Нямеччына працягне ваенную падтрымку Ўкраіны, каб краіна, якая стала ахвярай нападу, «магла абараніць сябе ад расейскай агрэсіі зараз і ў будучыні». Пра гэта заявіў канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц 28 траўня на сумеснай прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
«Мы прафінансуем значную частку сродкаў на Starlink для Ўкраіны. Нашы міністры абароны сёньня падпішуць заяву аб намерах набыць сыстэмы далёкага радыюсу дзеяньня ўкраінскай вытворчасьці. Ніякіх абмежаваньняў на зброю далёкага радыюсу дзеяньня ня будзе, Украіна зможа цалкам абараняць сябе, а таксама паражаць ваенныя цэлі за межамі ўкраінскай тэрыторыі», — сказаў кіраўнік нямецкага ўраду.
Ён не ўдакладніў, ці ідзе гаворка пра пастаўку нямецкім бокам ракетаў далёкага радыюсу дзеяньня «Taurus», пастаўку якіх Кіеў абмяркоўваў яшчэ з папярэднім нямецкім урадам на чале з Олафам Шольцам.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раней заявіў, што абмяркуе пастаўку і выкарыстаньне зброі далёкага радыюсу дзеяньня з Фрыдрыхам Мэрцам у час яго візыту ў Бэрлін.
Нямеччына, Вялікая Брытанія, Францыя і ЗША зьнялі абмежаваньні на пастаўкі зброі далёкага радыюсу дзеяньня ва Ўкраіну, заявіў Мэрц 26 траўня на форуме, арганізаваным тэлекампаніяй WDR. Паводле яго слоў, зьняцьце абмежаваньняў азначае, што Ўкраіна можа абараняць сябе, напрыклад, ужываючы зброю супраць вайсковых пазыцый у Расеі.
Форум