Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны ацаніў намаганьні Расеі фактычна анэксаваць Беларусь і стратэгічныя пагрозы гэтага для Захаду


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Сочы, 2023
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Сочы, 2023

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) падрыхтавалі даклад «Ціхае заваяваньне Расеі: Беларусь», у якім аналізуюць пагрозы гэтага палітычнага працэсу для ЗША, NATO і Ўкраіны.

Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Крэмль знаходзіцца ў фінале стратэгічных намаганьняў, якія адбываліся цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў, дэ-факта анэксаваць Беларусь, а гэта павялічыць вайсковыя і эканамічныя магчымасьці Расеі для дасягненьня яе рэваншысцкіх геапалітычных мэтаў супраць ЗША і NATO.

«Намаганьні Масквы дэ-факта анэксаваць Беларусь праз саюзную дзяржаву, хоць і не завершаныя, ужо дасягнулі значных посьпехаў, што патрабуе ад NATO пераацэнкі наступстваў узмацненьня кантролю Расеі над Беларусьсю, а таксама патэнцыялу і рэсурсаў, якія Расея можа выкарыстоўваць супраць ЗША, NATO і Ўкраіны», — адзначаецца ў дакладзе.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што Беларусь — ня проста хаўрусьнік Расеі.

«Крэмль ператварае Беларусь у стратэгічны фактар, які дазваляе Расеі праецыраваць уладу ва ўсім сьвеце. Крэмль будзе выкарыстоўваць свае нядаўнія, але глыбока ўкаранёныя дасягненьні ў Беларусі, каб кампэнсаваць выдаткі ад працяглай вайны супраць Украіны, паскорыць аднаўленьне Расеі пасьля вайны і дапамагчы ёй падрыхтавацца да будучых войнаў хутчэй, чым Расея магла б зрабіць гэта самастойна. Палітыкі павінны пачаць плянаваць будучыню, у якой Беларусь будзе не толькі паняволенай нацыяй, але і фактычна працягам Расейскай Фэдэрацыі», — адзначаецца ў дакладзе ISW.

Паводле экспэртааў, Крэмль імкнецца дэ-факта анэксаваць Беларусь, фармалізуючы саюзную дзяржаву як фэдэратыўную ўладу пад дамінаваньнем Расеі.

«Гэта ўключае ў сябе ўсталяваньне поўнага апэратыўнага і адміністрацыйнага кантролю над Узброенымі сіламі Беларусі ў мірны час і пастаяннае базіраваньне расейскіх войскаў у Беларусі, палітычны саюз з фэдэратыўным урадам пад дамінаваньнем Крамля з агульным наборам федэральных законаў і інстытутаў для беларусаў і расейцаў, якія будуць кіравацца як адзіная дзяржава; і цалкам інтэграваная эканоміка з агульнымі рынкамі, свабодным ператокам працоўнай сілы, адзінымі законамі і валютным саюзам. Крэмль, хутчэй за ўсё, плянуе выкарыстоўваць насельніцтва Беларусі ў 9,155 мільёна чалавек, геастратэгічную тэрыторыю Беларусі на ўсходнім флянгу NATO і эканамічныя рэсурсы Беларусі на службе расейскай дзяржаўнай улады», — адзначаецца ў дакумэнце.

У справаздачы ISW разглядаюць тры асноўныя напрамкі дзеяньняў Крамля датычна Беларусі — інтэграцыя ў вайсковай, палітычнай і эканамічнай сфэрах.

«Пажаданы Крамлём пакет інтэграцыйных захадаў з Беларусьсю настолькі шырокі і ўсёабдымны ў шматлікіх адносінах, што цяжэй вызначыць, што Масква ня будзе кантраляваць у Беларусі ў выпадку посьпеху, чым пералічыць, што Масква будзе кантраляваць», — мяркуюць экспэрты.

Згодна з дакумэнтам, хоць фактычная анэксія Беларусі яшчэ не завершаная, але яна знаходзіцца на прасунутай стадыі і ўжо дасягнула этапаў, якія ствараюць пагрозу бясьпецы для Злучаных Штатаў, NATO і Ўкраіны, а таксама пагрозу існаваньню Беларусі як суверэннай дзяржавы.

«Расеі ня трэба рабіць нейкія дадатковыя інтэграцыйныя ўзмацненьні ў Беларусі, каб пагражаць Захаду. Існуючы набор ваенна-палітычных і эканамічных інтэграцыйных дасягненьняў Расеі ў Беларусі з 2020 году ўжо стварае пагрозы для Захаду, якія палітыкі павінны ўлічваць», — падсумавалі экспэрты.

Раней экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны неаднаразова з 2020 году канстатавалі ў сваіх справаздачах, што Аляксандар Лукашэнка працягвае супраціўляцца спробам Крамля інтэграваць Беларусь у межах «саюзнай дзяржавы».

Што такое «саюзная дзяржава»

Аляксандар Лукашэнка ў сярэдзіне 1990-х пачаў прасоўваць ідэю так званай «саюзнай дзяржавы», калі Расею ачольваў Барыс Ельцын, якога ў Расеі на той момант лічылі слабым прэзыдэнтам. Шмат СМІ пісалі, што Лукашэнка зьбіраўся на яе падмурку «стаць гаспадаром маскоўскага Крамля».

2 красавіка 1996 году Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі пагадненьне «аб стварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі», якое праз год трансфармавалі ў пагадненьне аб саюзе Беларусі і Расеі, а 8 сьнежня 1999 году падпісалі ўжо пагадненьне аб стварэньні саюзнай дзяржавы.

Пасьля гэтага некалькі краін заяўлялі аб сваім намеры далучыцца да гэтага саюзу: Малдова ў 2001 годзе, калі прыэздэнтам быў Уладзімір Варонін, у 1999-м прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошэвіч, у Кыргістане апазыцыя ў 2007 годзе спрабавала ініцыяваць рэфэрэндум аб далучэньні да саюзнай дзяржавы.

У траўні 2023-га Лукашэнка прапанаваў Казахстану далучыцца да гэтай арганізацыі, каб мець ядзерную зброю. Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што «па заслугах» ацаніў жарт Лукашэнкі і сказаў, што ягонай краіне ядзерная зброя не патрэбная.

21 лютага 2024 году кіраўнік непрызнанай Абхазіі Аслан Бжанія заявіў аб гатоўнасьці ўступіць у саюзную дзяржаву, але ўжо ў сьнежні таго ж году гэты палітык вымушаны быў сысьці ў адстаўку пад ціскам апанэнтаў якраз за намеры павялічыць у рэгіёне ўплыў Расеі пры дапамозе інвэстыцыйнага пагадненьня.

У так званай «саюзнай дзяржаве» створаныя саюзны парлямэнт, Савет Міністраў, Вышэйшы дзяржаўны савет.

У 2020 годзе размовы пра інтэграцыю дзьвюх краін адышлі на другі плян на тле палітычнага крызісу ў Беларусі і масавых пратэстаў супраць дзейнай улады. Да інтэграцыйных размоў вярнуліся ў 2021 годзе: ужо ў верасьні апублікавалі і падпісалі ўсе 28 «дарожных мапаў» інтэграцыі.

Сярод іншага, у «дарожных мапах» прапісваліся канкрэтныя крокі, якія патрабавалі зьмены беларускага заканадаўства, а менавіта:

• Інтэграцыя плацежных сыстэмаў,
• Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў, што да адсочвальнасьці тавараў,
• Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў маркіроўкі тавараў,
• Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў транспартнага кантролю дзяржаўных кантрольных органаў,
• Фармаваньне аб’яднаных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў,
• Фармаваньне аб’яднанага рынку электрычнай энэргіі,
• Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі,
• Уніфікацыя заканадаўства ў сфэры турысцкай дзейнасьці.

Пасьля падтрыманага ўладай Беларусі расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Расея актывізавала «саюзныя дамоўленасьці», найперш, у вайсковай сфэры — у 2022 годзе на беларускай тэрыторыі пачалі фарміраваць Рэгіянальную групоўку войскаў, а з 2023 году пачалі рэалізоўваць пляны аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі.

У канцы студзеня 2024 году бакі зацьвердзілі новы інтэграцыйны пакет на 2024–2026 гады, які прадугледжвае 120 мерапрыемстваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG