Запрацаваў новы гістарычны партал «Гісторыя Беларусі», на якім папулярызуюць беларускую гісторыю на трох мовах — беларускай, ангельскай і польскай.
«З дапамогай інтэрактыўных элемэнтаў, 3D-мадэляў, AI-пошуку і эксклюзіўнага кантэнту глядач можа пагрузіцца ў мінулае і адкрыць невядомыя старонкі гісторыі беларускай нацыі», — рэклямуюць новы праект яго стваральнікі.
Акрамя невялікіх артыкулаў з ілюстрацыямі, на партале ёсьць AI-асыстэнт — гістарычны гід, які адказвае на пытаньні па тэматыцы сайту. Ён падбірае зразумелую мову для дзяцей і дарослых, каб вывучэньне гісторыі Беларусі было займальным і даступным для кожнага. Можна задаць пытаньне і ўказаць, для каго патрэбны кантэнт, напрыклад, для дзяцей — і атрымаць адаптаваную, лёгкую для ўспрыманьня інфармацыю.
Аўтарскія артыкулы для парталу напісаў вядомы беларускі гісторык, паведамляюць стваральнікі парталу. У іх раскрываюць тое, што не асьвятляецца ў школьных падручніках. На партале 18 разьдзелаў — ад Полацкага княства да заканчэньня Другой сусьветнай вайны.
Сярод ілюстрацый ёсьць 3D-мадэлі — віртуальныя аб’ёмныя аб’екты, створаныя на аснове чарцяжоў і гістарычных зьвестак.
Партал быў створаны дзякуючы падтрымцы беларусаў і беларусак у Польшчы праз дабрачынныя адлічэньні (1,5%) з падатковых дэклярацыяў у межах ініцыятывы «Будуй сваё» ад «Новай Беларусі», а таксама з дапамогай партнэраў FaniMani і Tutaka.
- Летась да праекту «Будуй сваё» далучылася сама меней 265 удзельнікаў і ўдзельніц (дакладная колькасьць невядомая, бо частка людзей пералічвала партнэрам свой працэнт ад падаткаў, не дасылаючы скрын дэклярацыі, таму гэтых удзельнікаў арганізатары не змаглі ўлічыць).
- Агулам было сабрана каля 47 тысяч эўра, на якія ў Літве ўжо запусьцілі бібліятэку беларускай кнігі, а ў Польшчы ствараюць сайт пра сапраўдную гісторыю Беларусі.
Форум