Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне не фіксуюць фармаваньня ўдарнай вайсковай групоўкі ў памежжы Беларусі


24 лютага 2022 году з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну. Скрыншот з камэр назіраньня ў пункце пропуску Сянькоўка — Весялоўка. Ілюстрацыйнае фота
24 лютага 2022 году з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну. Скрыншот з камэр назіраньня ў пункце пропуску Сянькоўка — Весялоўка. Ілюстрацыйнае фота

8 студзеня ў Гомельскім раёне пачаліся вучэньні тэрытарыяльнай абароны.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што нягледзячы на абвешчаныя ў Гомельскім раёне вучэньні тэрытарыяльнай абароны Беларусі, уздоўж мяжы не адзначаецца перамяшчэньня вайсковай тэхнікі і жывой сілы беларускай арміі.

«Ня трэба ўдзяляць такую ўвагу тым вучэньням, якія цяпер адбываюцца на тэрыторыі Беларусі, бо фактычна яны там не спыняюцца і праходзяць з розным складнікамі Ўзброеных сіл Беларусі або іншых сіл бясьпекі. Яны анансуюцца і праводзяцца пастаянна. Гэта было і ў 2022 годзе, у 2023-м, не выключэньне і гэты год. Але практычна каля нашай мяжы перамяшчэньня ні тэхнікі, ні асабовага складу падразьдзелаў арміі Беларусі мы не фіксуем», — паведаміў Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Паводле яго, Беларусь яшчэ з 2022 году павялічыла колькасьць сваіх падразьдзелаў на ўкраінскім кірунку пад выглядам нібыта пагроз з Украіны.

«Яны (падразьдзелы) знаходзяцца на пэўнай аддаленасьці ад мяжы і час ад часу адбываецца іхная ратацыя, праз што могуць быць укіды, што Беларусь працягвае ўзмацняць або павялічваць колькасьць сваіх падразьдзелаў. Але фактычна гэта ня так. Нейкай ударнай групоўкі, якая знаходзілася б у кірунку нашай мяжы на тым баку, на тэрыторыі Беларусі, мы не фіксуем», — дадаў ён.

Андрэй Дземчанка адзначыў, што Расея вывела свае апошнія падразьдзелы, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі з 2022 году.

«У 2023 годзе, калі Расея актыўна трымала пэўную колькасьць сваіх падразьдзелаў і колькасьць іхных вайскоўцаў магла вагацца на ўзроўні да 12 тысяч. [...] Але паступова гэтыя падразьдзелы былі выведзеныя на тэрыторыю Расеі і ў межах ратацыі туды больш не заводзілі», — патлумачыў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

У той жа час, паводле яго, ніякіх спробаў прарыву мяжы дывэрсійнымі групамі з тэрыторыі Беларусі таксама не фіксуюць, але мяжы зь Беларусьсю па-ранейшаму застаецца для Ўкраіны сярод прыярытэтаў, паколькі суседняя краіны працягваецца знаходзіцца пад уплывам Расеі.

«Таму мусім узмацняць свае магчымасьці па абароне — і непасрэдна па лініі мяжы, і ў памежжы», — падкрэсьліў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Што папярэднічала

7 студзеня маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведаміла аб павелічэньні вайсковай прысутнасьці ў памежжы з Украінай. У прыватнасьці, у Столінскі і Лельчыцкі раёны перакінулі 11-ю мэханізаваную брыгаду (в/ч 33933, Слонім), у Гомельскі і Мазырскі — 120-я мэханізаваную брыгаду (в/ч 04147, Менск, падразьдзелы разьмешчаныя ў ваколіцах аэрадромаў «Зябраўка» і «Бокаў»), а таксама 147-ы зэнітны ракетны полк (в/ч 96869, Бабруйск, батарэя ЗРК «Оса-АКМ») — месца дысьлякацыі невядома.

8 студзеня ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб правядзеньні пад кіраўніцтвам старшыні Гомельскага раённага выканкаму навучальных збораў з вайсковаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў.

Плянуюць, што яны завершацца 31 студзеня, праз тыдзень пасьля выбараў прэзыдэнта, якія маюць прайсьці 26 студзеня.

  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG