«Што датычыць міратворцаў, мы абмяркоўвалі з Эманюэлем (Макронам, прэзыдэнтам Францыі. — РС) ягоныя ранейшыя ідэі. Мы падтрымліваем ідэю ўзмацненьня Ўкраіны, і вы гэта разумееце. Пытаньне тут у дэталях, мы абмяркоўваем гэтыя дэталі», — сказаў Уладзімір Зяленскі журналістам позна ўвечары 18 сьнежня ў Брусэлі (Бэльгія).
Аднак, як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, кіраўнік Украіны адмовіўся раскрыць дэталі гэтай дыскусіі, бо гэта «няпросты працэс».
«Я пазытыўна стаўлюся да таго, што Эманюэль ужо меў кантакты зь некаторымі лідэрамі. Пакуль што не хачу гаварыць дэталёва, бо мы ў працэсе. І я бачу, што ўжо ёсьць пазытыў ад некаторых людзей на гэты конт», — патлумачыў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго, пакуль Украіна недастаткова моцная, каб пачынаць дыпляматычныя перамовы для завяршэньня вайны.
«Узмацненьне нашай арміі, нашай эканомікі. Наконт эканомікі, мне здаецца, партнэры зрабілі важныя крокі... Мы забясьпечаныя фінансава на наступны год. Мяркую, што гэта таксама ўзмацняе Ўкраіну, але ня ўсё выканана, каб казаць, што Ўкраіна моцная для тых ці іншых дыпляматычных крокаў», — заявіў прэзыдэнт Украіны.
«Будзем рабіць усё, каб у наступным годзе мы змаглі быць моцнымі і ўжо пераходзіць да дыпляматыі. Калі шчыра, я ня веру, што Пуцін хоча завяршэньня вайны, таму мы будзем разьбірацца. У любым выпадку з нашага боку мы зробім усё, каб закончыць вайну справядліва для нас, для Ўкраіны», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
18-19 сьнежня ў Брусэлі (Бэльгія) праходзіць саміт лідэраў Эўразьвязу. Раней паведамлялася, што прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон можа вынесьці на абмеркаваньне пытаньне аб разьмяшчэньні міратворчай місіі на тэрыторыі Ўкраіны ў выпадку спыненьня агню і дамоўленасьцях аб міры з Расеяй.
Публічна шмат палітыкаў назвалі гэтыя дыскусіі заўчаснымі.
Францыя спрабуе сабраць кааліцыю з 5-8 краін Эўропы для прасоўваньня гэтай ідэі, але афіцыйна канкрэтная прапанова аб накіраваньні міратворцаў яшчэ не прагучала.
Форум