Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэрмін захоўваньня дадзеных у адміністрацыйных справах — тры гады». Як ня даць уладам зьнішчыць сьведчаньні рэпрэсій супраць беларусаў


Каляж Радыё Свабода
Каляж Радыё Свабода

Судовыя дакумэнты аб адміністрацыйных справах беларусаў і беларусак, якія трапілі пад палітычны перасьлед у 2020 годзе, былі арыштаваныя на «суткі» ці атрымалі штрафы, праўдападобна, могуць быць ужо зьнішчаныя.

Паводле закону «Аб адзінай дзяржаўнай сыстэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэньняў» усе дадзеныя пра ўчыненае правапарушэньне павінны быць выдаленыя зь дзяржаўнай сыстэмы рэгістрацыі праз 3 гады.

Праваабаронцы і юрысты непакояцца, што такім чынам страчваюцца і будуць страчвацца доказы палітычнага перасьледу беларусаў. Паводле праваабаронцаў, зьвесткі аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці да 2010 году ўжо выдаленыя з сыстэмы МУС.

Разам з праваабаронцай і юрыстам цэнтру «Вясна» Натальляй Сацункевіч і Паўлам Сапелкам, а таксама адвакаткай Марыяй Колесавай-Гудзілінай мы паспрабавалі патлумачыць, як улады хаваюць і зьнішчаюць сьведчаньні рэпрэсій і як ня даць ім гэта зрабіць, каб у будучыні прыцягнуць да адказнасьці за палітычны перасьлед.

Які тэрмін захоўваньня дакумэнтаў адміністрацыйных справаў?

Ад 2020 году дзясяткі тысяч беларусаў трапілі пад адміністрацыйны перасьлед — адсядзелі на «сутках» ці выплацілі штрафы. Юрыст «Вясны» Павал Сапелка гаворыць пра прынятыя тэрміны захоўваньня адміністрацыйных справаў у архівах суду.

— Гэта тры гады. Пасьля трох гадоў у архівах застаюцца толькі самі пастановы суду, у якіх таксама ёсьць тэрмін захоўваньня. Адкрытай інфармацыі пра тэрміны захоўваньня гэтых пастановаў я не знайшоў. Таксама ёсьць тэрмін захоўваньня дадзеных пра накладаньне адміністрацыйных спагнаньняў. Ён таксама тры гады. Калі пастанова ня выкананая, то 10 гадоў. Ёсьць справы ўвогуле бяз тэрміну захоўваньня (гэта справы пра злачынствы супраць чалавечнасьці), а ёсьць справы, што захоўваюцца да 25 гадоў.

Павал Сапелка на акцыі ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў дзень яго народзінаў, Вільня, 25 верасьня 2024
Павал Сапелка на акцыі ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў дзень яго народзінаў, Вільня, 25 верасьня 2024

Сапелка падкрэсьлівае, што зь цягам часу будуць страчвацца доказы зьдзяйсьненьня злачынстваў у дачыненьні да беларусаў. Паводле яго, дэталёвая інфармацыя пра адміністрацыйныя справы 2020 году на 99% зьнішчаная, засталіся толькі пастановы.

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна таксама пацьвярджае, што ў судах ужо няма часткі адміністрацыйных справаў, якія тычыліся падзеяў 2020 году.

— Гэта вельмі страшна, з майго пункту гледжаньня. Напрыклад, 13 верасьня 2020 году быў жаночы марш. Затрымлівалі жанчын, і шмат у каго зь іх няма дакумэнтаў пра гэта. Зразумела, што міліцыянты падпісваліся несапраўднымі імёнамі ў пратаколах і сьведчаньнях. Між іншым, яны разумнейшыя за тых судзьдзяў, якія ставяць подпіс пад пастановай.

Якім чынам зьнішчаюцца дакумэнты?

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна кажа, што ёй невядома, як гэта адбываецца тэхнічна.

— Па-добраму справы павінны здавацца ў архіў, і потым архіў распараджаецца, што з гэтым далей рабіць, якім чынам зьнішчаць. Я ведаю, што супрацоўнікі судоў кажуць, што ў Менску іх проста звозяць у цэнтральны архіў і потым гэта ўсё зьнішчаюць. Пра раённыя суды я чула (на ўзроўні размоваў) , што яны не здавалі ў раённы ці цэнтральны архівы, а проста зьнішчалі, умоўна кажучы, у сябе ў двары. Некаторыя раённыя суды знаходзяцца ледзь ня ў хатках, і там прасьцей гэта зрабіць.

У электронным ці ў папяровым выглядзе захоўваюцца дакумэнты ў адміністрацыйных справах?

Паводле адвакаткі Марыі Колесавай-Гудзілінай, у асноўным дакумэнты захоўваюцца ў папяровым выглядзе.

— Многім не падабаецца параўнаньне з Расейскай Фэдэрацыяй, але там ёсьць «электроннае правасудзьдзе», там усё існуе ў электронным выглядзе, усё можна паглядзець празь «дзяржаўныя паслугі» . У Беларусі сыстэмы «электроннага правасудзьдзя» няма, і ў нас няма дакладных зьвестак, што яны захоўваюць у электронным выглядзе. Вядома, што ў электронным выглядзе захоўваюцца сканы ў крымінальных справах. У электронным выглядзе захоўваюцца судовыя пратаколы, але іх захоўваюць на флэшцы ці дыску. Напрыклад, у справе Ціханоўскага можна было пазнаёміцца з пратаколам і паслухаць яго. Спачатку гэта знаходзіцца на кампутары ў сакратара, а потым падшываецца да справы на флэшцы ці дыску.

Марыя Колесава-Гудзіліна, 2024
Марыя Колесава-Гудзіліна, 2024

Ці сапраўды ўлады зьнішчаюць дакумэнты пра рэпрэсіі, ім жа самім гэтая інфармацыя можа быць патрэбная?

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна тлумачыць, што трэба адрозьніваць судовыя архівы і так званую АІС «Пашпарт» (Аўтаматызаваная інфармацыйная сыстэма «Пашпарт», якая прадугледжвае далейшую аўтаматызацыю службовай дзейнасьці падразьдзяленьняў пашпартна-візавай службы ўзроўню ГУУС Менгарвыканкаму, УУС аблвыканкамаў, а таксама падпарадкаваных ім падразьдзяленьняў пашпартна-візавай службы тэрытарыяльных органаў унутраных справаў. — РС).

У гэтай базе захоўваюцца дадзеныя аб тым, да якой адказнасьці хто быў прыцягнуты, але пазначаны толькі артыкул, паводле якога судзілі, а не сутнасьць справы.

Працягвае праваабаронца цэнтру «Вясна» Натальля Сацункевіч:

— Калі мы кажам пра інфармацыю ў базах пра адміністрацыйны перасьлед, то праз год пасьля прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці, калі за год нічога не здаралася, лічыцца, што чалавека не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці. Але на практыцы мы бачым, што ў пастановах судоў пералічваюцца за апошнія 1-12 гадоў усе прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці, у тым ліку штрафы за парушэньне хуткасьці. Гэтая інфармацыя ў агульнай сыстэме захоўваецца, яе выкарыстоўваюць, але калі браць даведку пра несудзімасьць, то калі цягам году не было прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці, то напішуць, што да адміністрацыйнай адказнасьці не прыцягваўся.

Натальля Сацункевіч, 2024
Натальля Сацункевіч, 2024

Праваабаронца Сацункевіч сумняваецца, што ўлады выдаляць такую адчувальную і патрэбную ім інфармацыю.

— Пэўна, яны будуць больш якасна і з большым стараньнем выконваць свае інструкцыі і выдаляць інфармацыю пра судзьдзяў, пра сьведак, пра тых, хто складаў пратаколы, хто прыцягваў да адказнасьці, але сам факт прыцягненьня чалавека да адміністрацыйнай адказнасьці, хутчэй за ўсё, застанецца.

Апошнім часам людзі не атрымліваюць ніякіх дакумэнтаў, адсядзеўшы на Акрэсьціна. Гэта робіцца сыстэмна?

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка перакананы, што ўлады сьвядома хаваюць сьведчаньні палітычнага перасьледу.

— Яны працуюць на будучыню, гэта факт. Мы часам адзначаем, што ў прысудах няма падрабязных абставін учыненых дзеяньняў у крымінальных справах. Зь цягам часу крымінальныя справы, гэтыя тамы, будуць зьнішчаныя, а потым ніхто ня будзе падрабязна высьвятляць, што там адбылося ў справах кшталту «паклёп на Лукашэнку» ці «абраза прэзыдэнта», у чым палягала гэтая абраза ў канкрэтнай справе. І судзьдзі будуць казаць, што выконвалі свае абавязкі, судзілі паводле таго закону, які існаваў на той час. І ніхто ня будзе ў стане даказаць, гэта былі абразы ці не абразы, паклёпы ці не паклёпы.

Сапелка ўдакладняе, што калі матывавальную частку да пастановы суду не зрабілі на заказ асобы, прыцягнутай да адміністрацыйнай адказнасьці, то яна ня будзе зробленая ніколі.

— Застанецца сухі, кароткі дакумэнт пра тое, што чалавек нешта зрабіў і за гэта атрымаў нейкае спагнаньне. Калі гаворка ідзе пра ўдзел у масавых акцыях, вядома, што гэта палітычная справа, а калі пра распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, то, магчыма, потым улады будуць казаць, што гэты чалавек распаўсюджваў нешта з ксэнафобскім зьместам, і калі ня будзе іншых доказаў, гэта вельмі ўскладніць працэс аднаўленьня правоў. Калі гэта непадпарадкаваньне ці дробнае хуліганства, ня маючы матывавальнай часткі пастановы, будзе складана даказаць, што гэта палітычны перасьлед.

Што рабіць, каб захаваць дакумэнтальныя сьведчаньні рэпрэсій

Суразмоўцы Свабоды раяць усім беларусам, хто сутыкнуўся з адміністрацыйным перасьледам, захоўваць усе наяўныя дакумэнты, калі ёсьць такая магчымасьць.

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна:

— Калі даюць нейкі пратакол ці тлумачэньне правоў, трэба гэта захоўваць. Зараз людзей вызваляюць з «сутак», і ў іх няма пратаколу аб затрыманьні. Раней давалі такую блакітную паперу — і зь ёй людзі выходзілі. Гэта быў хоць нейкі доказ. Калі вы выяжджаеце зь Беларусі і пакідаеце даверанасьць, то гэта ў тым ліку магчымасьць забраць пастанову з суду. Шмат людзей гэтага не зрабілі, і цяпер мы можам згубіць імёны судзьдзяў.

Адвакатка раіць зьбіраць усе зьвесткі — фота з раскладу суду, публікацыю ў СМІ ці на праваабарончым сайце.

Як бясьпечна атрымаць копіі судовых дакумэнтаў?

Праваабаронца «Вясны» Натальля Сацункевіч ня раіць зьвяртацца ў РУУС па копіі дакумэнтаў аб затрыманьні. Больш бясьпечным яна лічыць запыт у суд.

— Я раіла б пісьмова зьвяртацца ў суд, які вынес пастанову ці прысуд, з просьбай выдаць копію. Калі гэта адміністрацыйная справа, то копію з матывавальнай часткай. Я ня чула ніводнага выпадку, калі б гэта цягнула за сабой рэальныя рэпрэсіі і наступствы. Судовая сыстэма ў Беларусі абслугоўвае ня толькі рэпрэсіўную машыну, а займаецца і гаспадарчымі і сямейнымі справамі. Гэта ўсё працуе, людзі рэгулярна бяруць копіі пастановаў. Нават калі вас судзілі год таму, можаце проста ў суд звычайнай поштай даслаць ліст, заяву ад свайго імя, што просіце выдаць копію пастановы. Яны звычайна шлюць назад поштай. Калі быў адвакат, можна адваката запытаць: яны маюць свой архіў і могуць падзяліцца дакумэнтамі. У судзе можна ўзяць ня толькі копію пастановы, але і напісаць заяву на азнаямленьне з усёй справай. А там будзе і копія пратаколу зь міліцыі, копія пратаколу апытаньня сьведак, допыту самога чалавека. Раней амаль заўсёды дазвалялі фатаграфаваць. У судзе вісіць узор заявы «Прашу дазволу азнаёміцца са справай з выкарыстаньнем фотафіксацыі».

Марыя Колесава-Гудзіліна раіць людзям, каго цяпер судзяць завочна паводле працэдуры спэцвядзеньня, зьвяртацца з-за мяжы пісьмова ў адпаведныя структуры.

— Трэба зьвяртацца. Бо доказам будзе паперка, а ня ўсё тое, што вы напішаце ў фэйсбуку.

Адным са спосабаў атрымаць дакумэнты ад уладаў зьяўляецца і абскарджваньне прысуду. «Вясна» аказвае юрыдычную дапамогу людзям у абскарджаньні, кажа Натальля Сацункевіч:

— Пакуль ня бачыла рэпрэсій за абскарджаньне. Часам гэта страшна і людзі маральна не гатовыя вяртацца да ўспамінаў пра рэпрэсіі, але ў справе фіксацыі важна абскарджваць. Мы дапамагаем абскарджваць як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Нягледзячы на тое, што Камітэт правоў чалавека ААН ня можа прымаць ужо індывідуальныя скаргі беларусаў і беларусак, ёсьць іншыя мэханізмы. Можна паведаміць спэцыяльнаму дакладчыку аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, які зьбірае інфармацыю.

Чаму важна сабраць і захаваць як мага болей дакумэнтаў пра перасьлед?

І Натальля Сацункевіч, і Павал Сапелка, і Марыя Колесава-Гудзіліна называюць асноўную мэту — потым прыцягнуць да адказнасьці ўдзельнікаў рэпрэсій. Працягвае Колесава-Гудзіліна:

— Атрымліваецца, што яны паціху ўжо зьнішчаюць доказы, пакуль паводле закону. Калі наступяць перамены, першае, што трэба рабіць — не ісьці ў Адміністрацыю прэзыдэнта, а выдзеліць асобную частку, якая будзе абараняць архівы. Калі так не зрабіць, пазьбегнуць адказнасьці змогуць многія. Гэта справа кожнага з нас, хто пацярпеў ад рэжыму, зрабіць так, каб гэтага не адбылося. Напісаў пра цябе прапагандыст — рабі скрын. Выехаў — пішы запыт, каб дакумэнт прыслалі. Яна адказваюць, што прыяжджайце і вашу пастанову на месцы атрымайце асабіста, а сам гэты ліст — ужо доказ, што вас прыцягвалі да адказнасьці.

А што з данатамі? Як задакумэнтаваць, калі вас прымусілі выплаціць грошы ў дзесяціразовым памеры?

Вялікую колькасьць беларусаў, якія данацілі ў 2020 годзе на салідарнасьць, пад пагрозай крымінальнага перасьледу прымусілі перавесьці грошы нібы на рахункі сацыяльных установаў у дзесяціразовым памеры ад зробленых данатаў. І ня кожны, у каго такім чынам улады вымагалі грошы, атрымаў дакумэнтальнае пацьверджаньне ад сілавікоў, што на яго ня будуць заводзіць крымінальную справу. Парада адвакаткі Марыі Колесавай-Гудзілінай:

— Шмат выпадкаў, калі чалавек выплаціў грошы і не атрымаў паперкі, што справа супраць яго спыненая. Калі вы ў бясьпецы, напішыце ліст у Сьледчы камітэт з просьбай даслаць паперу, што справа спыненая. У вас будзе дакумэнт, што вас намагаліся прыцягнуць да адказнасьці.

Прадстаўніца цэнтру «Вясна» Натальля Сацункевіч раіць у такіх выпадках зьвяртацца да праваабаронцаў:

— Мы бачым, што гэта распаўсюджаная практыка — не даваць паперы пасьля пераводу грошай. Але ёсьць прэзумпцыя даверу да людзей у грамадзтва. Трэба паведамляць пра такія выпадкі і захоўваць скрыншот пра перавод грошай.

Што такое працэдура дакумэнтаваньня і чаму варта яе прайсьці?

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і «Прававая ініцыятыва» праводзяць дакумэнтаваньне катаваньняў і жорсткага абыходжаньня (у Telegram: @Viasnadoc, viasnadoc@spring96.org і doc@spring96.org). Праваабаронца Натальля Сацункевіч:

— Зьвяртаемся да ўсіх, каб перадавалі такую інфармацыю для дакумэнтаваньня. Мы яе бясьпечна захоўваем і стараемся, каб інфармацыя стала падставай для прыцягненьня да адказнасьці. Дакумэнтаваньне адбываецца ў межах Міжнароднай плятформы The International Accountability Platform for Belarus (IAPB) https://iapbelarus.org/progress-reports/ («Вясна» яе сузаснавальніца і ўдзельніца). Там сабрана больш за 3 тысячы сьведчаньняў аб катаваньнях. Дзякуючы гэтай працы мы на ўзроўні ААН дамагліся таго, што тое, што адбываецца ў Беларусі, назвалі злачынствамі супраць чалавечнасьці. Выкарыстоўваючы гэтую інфармацыю, пракуратура Літвы завяла крымінальную справу і перадала заяву ў Міжнародны крымінальны суд супраць уладаў Беларусі. Заахвочваем усіх прайсьці працэдуру дакумэнтаваньня. Гэта спосаб захаваць інфармацыю, да таго ж калегі скажуць, ці можна з вашым кейсам працаваць паводле мэханізму ўнівэрсальнай юрысдыкцыі.

Наколькі бясьпечна зьвяртацца да праваабаронцаў?

Праваабаронцы «Вясны» запэўніваюць, што ўся інфармацыя захоўваецца бясьпечна. Вельмі многае не апублічваецца дзеля бясьпекі людзей. Натальля Сацункевіч адзначае, што гэтая інфармацыя ўсё ж ня поўная:

— Ня поўная, бо людзі часта баяцца зьвяртацца да праваабаронцаў і незалежных мэдыя. Гэта рэчаіснасьць, у якой мы існуём. Публічныя сьпісы пацярпелых даўно няма магчымасьці весьці. Згадаем рэйд на пачатку мінулага году ў «справе INeedHelpBY», калі адбылося амаль 300 вобшукаў па ўсёй Беларусі. Мы ня можам публікаваць сьпіс, бо гэта людзям прынясе небясьпеку. Але «Вясна» займаецца гэтым ня першае дзесяцігодзьдзе. Па фіксацыі перасьледу людзей у Беларусі Беларусі ў нас самая поўная база. Не магу расказаць усе дэталі, але праца вядзецца і зьяўляецца нашым прыярытэтам.

Чаму ўлады будуць намагацца зьнішчаць дакумэнтальныя сьведчаньні пра рэпрэсіі?

Натальля Сацункевіч мяркуе, што сытуацыя для рэжыму павінна стаць вельмі небясьпечнай, каб яны пачалі зьнішчаць, «як у канцлягерах, усе сьведчаньні». Паводле праваабаронцы, «для рэжыму сытуацыя зараз не такая, рэжым адчувае сябе досыць упэўнена».

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка перакананы, што калі зьменіцца ўлада ў Беларусі, то «запалаюць вогнішчы з гэтых справаў».

— І адным націсканьнем кнопкі будзе зьнішчана вельмі шмат з таго, што захоўвалася пра перасьлед беларусаў. Зараз для ўлады вельмі зручна тое, што захоўваецца максымальная інфармацыя пра кожнага і кожную, але калі будзе зьмяняцца ўлада, гэтая інфармацыя будзе вельмі шкоднай для ўлады і можа быць зьнішчаная. Але ёсьць шмат тых унутры сыстэмы, хто знаходзіць магчымасьці рабіць копіі і захоўваць дадзеныя пра перасьлед беларусаў.

Ёсьць база «Беспарадкі», якую спампавалі «Кібэрпартызаны». У ёй тысячы імёнаў і прозьвішчаў па стане на лета 2021 году. Гэта дапамога для грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай Беларусі, каб захаваць гэтую інфармацыю і потым зь ёй працаваць, адзначае праваабаронца Натальля Сацункевіч.

Калі тэрмінова пакінулі Беларусь і на руках толькі пастанова суду пра арышт за хуліганства, як даказаць палітычны перасьлед?

Беларускія дэмакратычныя сілы і праваабаронцы прыкладаюць шмат намаганьняў, каб патлумачыць урадам розных краінаў, чаму арышт за тое, што «размахваў рукамі каля РУУС» — палітычныя рэпрэсіі. Паводле суразмоўцаў Свабоды, большасьць краінаў і ўрадаў добра гэта разумеюць, асабліва што тычыцца Літвы і Польшчы. Беларуская дыяспара з 2020 году рабіла дапаможнікі-тлумачальнікі на розных мовах, што адбываецца ў Беларусі, якім чынам і за што людзей прыцягваюць да адказнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG