Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне за незаконнае перасячэньне мяжы затрымалі і выдварылі двух братоў-беларусаў


На ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота
На ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

Пра інцыдэнт, што адбыўся ўвосень 2024 году, стала вядома з апублікаванага 13 студзеня судовага рашэньня. Затрыманыя казалі, што зьбіралі грыбы.

Двух братоў, беспрацоўных грамадзян Беларусі, затрымалі летась увечары 11 кастрычніка ў сяле Дзянісавічы Кіеўскай вобласьці.

Гэты населены пункт знаходзіцца ў чарнобыльскай зоне Ўкраіны і з 1999 году зьняты з уліку, бо ў 1993 годзе яго жыхароў канчаткова перасялілі ў іншы раён Кіеўскай вобласьці.

Ад Дзянісавічаў тры кілямэтры да беларускай мяжы і 35 кілямэтраў да бліжэйшай памежнай заставы.

Пры затрыманьні браты заявілі, што выпадкова трапілі на тэрыторыю Ўкраіны, бо «хадзілі ў лес для збору грыбоў у раён населенага пункту Аляксандраўка» (што ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці. — РС).

Судзьдзя да гэтага тлумачэньня паставіўся крытычна, бо Аляксандраўка і тое месца, дзе іх знайшлі ўкраінскія памежнікі, у розных баках. У выніку іх прымусова выдварылі, паставілі забарону на пяць гадоў наведваць Украіну і ў іхную адсутнасьць асудзілі на максымальны штраф, прадугледжаны Кодэксам Украіны аб адміністрацыйных правапарушэньнях, — па 13600 грыўняў кожнаму (прыблізна 340 даляраў у эквіваленце. — РС). Дадаткова беларусы мусяць сплаціць яшчэ 605 грыўняў судовага збору.

У дакумэнце не ўдакладняецца месца жыхарства беларусаў. Вядома, што адзін зь іх атрымліваў пашпарт у Мазырскім раёне, а другі — у Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці.

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня зь беларускай тэрыторыі ў лютым 2022 году Ўкраіна закрыла ўсе пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Цяпер на беларуска-ўкраінскай мяжы працуе толькі адзін пункт пропуску «Макраны — Даманава», якія выконвае функцыі гуманітарнага калідора — празь яго могуць прайсьці пешшу толькі грамадзяне Ўкраіны, якія вяртаюцца з расейскай акупацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG