Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пракамэнтаваў падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі і заклікаў да спыненьня вайны ва Ўкраіне


Дональд Трамп з Эманюэлем Макронам і Саломэ Зурабішвілі, Парыж, 7 сьнежня 2024
Дональд Трамп з Эманюэлем Макронам і Саломэ Зурабішвілі, Парыж, 7 сьнежня 2024

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў да неадкладнага спыненьня агню ва Ўкраіне і пачатку перамоваў.

Паводле слоў Дональда Трампа, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі хацеў бы заключыць «пагадненьне» з Расеяй. Трамп таксама агучыў свае ацэнкі меркаваных стратаў бакоў.

З гэтымі заявамі Трамп выступіў у сваёй сацсетцы Truth Social, пачаўшы з падзеньня Дамаску.

«Асада больш няма. Ён уцёк са сваёй краіны. Яго абаронца, Расея на чале з Уладзімірам Пуціным, больш не зацікаўленая ў яго абароне. Расеі наогул няма чаго было там быць», — гаворыцца ў заяве Трампа.

Паводле яго слоў, Масква «страціла ўсякую цікавасьць» да Сырыі з-за вайны ва Ўкраіне, дзе, як заяўляе Трамп, каля 600 тысяч расейскіх салдат атрымалі раненьні або былі забітыя.

Трамп сьцьвярджае, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі хацеў бы заключыць «пагадненьне» з Расеяй, каб «спыніць гэтае вар’яцтва». Абраны прэзыдэнт ЗША ацаніў страты ўкраінскага боку ў «400 тысяч салдат».

«Неабходна неадкладна спыніць агонь і пачаць перамовы. Занадта шмат жыцьцяў так марна патрачаныя, занадта шмат сем’яў разбураныя. І калі так пойдзе і далей, гэта можа перарасьці ў нешта значна большае і значна горшае. Я добра ведаю Ўладзіміра. Цяпер яго час дзейнічаць. Кітай можа дапамагчы», — напісаў Трамп.

Днём раней Трамп сустрэўся ў Парыжы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Размова працягнулася каля 35 хвілін. Прэс-канфэрэнцыі па выніках не было. Прэзыдэнты адправіліся на цырымонію адкрыцьця адноўленага пасьля пажару сабору Парыскай Маці Божай.

Крыніца Axios паведаміла, што спачатку Трамп не хацеў сустракацца зь Зяленскім, але ў выніку пагадзіўся. Па словах крыніц, сустрэча атрымалася «добрай і плённай».

«Мелі зносіны аб нашых людзях, сытуацыі на полі бою і справядлівым міры для Ўкраіны. Мы ўсе хочам завяршыць гэтую вайну як мага хутчэй і справядліва», — заявіў Зяленскі пасьля сустрэчы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG