Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржпрапаганда паказала зьняволенага журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка і анансавала відэа з Ігарам Лосікам

абноўлена

Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык за кратамі з 25 лістапада 2021 году. Архіўнае фота
Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык за кратамі з 25 лістапада 2021 году. Архіўнае фота

На дзяржаўным беларускім тэлеканале АНТ паказалі прапагандысцкі фільм пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь».

Увечары 14 студзеня на тэлеканале АНТ паказалі першую сэрыю прапагандысцкага фільму пад назвай «Свабода слова». У 12-хвілінным роліку паказалі журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка, якога затрымалі 25 лістапада 2021 году.

На відэа Андрэй выглядае моцна схуднелым. Гутарыць зь ім прапагандыст Андрэй Козел. Гутарка запісвалася ў турэмных умовах, але дзе дакладна — невядома: відаць, што зьверху падае сьнег, вакол — краты і турэмныя сьцены. Імаверна, гэта сьледчы ізалятар КДБ у Менску, сумавядомы як «Амэрыканка».

Андрэй апрануты ў куртку і шапку, гаварыў спакойным голасам, але выглядаў стомленым. У канцы прапагандысцкага сюжэту паказалі, як Андрэя Кузьнечыка канваююць і трымаюць ля сьцяны пад вартай.

Радыё Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньні, невядома якім спосабам атрыманыя ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.

У канцы відэа далі анонс наступнай сэрыі фільму прапагандыстаў, у якім паказалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка.

Як вынікае з праграмы АНТ на гэты тыдзень, у іншых сэрыях таксама плянуюць паказаць былога журналіста Свабоды Ігара Карнея і беларускага палітыка Юрася Зянковіча, фігуранта так званай «справы змоўцаў».

25 лістапада 2021 году Андрэя Кузьнечыка затрымалі каля дому, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Спачатку яму двойчы прысудзілі па 10 сутак арышту нібыта за «дробнае хуліганства», а 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. Сям’я і грамадзкасьць даведаліся пра сутнасьць абвінавачаньня толькі праз паўгода пасьля затрыманьня.

8 чэрвеня 2022 году Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Сваёй віны Андрэй Кузьнечык не прызнаў. За дзень да затрыманьня ён напісаў своеасаблівы маніфэст, у якім патлумачыў сваё рашэньне застацца ў Беларусі, нягледзячы на пагрозы.

У верасьні 2022 году МУС уключыла Кузьнечыка ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Андрэй знаходзіцца ў Наваполацкай папраўчай калёніі № 1. Дома журналіста чакаюць жонка Алеся і дзеці — 4-гадовы Мацьвей і 10-гадовая Яніна.

Перасьлед журналістаў Свабоды

Журналіста Свабоды Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазьней дадалі яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. На знак пратэсту журналіст абвяшчаў бестэрміновую галадоўку.

14 сьнежня 2021 году судзьдзя Мікалай Доля на закрытым працэсе, які праходзіў у СІЗА, прысудзіў Лосіку 15 гадоў пазбаўленьня волі.

3 сьнежня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску па матэрыялах ГУБАЗіК МУС Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода — Беларусь», яе аналягі ў сацыяльных сетках і на відэагостынгу YouTube экстрэмісцкімі матэрыяламі.

23 сьнежня 2021 году МУС Беларусі прызнала «групу грамадзян, якія аб’ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы „Радыё Свабода“», экстрэмісцкім фармаваньнем.

У жніўні 2020 году ўлады Беларусі заблякавалі доступ да сайта Радыё Свабода і яшчэ больш як да 40 выданьняў на тэрыторыі краіны. У Беларусі сайты гэтых СМІ адкрываюцца праз VPN.

  • Згодна зь міжнароднай арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў», у сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь за год апусьцілася на 10 пазыцый і цяпер займае 167-ы радок сярод 180 краінаў сьвету.
  • Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 35 журналістаў і прадстаўнікоў незалежных мэдыя, у тым ліку журналісты Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык і Ігар Лосік.
  • Найбольшыя тэрміны — ад 10 гадоў пазбаўленьня волі — з 2020 году атрымалі 6 чалавек: Ігар Лосік — 15 гадоў, Андрэй Аляксандраў — 14, Дзяніс Івашын — 13, Людміла Чэкіна — 12, Марына Золатава — 12, Валерыя Касьцюгова — 10.
  • Акрамя таго, да журналістаў, якія зьехалі зь Беларусі, ужывалі працэдуру спэцыяльнага вядзеньня, каб судзіць іх. Сярод завочна асуджаных — Павал Марыніч, Юры Дракахруст, Ганна Любакова, Уладзімер Хільмановіч, Андрэй Павук, Антон Матолька, Ігар Казмерчак, Алесь Кіркевіч.
  • Практычна ўсе незалежныя мэдыя і мэдыяарганізацыі ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: «Белсат», БелаПАН, «Эўрарадыё», TUT.BY, Kyky.org, «Наша Ніва», Радыё Свабода, «Хартыя’97», «Флагшток», Hrodna.life, Volkovysk.by, «Маланка Медыя», «Бобруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, «МОСТ», «Люстэрка», «Ранак», Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, «Tribuna.com Беларусь», Ex-press.livе, 6TV Bielarus, «Магілёў.Media», «Навіны Магілёўскага рэгіёну», «Беларускае Радыё Рацыя», «Штодзень».
  • Паводле БАЖ, ня менш за тры сотні супрацоўнікаў беларускай мэдыйнай сфэры пасьля падзей 2020 году выехалі за мяжу, большасьць працягвае працу ў СМІ ці іншых мэдыйных праектах. Умовы працы журналістаў ускладніліся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG