Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 80% апытаных беларусаў вінавацяць Лукашэнку ў гвалце пасьля 2020 году, толькі 1% гатовыя ўсё забыць


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускія сілавікі са зброяй падчас мірнай акцыі пратэсту супраць сфальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Менск, 1 лістапада 2020
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускія сілавікі са зброяй падчас мірнай акцыі пратэсту супраць сфальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Менск, 1 лістапада 2020

Праваабаронцы «Вясны» і дасьледчыкі зь Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі прааналізавалі, як успрымаюць справядлівасьць людзі, якія перажылі катаваньні ці жорсткае абыходжаньне з боку сілавікоў у Беларусі пасьля 2020 году. У межах дасьледаваньня праваабаронцы вывучылі паказаньні амаль 600 беларусаў і беларусак.

Справаздачу па выніках дасьледаваньня прэзэнтавалі 9 сьнежня.

Паводле аднаго з аўтараў дасьледаваньня, сацыёляга Генадзя Коршунава, з 2020 году траўматычны досьвед у Беларусі атрымалі сотні тысяч чалавек. Дасьледчык спасылаецца на сотні апытаных беларусаў, якія казалі, што калі нехта з жыхароў Беларусі сам ня стаў ахвярай рэпрэсіяў, дык даведаўся пра іх ад сваякоў, сяброў, з мэдыя ці праз інтэрнэт. Дзясяткі тысяч беларусаў мусілі выехаць з краіны.

Менавіта сярод беларусаў, якія пакінулі Беларусь, дасьледчыкі правялі апытаньне, якое называюць унікальным. Агулам праз інтэрнэт, тэлефон ці шляхам «глыбокага інтэрвію» апыталі 592 беларусаў з траўматычным досьведам.

Выявілася, што рэпрэсаваныя на радзіме беларусы не забыліся пра свае траўмы і працягваюць спадзявацца на судовую справядлівасьць ды кампэнсацыю.

Большасьць вінаватых усклалі адказнасьць за гвалт пасьля 2020 году ў Беларусі на Лукашэнку

Найбольш часта вінаватым у гвалце падчас пасьлявыбарных пратэстаў 2020 году ў Беларусі апытаныя называлі Аляксандра Лукашэнку (82% рэспандэнтаў) і ўсю дзейную ўладу, сыстэму, рэжым (80%).

Таксама сярод вінаватых апытаныя называлі беларускія суды (73%), генэралаў сілавога блёку (70%), пракуратуру і Сьледчы камітэт (70%), супрацоўнікаў ІЧУ, СІЗА, калёніяў і ПУАТ (67%), усіх, хто фальсыфікаваў выбары (64%) і шараговых сілавікоў (60%).

11% апытаных усклалі адказнасьць за гвалт у Беларусі ў 2020-м на «ўсіх, хто галасаваў за Лукашэнку», яшчэ 6% лічаць адказным за гэта агулам усіх беларусаў.

Якой беларусы бачаць справядлівасьць адносна вінаватых у рэпрэсіях і тых, хто пацярпеў ад іх

У адказах на пытаньне «Якой вы бачыце справядлівасьць адносна вінаватых у рэпрэсіях?», як заўважаюць дасьледчыкі, адбіўся самы шырокі спэктар пакараньняў, прадугледжаных крымінальным заканадаўствам Беларусі, уключна са сьмяротнай карай, і нават шырэй, бо апытаныя эмігранты не выключаюць для вінаватых і дэпартацыю.

  • 84% — выказаліся за тое, каб ступень віны кожнага вызначыў суд у індывідуальным парадку.
  • 56% — за тое, каб усе вінаватыя панесьлі пакараньне, зьвязанае з забаронай займаць пэўныя пасады і (або) займацца пэўнымі відамі дзейнасьці.
  • 47% былі за тое, каб усе вінаватыя панесьлі пакараньні, зьвязаныя з пазбаўленьнем волі (ажно да пажыцьцёвага зьняволеньня).
  • 29% — каб усе вінаватыя панесьлі пакараньні, зьвязаныя з пазбаўленьнем маёмасьці.
  • 16% заявілі, што для іх важным будзе сам факт прызнаньня вінаватымі, але самі вінаватыя не абавязкова павінны панесьці строгае пакараньне.
  • 9% лічаць, што ўсе вінаватыя павінны панесьці фізычнае пакараньне (ажно да сьмяротнай кары).
  • 2% — што ўсе вінаватыя павінны быць выдвараныя з тэрыторыі Беларусі.

Як адзначаюць аўтары дасьледаваньня, пераважная большасьць апытаных разумеюць, што пакуль прыцягнуць вінаватых у рэпрэсіях да адказнасьці ў Беларусі немагчыма.

На пытаньне, хто ў першую чаргу павінен вызначыць тып і ступень адказнасьці вінаватых у тым, што адбылося, адказы апытаных разьмеркаваліся так:

  • 46% — міжнародны суд (трыбунал) для Беларусі, які трэба арганізаваць ужо цяпер,
  • 34% — беларускі суд пасьля зьмены ўлады,
  • 6% — суд у іншай эўрапейскай краіне ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі,
  • 4% — людзі, якія пацярпелі ад рук сілавікоў,
  • 3% — палітзьняволеныя,
  • 1% — тыя, хто найбольш пацярпеў ад рук сілавікоў.

Ва ўдзельнікаў дасьледаваньня таксама спыталі, што варта зрабіць для тых, хто зьведаў катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў Беларусі падчас пасьлявыбарных пратэстаў 2020 году і наступных рэпрэсіяў. Дасьледчыкі адзначаюць, што ў адказах выявіліся ня толькі чаканьні пэўных матэрыяльных рэчаў, але і таго, што нельга вымяраць грашыма ці нейкімі паслугамі.

  • 87% апытаных назвалі неабходнай кампэнсацыю матэрыяльнай шкоды тым, хто зьведаў катаваньні і жорсткае абыходжаньне;
  • 82% — мэдыцынскую і псыхалягічную рэабілітацыю;
  • 80% — рэабілітацыю пацярпелых, публічанае вяртаньне добрага імя, прабачэньні ад імя дзяржавы;
  • 76% — падзеньне рэжыму Лукашэнкі;
  • 76% — кампэнсацыю маральнай шкоды;
  • 64% — перагляд рашэньня судоў;
  • 58% — прызнаньне палітзьняволенымі ўсіх, хто гэтага заслугоўвае;
  • 53% — спыненьне палітычных рэпрэсіяў і паляпшэньне ўмоваў у месцах зьняволеньня;
  • 39% — іншае прызнаньне дзяржавай таго, што адбылося (напрыклад, публічная цырымонія пакаяньня аб пабудова мэмарыялу);
  • 31% — атрыманьне прабачэньня ад асобаў, якія непасрэдна чынілі катаваньні і (або) жорсткае абыходжаньне;
  • 28% — магчымасьць вярнуцца дадому (ці заставацца дома) без рэпрэсіяў, але пры існым рэжыме;
  • 1% адказалі «нічога ня трэба, проста хачу ўсё забыць».

Псыхолягі, якія таксама бралі ўдзел у дасьледаваньні, адзначаюць вялікую важнасьць для пацярпелых ад катаваньняў перажыць свае траўмы, атрымаць прызнаньне сваёй невінаватасьці і справядлівую кампэнсацыю. Між тым паводле дасьледчыкаў, 76% апытаных імі беларусаў заявілі, што ня бачаць сэнсу шукаць справядлівасьці ў сёньняшняй Беларусі і таму спадзяюцца на міжнародныя суды ці на тое, што беларускі рэжым абрынецца і тады яны змогуць атрымаць кампэсацыю за пакуты, якія зьведалі на радзіме.

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што дакумэнтаваньне выпадкаў катаваньняў у беларускіх вязьніцах не спыняецца, хаця ў Беларусі па фактах такіх катаваньняў не заведзена ніводнай крымінальнай справы.

З поўным дасьледваньнем «Як успрымаюць справядлівасьць людзі, якія перажылі катаваньні і/ці жорсткае абыходжаньне» можна азнаёміцца па спасылцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG