Сьцісла:
— «Русский мир» у сутнасьці сваёй — гэта барбарства, якое акупанты ўсталёўваюць на заваяваных ці далучаных тэрыторыях.
— Нармальным людзям, якія трымаюцца правілаў цывілізацыі, няма месца ў цяперашняй Расеі і там, куды імпэрыя «прыйшла».
— Для Беларусі самае небясьпечнае — далучэньне да Расеі, калі беларусаў пачнуць перарабляць на расейскі капыл і рабіць зь іх барбараў.
У артыкуле «Настоящие скрепы» Андрэй Мальгін нагадвае, як жыхары ўкраінскіх Бучы і Ірпяня, вярнуўшыся ў свае дамы пасьля таго, як там пабывалі акупанты, пабачылі, што іхнае жытло ня толькі абрабаванае, але і загаджанае. «Кучы сьмярдзючага чалавечага дзярма былі паўсюль: ня толькі на падлозе, але і на сталах, у пасьцелях, на посудзе. Пры тым, што ва ўсіх гэтых дамах былі цалкам сабе добраўпарадкавая прыбіральні. Карыстайся! Але не».
Андрэй Мальгін зьвяртаецца да гісторыі і паўсюль знаходзіць падобную карціну паводзінаў расейскага чалавека: на зьезьдзе «сялянскай беднаты» ў Зімнім палацы ў Пецярбургу 1919 году, у Нямеччыне 1945-га, у «Хаджы-Мураце» Льва Талстога…
«Гэта ня проста помста тым, хто жыў больш свабодна, заможна, разумна. Гэта пасланьне, якое апісвае будучыню занятых тэрыторыяў, — робіць выснову блогер. — Мы ж ясна бачым, што калі „русский мир“ затрымліваецца там, куды прыйшоў, жыцьцё там дэградуе, законы заменяюцца паняцьцямі, эканоміка спрашчаецца да сярэднявечнага ўзроўню, на месцах квітнеючых садоў вырастаюць сьметнікі, а культура і мастацтва паміраюць. Мы добра бачым гэта на прыкладзе курортаў Абхазіі, якія калісьці квітнелі, на прыкладзе дагледжаных Данецка і Марыюпаля, ператвораных у бандыцкія анклавы ці зусім разбураных».
Аднойчы ў Маскве
Мы пазнаёміліся з Андрэем Мальгіным у 1984 годзе на Ўсесаюзнай нарадзе маладых пісьменьнікаў, дзе на сэкцыі літаратурнай крытыкі счапіліся ў спрэчках з шавіністам Аляксандрам Дугіным і такім чынам пасябравалі.
Андрэй прапанаваў мне зьезьдзіць на ягоных «Жыгулях» у пісьменьніцкае мястэчка Перадзелкіна пад Масквой, дзе зь вялікім піетэтам паказваў і апавядаў пра дамы і магілы Барыса Пастэрнака, Карнея Чукоўскага, Арсенія Таркоўскага ды іншых знакамітых расейскіх творцаў.
Ужо тады я адчуваў, што ёсьць «іншыя» расейцы, нармальныя. Андрэй Мальгін такім і застаўся, ня мог не застацца. Праўда, месца такім у Расеі станавілася ўсё менш, асабліва калі яны публічныя асобы. І Андрэй даўно жыве ў Італіі. Працягвае ў сваіх блогах ратаваць вобраз нармальнага расейскага чалавека.
Таксама пасьля той паездкі я зразумеў, што ніякай «расейскай цывілізацыі» не існуе. У нашым глябальным сьвеце ёсьць адна на ўсіх цывілізацыя. Папросту кажучы, з добраўпарадкаванымі клязэтамі. А тое, што выступае супраць цывілізацыі, называецца барбарствам. Гэта калі гадзяць на сталы і пасьцелі.
Самая вялікая пагроза
Тое, пра што піша Андрэй Мальгін, на маю думку, ніякім чынам не ўласьцівае беларусам. Мы проста ня маем такога досьведу ў сваёй нацыянальнай памяці і ў сваёй беларускай рэальнасьці. «Русский мир» нават у цалкам, здавалася б, русыфікаваных беларусаў выклікае як мінімум неўразуменьне.
Ёсьць унутраная супраціўляльнасьць беларускага чалавека, які на побытавым узроўні выбірае ня барбарства, а цывілізацыю, які цэніць такую чалавечую рысу, як прыстойнасьць. Усе ведаюць, што жанчыны ходзяць у прыбіральню «прыпудрыць носік», ці, памятаю, як адна менская мамка, каб не ўжываць слова «туалет», вадзіла свайго малога сына «ў аптэчку» (так яна яму казала). Або ўспамінаю дырэктара Веткаўскага музэя Фёдара Шклярава, які прызнаваўся нам, маладзёнам, што дапамагалі на будоўлі музэя: едучы ў госьці ў суседні Гомель, ён ніколі ня ходзіць у прыбіральню, якая ў кватэрах заўсёды побач з кухняй і бяседным сталом. Такіх прыкладаў далікатнасьці і сарамлівасьці можна прывесьці мноства, і яны складаюць абсалютны кантраст да тэмы гэтага тэксту.
Таму так недарэчна выглядаюць у Беларусі даносы Вольгі Бондаравай, ваяркі супраць беларушчыны і культуры, якія, на жаль, часам маюць вынік, калі мясцовае начальства выконвае яе «фантазіі», абы ня зьвязвацца. Як, да прыкладу, адбылося з помнікам вялікай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш.
Трэба выразна ўсьведамляць, што патураць такім даносам нельга, бо яны зусім не праява культуры ці клопату пра грамадзкае разумовае здароўе, а роўна наадварот, тоесныя тым самым экскрэмэнтам на чужым абедным стале.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум