Новыя дасьледаваньні паказваюць, што пара дня, калі вы выпіваеце кубак кавы, можа зьнізіць рызыку раньняй сьмерці, паведамляе BBC.
Дасьледаваньне, апублікаванае 8 студзеня ў European Heart Journal, паказала, што людзі, якія пілі каву раніцай, мелі меншую рызыку сьмерці ад сардэчна-судзінных захворваньняў, чым людзі, якія ўжывалі каву ўвесь дзень. Але дасьледаваньне не змагло даказаць, ці зьяўляецца кава адзінай прычынай.
Дасьледчыкі з Унівэрсытэту Тулейна ў Новым Арлеане вывучылі 40 725 дарослых, якія ўзялі ўдзел у Нацыянальным дасьледаваньні здароўя і харчаваньня ў ЗША ў пэрыяд з 1999 па 2018 год. Іх спыталі пра штодзённае спажываньне ежы і напояў, а таксама пра тое, ці пілі яны каву, колькі і калі. 36% удзельнікаў апытаньня пілі каву толькі раніцай, 14% — увесь дзень.
Падчас 10-гадовага пэрыяду назіраньня памерлі 4295 чалавек, у тым ліку 1268 сьмерцяў былі зьвязаныя з сардэчна-судзіннымі захворваньнямі.
Дасьледчыкі выявілі, што аматары ранішняй кавы мелі на 16% меншую імавернасьць памерці ў параўнаньні з тымі, хто не ўжываў кавы наагул, і на 31% меншую імавернасьць сьмерці ад сардэчных захворваньняў.
Доктар Лу Ці, вядучы дасьледчык і дырэктар Цэнтру дасьледаваньня атлусьценьня пры Ўнівэрсытэце Тулейн, кажа, што хоць дасьледаваньне не паказвае, чаму ўжываньне кавы раніцай зьніжае рызыку, адно з тлумачэньняў можа палягаць у тым, што ўжываньне кавы пазьней на працягу дня можа парушаць унутраны біялягічны гадзіньнік чалавека.
Доктар Лу Ці адзначыў, што неабходныя дадатковыя дасьледаваньні, каб даведацца, ці можна назіраць тое самае ў іншых групах насельніцтва, і дадаў: «Нам патрэбныя клінічныя выпрабаваньні, каб праверыць магчымы ўплыў зьмены пары дня, калі людзі п’юць каву».
Форум