Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я беларусаў у Латвіі ня можа аформіць пашпарт для нованароджанай дачкі. Вяртацца на радзіму бацькам небясьпечна


Рыга, ілюстрацыйнае фота
Рыга, ілюстрацыйнае фота

Каб аформіць першы пашпарт для Мары паводле закону, бацькам трэба ехаць на радзіму: консульскія ўстановы Беларусі за мяжой ужо больш за год не выдаюць сваім грамадзянам новых дакумэнтаў. Але такая паездка, па словах маці і бацькі, можа быць небясьпечнай для іх.

«Таму вы або прыяжджаеце і сядаеце [ў турму], або пакутуеце за мяжой», — падкрэсьлівае бацька Мары Ігар Страх. Гісторыю праблемаў сям'і расказвае тэлеканал «Настоящее время».

Сям’я Страх прыехала ў Латвію ў 2021 годзе па праграме рэпатрыяцыі: у Ігара ў Латвіі жыла бабуля і нарадзіўся бацька. У Рызе Ігар уладкаваўся на працу, а неўзабаве пачаў сваю справу: адкрыў сталярную майстэрню і сямейны забаўляльны цэнтар па матывах кніг пра Гары Потэра.

Праблем з дакумэнтамі ў сям'і не было — да таго часу, пакуль не нарадзілася дзіця.

«Дзіця нарадзілася ў Латвіі, але паколькі мы паводле грамадзянства беларусы, дзіця, дзяўчынка, таксама лічыцца беларускай, — тлумачыць Тацяна Страх, маці дзяўчынкі. — І ёй таксама трэба атрымаць дазвол на жыхарства, які ёсьць у нас у Латвіі, а падставай для яго атрыманьня зьяўляецца дакумэнт, пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».

Цяпер дзяўчынка жыве ў Латвіі без дакумэнтаў, і гэта выклікае мноства праблем.

«Яна ня можа атрымаць ніякай мэдыцынскай дапамогі, нават платнай. Таму што нават калі ты зьвяртаешся ў мэдыцынскую ўстанову, табе трэба паказаць нейкі дакумэнт іншаземца, што заўгодна», — кажа Тацяна Страх.

У Тацяны і Ігара таксама неўзабаве заканчваецца тэрмін дзеяньня беларускіх пашпартоў. З восені мінулага году дакумэнты беларусам, якія жывуць за мяжой, мяняюцца толькі на радзіме.

У выніку Ігар і Тацяна Страх вырашылі прасіць у Латвіі палітычнага прытулку. Яны падкрэсьліваюць, што ня могуць паехаць на радзіму, бо ў Беларусі ім можа пагражаць небясьпека праз тое, што ў 2020 годзе яны ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту і выступалі супраць рэжыму Лукашэнкі і абвешчаных уладамі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

«Я вельмі шмат удзельнічаў у пратэстах, прычым удзельнічаў так, што захаваліся фатаграфіі, камэнтары, — расказвае Ігар Страх. — Калі страйкі былі, мы таксама зачынялі сваю краму, у нас прадавалася ўся бел-чырвона-белая тэматыка, увогуле я шмат дзе насьлядзіў. Калі стала зразумела, што за камэнтары і падабайкі саджаюць, то цалкам відавочна, што ў мяне пры спробе заехаць у Беларусь будзе лятарэя, называецца „ад 15 дзён да 15 гадоў“».

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у 2023 годзе ў Беларусі ня менш як 207 грамадзян краіны былі затрыманыя з палітычных матываў пасьля таго, як перасеклі мяжу Беларусі, у асноўным за ўдзел у пратэстах супраць Лукашэнкі. У 2024 годзе такіх людзей было ня менш за 55.

Просьбу сям'і Страх аб палітычным прытулку ў Латвіі цяпер разглядае міграцыйная служба. Іншыя краіны, дзе жыве шмат беларусаў, якія выехалі з краіны, па-рознаму вырашаюць пытаньне зь іх дакумэнтамі. Літва і Польшча, напрыклад, выдаюць палітычным эмігрантам і ўцекачам зь Беларусі замест пашпарта праязны дакумэнт іншаземца. Але ў Латвіі такога дакумэнту проста не існуе.

Ва Ўпраўленьні ў справах грамадзянства і міграцыі Латвіі «Настоящему времени» адказалі, што разглядаюць кожны выпадак індывідуальна. Прычым адсутнасьць магчымасьці вяртаньня на радзіму сама па сабе не зьяўляецца дастатковай падставай для выдачы станоўчага рашэньня аб палітычным прытулку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG