Паведамляецца, што сярод іншага, на пачатак лютага 2025 году па ініцыятыве міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага заплянаванае правядзеньне «Форуму Касьцюшкі» — канфэрэнцыі высокага ўзроўню, на якую плянуюць запрасіць кіраўнікоў шэрагу міністэрстваў замежных спраў эўрапэйскіх краін, а таксама кіраўніка і прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады і іншых прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасьці.
Падчас сустрэчы Павал Латушка падзякаваў Польшчы за арганізацыю Дзён Беларусі, якія прайшлі ў Брусэлі 9–13 сьнежня, і падкрэсьліў важнасьць чацьвёртага пасяджэньня кансультатыўнай групы «Беларусь — Эўразьвяз», якое адбылося ў тыя ж дні.
Што да выбараў 2025 году ў Беларусі, Хэнрыка Масьціцка-Дэндзіс прызнала, што «няма ніякіх падставаў і ўмоваў, каб назваць фарс, які арганізуе рэжым, дэмакратычнымі і празрыстымі выбарамі» і заявіла, што Польшча «будзе ўдзельнічаць у падрыхтоўцы агульнай пазыцыі Эўразьвязу, якая, як плянуецца, будзе агучаная адразу пасьля 26 студзеня 2025 году».
На сустрэчы таксама абмеркавалі тэмы прыцягненьня да адказнасьці Аляксандра Лукашэнкі і «ягоных саўдзельнікаў за злачынствы супраць чалавечнасьці» і «ваенныя злачынствы супраць украінскага народу». Хэнрыка Масьціцка-Дэндзіс падкрэсьліла, што Польшча «палітычна падтрымлівае» зварот ураду Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт ордэра на арышт Лукашэнкі.
Таксама пры ўдзеле дырэктара консульскага дэпартамэнту МЗС Польшчы Юстыны Хжаноўскай бакі «абмеркавалі візавыя пытаньні і пытаньні легалізацыі беларусаў у Польшчы», у тым ліку праблемы «выдачы візаў на падставе запрашэньняў беларусаў, якія маюць міжнародную абарону ў Польшчы».
Польшча будзе старшыняваць у Эўразьвязе ў першай палове 2025 году.
Форум