
Ці бывае нэгатыў у віртуальнай прасторы? Ну ў цэлым я, папраўдзе, ня вельмі люблю там раскрываць тое, што я дзяўчына. Ёсьць такое. Вам мала хто зь дзяўчат-геймэрак скажа, што яны не хаваюць свайго полу ў гульнях. Хіба што гэта нейкая актывістка, стрымэрка. Або проста не задумваецца пра такое. Большасьць дзяўчат не раскрываюць свой пол у гульнях, таму што ня хочуць сутыкацца з таксычнасьцю, хэйтам, дурнымі пытаньнямі. Мяне найбольш раздражняюць нават ня нейкія пытаньні сэксісцкія, а проста вокліч зьдзіўленьня: «Жанчына?!» Гэта найбольш раздражняе. Самае ідыёцкае, што можа быць.
Аднойчы мужчына з Брытаніі ў гульнявым чаце мне напісаў:
«Я не магу зразумець, ты дзяўчына ці хлопчык? Але ў мяне бываюць нікнэймы і жаночыя ў некаторых гульнях. Хаця мянушкі не выклікаюць непрыемных сытуацый звычайна. Гэтага больш, калі ў галасавым чаце пачынаеш размаўляць.
Прыніжэньня паводле полавай прыкметы ў гульнях больш, чым у рэальным жыцьці. Там гэта неяк сканцэнтравана. Я вось раней не задумвалася пра гэта, але яно так. Гэта частка вялікай праблемы, праблемы таксычнасьці. Я ведаю, што калі я сяду гуляць у онлайн-гульню і буду там нешта гаварыць, я дакладна атрымаю нэгатыў у свой адрас. Ледзьве не на кожную фразу сваю я буду атрымліваць сэксісцкі камэнтар. Гарантавана. У рэальным жыцьці такога ўсё ж менш.
У жыцьці я агрызаюся ў адказ. Не такі чалавек, які проста вельмі моцна пакрыўдзіцца. Адказваю адразу ж. Тым ня менш у гульнях не заўсёды я маю жаданьне штосьці даказваць мужчынам. Калі мяне там хтосьці называе „Жанчына“, я увогуле не адказваю нічога. Мне 31 год ужо, больш эмацыйная рэакцыя, відаць, у маладзейшых.
Мне думаецца, жанчыны хацелі б проста роўнага стаўленьня да сябе. Каб іх не вылучалі як жанчын у гульнях. І ўвогуле нідзе».
«У Counter Strike і Dota я не хаджу»
Вольга, 35 гадоў. Мэнэджарка. Гульнявы стаж — 20 гадоў. Гуляе са школьнага ўзросту, калі дома зьявіўся першы кампутар. Лічыць сябе інтравэрткай, што таксама называе прычынай асаблівай любові да віртуальнай прасторы. Гуляе кожны дзень каля гадзіны на кампутары, у перапынках на працы гуляе на тэлефоне. Зараз захопленая гульнёй Dead by Daylight, шмат гуляе ў The Texas chain saw massacre.
«Я гуляю онлайн зь іншымі людзьмі. Але гэта ня людзі з усяго сьвету. Гульні маюць свае сэрвэры, дзе сабраны гульцы з пэўных геаграфічных рэгіёнаў. З суседніх краін людзі там. Палякі, расейцы. Бываюць часам амэрыканцы, кітайцы, але ў асноўным суседзі, такі дыяпазон.
Ці сутыкаюся я з сэксізмам у віртуальнай прасторы? Ну вось канкрэтна ў гульні Dead by Daylight даволі вялікі адсотак дзяўчат, мне здаецца. Нават калі па стрымах паглядзець. Там 20-30% гульцоў дзяўчаты, калі ня больш. Таму я, напэўна, там больш паводле нацыянальнай прыкметы адчуваю нейкі дыскамфорт, чым паводле полавай. Людзі, калі бачаць расейскамоўных гульцоў, могуць выйсьці. Ня хочуць гуляць. Ёсьць такія праблемы. За свой пол я там не сутыкалася з прыніжэньнямі.
У іншых гульнях бывае асаблівае стаўленьне. Напрыклад, у мяне здаралася і так, што хтосьці дапамагаў у гульні менавіта таму, што я дзяўчына. У гульнях часта можна выбраць сабе пэрсанажа. Хочаш мужчынскага, хочаш жаночага. Калі гуляеш дзявочым, то да цябе і ставяцца, як да дзяўчыны. Але гэта не такія гульні агрэсіўныя, як той жа Counter Strike, Dota. Там шмат нэгатыву, то я ў тыя гульні і не хаджу. Магчыма, таму не сутыкаюся з мужчынскай агрэсіяй.
У віртуальнай прасторы людзі менш стрымліваюцца, чым у рэальным жыцьці. Гэта праяўляецца ў паводзінах. Людзі, якія выбіраюць сабе агрэсіўныя ролі ў гульнях, паводзяць сябе таксычна. Такое ёсьць. Так могуць сябе паводзіць і тыя, хто павінен нібы гуляць у камандзе. Нутро праяўляецца часта. У гульнях раскрываецца нутро чалавека, тое, што ў ім схавана глыбока».
«Тыя, хто займаецца цкаваньнем, не адчувае, што будуць наступствы»
Eri Kurayami, 36 гадоў. Праграмістка. Гуляе з 4 гадоў, першую прыстаўку падарыў бацька. У гульні штодня праводзіць па некалькі гадзінаў. Любіць невялікія незалежныя праекты. Камфортнай гульнёй называе The Sims, у якую гуляе, «калі сілаў няма больш ні на што». Апрача гэтага, любіць квэсты, але агулам ня мае абмежаваньняў у жанрах. Цэніць у гульнях цікавыя гісторыі і незвычайныя сюжэты. Мае ўласны Twitch-канал, дзе стрыміць гульні і камунікуе зь іншымі геймэрамі.
«У нас з мужам ёсьць сталае кам’юніці сяброў, зь якімі мы разам гуляем. Плюс калі я пачала займацца стрымінгам, то пазнаёмілася зь іншымі стрымэрамі. Там можна пакамунікаваць. Гледачы ўвесь час пішуць.
Я не магу сказаць, што часта сутыкаюся з сэксізмам і харасмэнтам з боку мужчын у гульнях. Але калі не сутыкаюся я, гэта ня значыць, што не сутыкаюцца іншыя жанчыны. Мне здаецца, што канкрэтна беларускае гульнявое кам’юніці стрымэрскае даволі шчыльнае, у нас неяк прасьцей з гэтым. Усе ведаюць адно аднаго, паводзяць сябе адпаведна. Калі б і хацелі, то стрымліваюцца.
Але і ў інтэрнэце, і ў гульнях людзі часта сутыкаюцца з цкаваньнем. Бо тыя, хто ім займаецца, не адчуваюць, што будуць нейкія наступствы. Усё ананімна, нічога ня будзе. Я асабіста не сутыкаюся з сэксізмам і харасмэнтам у гульнях. Хаця стэрэатыпы ўсё адно ёсьць. Падчас нейкіх размоваў я чула, вядома, іх. Маўляў, дзяўчаты і гуляць ня ўмеюць, і калі гуляюць, то ня ў тыя гульні. А тое, у што мы гуляем, гэта ўвогуле ня гульні.
Існуе думка, што ў тыя гульні, якія падабаюцца дзяўчатам, гуляць сорамна. Пануе нават такое меркаваньне, я б сказала. Тыя ж самыя The Sims. Іх прынята не любіць. Але дзяўчат шмат цяпер сярод геймэраў. І ў беларускай супольнасьці таксама. Стрымэрак шмат. Калі ўзяць нашую кампанію, зь якой мы гуляем шмат гадоў, у нас 50 на 50 прыблізна. Я сама гуляю ва ўсе гульні. Люблю чорны гумар, для мяне няма жаночых і мужчынскіх гульняў.
У рэальным жыцьці я таксама не сутыкаюся зь нейкім неразуменьнем. Маці мая нармальна ставіцца. Але вось ейныя сяброўкі ўжо могуць нешта сказаць. Нават сярод маіх аднагодкаў можна такое нешта пачуць — што я займаюся нечым дзіцячым.
Я не заўважыла такога, каб дзяўчаты ў гульнях стараліся хавацца за мужчынскімі нікнэймамі. Або нэўтральнае нешта, або дзявочае выбіраюць. У мяне, праўда, вось таксама нэўтральная мянушка. Хаця мне здавалася, што яна дзявочая, але, як выявілася, іншыя думаюць іначай».
«Хто ты такая, што ты тут робіш?»
Сьвятлана, 30 гадоў. Працуе ў сфэры SMM. Гуляе з 4-гадовага ўзросту, першая прыстаўка — 8-бітная SEGA. Пачынала яшчэ ў дзіцячым садку, лічыць сябе геймэркай з тых часоў. Цяпер гуляе ў асноўным на гульнявым кампутары. Мае таксама Nintendo Switch. Пад настрой гуляе штодзённа па некалькі гадзін у будныя дні, на выходных увогуле ўвесь дзень. Гульні часам стрыміць для іншых. З адносна новага любіць Hell Divers 2, Dragon Age The Veilguard.
«Я гуляю з хлопцамі, але са знаёмымі. Даверу да чужых ужо няма і я не настолькі маладая, каб трываць гэта ўсё. Што я маю на ўвазе? Сэксізм. Ашалелы сэксізм у гульнявой сфэры. Я не хачу сказаць, што ўсе мужчыны такія, але гэтага даволі шмат. У мяне даўно не было выпадкаў, калі хтосьці прыніжаў ці заляцаўся. Але я проста цяпер гуляю ў каапэратыўныя гульні выключна са сваімі знаёмымі. Бо калі гуляць з рандомнымі, то заўсёды ёсьць шанец нарвацца на абаронцу мужчынаў, які лічыць, што ў гульні могуць гуляць толькі хлопцы. Што ёсьць гульні толькі для дзяўчатак і гульні толькі для хлопчыкаў. Што дзяўчаты могуць гуляць толькі ў The Sims, а ва ўсім астатнім разьбірацца проста ня могуць. Гэта крыўдна, вядома.
З геймэрскім сэксізмам я сутыкалася яшчэ ў гульнявых клюбах, пасьпела яшчэ застаць іх. Памятаю, што штораз, калі я туды прыходзіла, усе хлопцы ставіліся да мяне пагардліва. «Хто ты такая, што ты тут робіш, ты дзьвярыма памылілася?» Я хадзіла ў розныя, у кожным новым клюбе мне даводзілася даказваць, атрымліваць «рэспэкт». Мне гэта, з аднаго боку, было весела. А з другога — нікому з хлопцаў, якія таксама прыходзілі ў гэтыя клюбы, не даводзілася праходзіць празь нешта падобнае. Даказваць, што яны чагосьці вартыя.
Здаралася такое, што мы пачыналі гуляць у Counter Strike па сетцы і ў момант, калі я кагосьці там прыгожа забівала, то толькі тады бачыла ў вачах хлопцаў своеасаблівы рэспэкт. Пастаянна было такое. Накшталт таго, што калі ты носіш майку зь Nirvana, то давай назаві ўсе іхныя песьні. Апытвалі мяне пастаянна, каб высьветліць, ці я нешта разумею. Ня толькі ў сфэры гульняў, нават пра «жалеза» маглі нешта спытаць. Правяралі такім чынам, ці я нечага вартая. Цяпер я разумею, што гэта абсалютная фігня. Тады было забаўна.
Але я працягваю гуляць. Я разумею, што ня ўсе хлопцы такія. У мяне ёсьць браты. Яны ніколі да мяне не чапляліся наконт гульняў. З малодшым мы абсалютна на роўных гулялі. Але калі заходзіш у онлайн-гульню і сутыкаесься там з сэксізмам, то хочацца выйсьці адразу.
Чаму такое існуе, я ня ведаю дакладна. У відэагульнях усе роўныя. Там мужчыны ня маюць фізычнай перавагі. Але ў большасьці кібэрспартовых камандаў усё ж няма дзяўчат. Хоць гэта ня той спорт, які павінен падзяляцца на мужчынскі і жаночы. Магчыма, так склалася таму, што ў сфэры праграмаваньня цяпер большасьць — мужчыны, хоць пачыналася яна як жаночая. З праграмаваньня гэта перайшло і на відэагульні. Такі сабе закрыты клюб для хлопчыкаў. І як толькі туды захацелі зайсьці жанчыны, яны сутыкнуліся з пагардай. Маўляў, яны ўсё сапсуюць. Тое самае, што з гаражом для аўтамабіля, куды жанчынам нібы нельга заходзіць».
Форум