Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легендарны беларускі футбаліст Сяргей Алейнікаў знайшоў працу ў Баўгарыі


Сяргей Алейнікаў, архіўнае фота
Сяргей Алейнікаў, архіўнае фота

Двухразовы ўдзельнік чэмпіянатаў сьвету, найлепшы беларускі футбаліст ХХ стагодзьдзя цяпер будзе працаваць у Баўгарыі.

Сяргей Алейнікаў падпісаў кантракт на 2 гады зь «Лякаматываў» з баўгарскага гораду Плоўдзіў. Ён будзе працаваць у гэтым клюбе спартовым дырэктарам.

Сяргей Алейнікаў празь зьмены на палітычнай мапе Эўропы пасьпеў пагуляць за тры розныя зборныя — СССР, СНД і Беларусі. Двойчы езьдзіў на першынство сьвету (1986 і 1990). За каманду Савецкага Саюзу правёў 77 сустрэчаў, гэта 5-ы паказьнік сярод усіх гульцоў. У яе складзе беларус дабіўся самага важкага дасягненьня ў кар’еры — стаў срэбным прызэрам чэмпіянату Эўропы 1988 году.

Алейнікава тройчы прызнавалі найлепшым гульцом Беларусі, у 1984, 1986 і 1988 гадах.

Гэта першы беларускі футбаліст, які ў 1989 годзе падпісаў замежны кантракт — і адразу з клюбам аднаго з наймацнейшых чэмпіянатаў кантынэнту. Разам з украінцам Аляксандрам Заваравым ён прыехаў у турынскі «Ювэнтус», адзін з наймацнейшых клюбаў Італіі таго часу. Пазьней перайшоў у «Лечэ», менавіта ў тым горадзе, у Апуліі, стаў жыць пасьля заканчэньня кар’еры, якую завяршыў у Японіі.

У Алейнікава быў не зусім удалы пэрыяд працы ў Расеі трэнэрам, а потым беларус працаваў у Міжнароднай фэдэрацыі футбольных асацыяцый (ФІФА) інструктарам, а таксама быў амбасадарам гульні.

Як паведаміла баўгарскае выданьне БНТ, у пачатку студзеня плоўдзіўскі «Лякаматыў» зладзіць прэсавую канфэрэнцыю, дзе Сяргей Алейнікаў адкажа на ўсе пытаньні, якія сёньня цікавяць заўзятараў клюбу.

Заснаваны ў 1926 годзе «Лякаматыў» быў чэмпіёнам Баўгарыі толькі аднойчы, роўна 20 гадоў таму. Па два разы ён здабываў Кубак і Супэркубак краіны. Зьяўляецца адным з найбольш папулярных клюбаў у сваёй краіне.

Сёлета, аднак, справы «Лякаматыву» ідуць кепска. Калектыў займае толькі 13-ы радок турнірнай табліцы сярод 16 камандаў, у адрозьненьне ад суседзяў па Плоўдзіве клюбу «Ботэў», які змагаецца за мэдалі.

Апошнія гады ў першынстве Баўгарыі пануе «Лудагорац» з Разграду — гэта найзаможнейшы клюб краіны, якому ўдавалася даходзіць да групавой фазы Лігі чэмпіёнаў.

Іншыя баўгарскія каманды, як правіла, завяршаюць свае эўрапейскія кампаніі значна раней. А галоўнай задачай «Лякаматыву» ў гэтым сэзоне будзе захаваньне месца ў лізе наймацнейшых.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG