У новым складзе Сэнату рэспубліканцы маюць 53 месцы з 100. Лідэрам большасьці абраны 63-гадовы прадстаўнік штату Паўднёвая Дакота Джон Тун. Кіраўніком палаты зьяўляецца віцэ-прэзыдэнт — некалькі дзён гэтую ролю будзе выконваць дэмакратка Камала Гарыс, пазьней яе зьменіць рэспубліканец Дж. Д. Вэнс.
У Палаце прадстаўнікоў, дзе рэспубліканцы маюць нязначную большасць, 219 месцаў супраць 215 у дэмакратаў, цэнтральнай падзеяй могуць стаць выбары сьпікера, адзначае «Голас Амэрыкі».
Рэспубліканец Майк Джонсан можа ня быць пераабраны бо ў сьнежні падтрымаў пагадненьне з дэмакратамі аб захаваньні фінансаваньня ўраду. Дастаткова некалькі галасоў рэспубліканцаў супраць Джонсана, каб яго кандыдатуру адхілілі.
Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаўся ў падтрымку Джонсана, назваўшы яго «добрым, працавітым чалавекам».
У студзені абедзьве палаты Кангрэсу на сумесным пасяджэньні павінны зацьвердзіць перамогу Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах. Першыя 100 дзён новага прэзыдэнта і Кангрэсу традыцыйна лічацца часам унясеньня ключавых законапраектаў, агучаных падчас выбарчай кампаніі. Перад галасаваньнем колькасць рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў скароцяць яшчэ на два галасы: Трамп мае намер прапанаваць двум кангрэсмэнам працу ў сваёй адміністрацыі.
Форум