Пры гэтым імітацыя канкурэнтнасьці ў выглядзе кандыдатаў-спойлераў захоўваецца, што выглядае бессэнсоўным і недарэчным. Для чаго гэта патрэбна ўладзе?
Сьцісла:
- Усе палітычныя праціўнікі Лукашэнкі ў турмах ці ў выгнаньні за мяжой, але выбарчая кампанія па-ранейшаму праводзіцца з імітацыяй канкурэнтнасьці. І гэта стварае пэўныя праблемы для самой улады.
- Лукашэнка загадзя прадбачыў, ува што могуць ператварыцца прэзыдэнцкія выбары пасьля поўнага зьнішчэньня палітычных партый і грамадзянскай супольнасьці. І шкадуе, што ў свой час не вярнуў савецкай выбарчай сыстэмы.
- Істотная загана савецкай выбарчай сыстэмы, якую спрабуюць пераняць у сёньняшняй Беларусі — адсутнасьць грамадзкай цікавасьці да такіх «выбараў», у якіх не было і не магло быць ніякай інтрыгі, а ўсе вынікі вядомыя загадзя.
- Мэта «сувэрэннай дэмакратыі», якую стварае Лукашэнка — ліквідацыя прамых выбараў першай асобы. Калі гэта здарыцца, у грамадзян не застанецца нават тэарэтычнай магчымасьці ўплываць на зьмену ўлады ва ўласнай краіне.
Ніколі за больш як 30 гадоў пры ўладзе ў Лукашэнкі не было такой камфортнай і лагоднай выбарчай кампаніі. Упершыню ня трэба перамагаць ворагаў і рэальных небясьпечных канкурэнтаў: усе яны ці ў турмах, ці ў выгнаньні за мяжой. Але выбарчая кампанія праводзіцца ў многім паводле ранейшых стандартаў — з вылучэньнем альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, са зборам подпісаў, з агітацыйнай кампаніяй канкурэнтаў. Як ні дзіўна, ад усяго гэтага не ў захапленьні многія чыноўнікі і ідэалягічныя начальнікі. Бо шмат што з таго, чым раней займалася рэальная апазыцыя, цяпер яны павінны забясьпечваць і арганізоўваць самі. Напрыклад, зусім ня простая ў сёньняшніх умовах справа — угаворваць людзей пакідаць подпісы за каго-небудзь іншага, апроч Лукашэнкі.
Абяцаньням і гарантыям, што за гэта «нічога ня будзе», многія ня вераць: амаль у кожнага ёсьць знаёмыя і сябры, каго за падобныя подпісы ў 2020-м ці звольнілі з працы, ці ўвогуле пасадзілі. І гэта ж толькі пачатак. Як у такой грамадзкай атмасфэры праводзіць перадвыбарныя сходы ці мітынгі «канкурэнтаў» Лукашэнкі? Як асьвятляць іхную дзейнасьць у СМІ, каб выпадкова ня выклікаць незадавальненьня адзінага рэальнага кандыдата?
Прапагандысты дэзарыентаваныя ўжо сёньня. З аднаго боку, выбарчую кампанію ім загадана асьвятляць. З другога — ніякай увагі на альтэрнатыўных прэтэндэнтаў прадпісана не зьвяртаць. У выніку ў дзяржаўных мэдыя — спрэс вельмі дзіўныя рэпартажы пра збор подпісаў, у якіх ні словам ня згадваецца, за каго ж гэтыя подпісы зьбіраюцца і як да гэтага ставяцца самі шараговыя грамадзяне (напрыклад, чаму стараюцца абыходзіць гэтыя перадвыбарныя пікеты бокам і найчасьцей не паддаюцца ні на якія ўгаворы).
А давядзецца ж яшчэ і прызнаваць сабраныя такім чынам подпісы, рэгістраваць гэтых кандыдатаў, арганізоўваць іх агітацыйныя кампаніі, уносіць некаторых зь іх у бюлетэні, налічваць кожнаму нейкія працэнты падчас падліку галасоў... Вядома, падобным даводзілася займацца і раней: любыя выбары пры Лукашэнку заўсёды былі ў пэўным сэнсе імітацыяй і сурагатам. Але ўсё ж падчас папярэдніх выбарчых кампаній гэтая дзейнасьць мела нейкія рацыянальныя матывы: яе можна было абгрунтоўваць неабходнасьцю змаганьня з ворагамі, якія імкнуліся «падарваць стабільнасьць». Да таго ж тады заставалася пэўная надзея на тое, што гэту бачнасьць канкурэнтных выбараў удасца нейкім чынам канвэрсаваць у прызнаньне з боку Захаду.
Сёньня ніякіх ілюзій на гэты конт няма, як няма і рэальных палітычных супернікаў. Упершыню ўся кампанія выглядае аж настолькі ненатуральна, апэрэтачна, фальшыва. І ня толькі для вонкавых назіральнікаў і палітычных апанентаў, а і для саміх жа прадстаўнікоў улады і праўладных актывістаў, якіх для арганізацыі і правядзеньня выбараў задзейнічалі дзясяткі тысяч. Дзеля чаго цяпер гэты «цырк з коньмі», калі ворагаў няма, а перамога і так гарантаваная?
І ці ня больш ад яе шкоды, чым карысьці? Усё ж асэнсаваны ўдзел у хлусьні, фальшаваньні, падробцы — гэта ня самая прыемная справа нават для аднадумцаў. Раней можна было патлумачыць, што сваім удзелам у фальшаваньнях і прыпісках яны змагаюцца з ворагамі. А чым патлумачыць цяпер?
Навошта выбары, якія «разгойдваюць сытуацыю»
Сам Лукашэнка са сваёй магутнай інтуіцыяй і багатым палітычным досьведам загадзя прадбачыў, ува што могуць ператварыцца прэзыдэнцкія выбары пасьля поўнага зьнішчэньня палітычных партый і грамадзянскай супольнасьці. Яшчэ ўлетку 2022 году ён публічна шкадаваў, што не паклапаціўся раней пра тое, каб увогуле адмяніць у краіне прамыя прэзыдэнцкія выбары:
«Мы дарма не рызыкнулі прапанаваць людзям выбіраць органы ўлады, асабліва прэзыдэнта, на Ўсебеларускім народным сходзе. Выбары прэзыдэнта — гэта заўсёды будзе разгойдваць сытуацыю. Паглядзіце ў Кітаі: усё ж палітыка і партыйная дзейнасьць — гэта таксама прафэсійная праца».
І далей недвухсэнсоўна даў зразумець, што большасьць людзей у Беларусі, на ягоную думку, проста ня здольныя самастойна зрабіць асэнсаваны разумны выбар («не настолькі заглыбленыя ва ўсе гэтыя працэсы»). Выявілася таксама, што ён ужо даўно падумваў пра тое, каб адабраць у беларускіх грамадзянаў права на прамыя выбары:
«Я пабаяўся таго, што вось права ў народа адбяром... Перажылі б гэта, але спакойна б працавалі. А парлямэнт выбіралі б па акругах... Другі нюанс быў у тым, што пачнуць мяне вінаваціць у тым, што я баюся народу, хачу трымацца за крэсла... Я ўжо наеўся прэзыдэнцтва».
У тым сваім выступе 30 жніўня 2022 года Лукашэнка спасылаўся на практыку Кітая, хоць у рэальнасьці асабіста для яго куды больш блізкі савецкі досьвед «сацыялістычнай дэмакратыі» і «ўсенародных выбараў». Лідэраў СССР, як вядома, савецкі народ непасрэдна ніколі не выбіраў. Генэральных сакратароў ЦК КПСС фармальна выбіралі на партыйных пленумах (а фактычна — шляхам закулісных змоў і інтрыг у вузкім коле Палітбюро ЦК КПСС).
У позьнім СССР Леанід Брэжнеў дзеля большага міжнароднага прэстыжу вырашыў сумяшчаць адначасова з пасадай генэральнага сакратара партыі яшчэ і найвышэйшую дзяржаўную пасаду — старшыні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР.
Старшыню выбіралі на сумесным паседжаньні палат Вярхоўнага Савету СССР. Што пленумы ЦК КПСС, што паседжаньні Вярхоўнага Савету — усё гэта былі правобразы цяперашняга «Усебеларускага народнага сходу». І выбары на іх адбываліся падобным жа чынам. Тут Лукашэнка, ствараючы «Усебеларускі народны сход», пайшоў старым, добра яму знаёмым шляхам.
З камуністычным цынізмам
Пры ўсёй апэрэтачнасьці «сацыялістычнай дэмакратыі», у той камуністычнай сыстэме парадаксальным чынам было меней хлусьні, крывадушнасьці і патрэбы ў фальшаваньнях, чым пры цяперашніх лукашэнкаўскіх выбарах. Чаму так атрымлівалася? Калі ў выбарчым бюлетэні толькі адно прозьвішча, то атрымаць патрэбны ўладзе вынік было зусім не складана. Які ў шараговага выбарніка мог быць матыў, каб галасаваць супраць нейкай умоўнай перадавой швачкі, ударніцы камуністычнай працы, кандыдатура якой прайшла ўсе магчымыя фільтры праз спэцслужбы, парткамісіі і прафкамы?
Зразумела, нехта адважваўся выкрэсьліваць незнаёмае прозьвішча незразумелай кандыдаткі, але такіх звычайна было зусім ня шмат. У рэальнасьці з боку выбаркамаў не патрэбна было ніякіх асаблівых фальшаваньняў, каб перадавая швачка-ўдарніца без усялякіх перашкод набрала 90 працэнтаў народнай падтрымкі і стала дэпутаткай Вярхоўнага Савету БССР, а то і СССР. І потым паслухмяна паднімала руку на сэсіях, галасуючы так, як было патрэбна партыі і ўраду — ці то за Хрушчова, ці то за Брэжнева.
Справа тут была ў безальтэрнатыўнасьці выбараў — сыстэме, якая замацавалася ў сталінскім Савецкім Саюзе пасьля 1936 году і праіснавала ажно да гарбачоўскай перабудовы. Для камуністычнай намэнклятуры гэтая сыстэма была надзвычай зручнай. Імёны будучых дэпутатаў усіх узроўняў вызначаліся ў адпаведных райкамах, абкамах і ЦК партыі, а галасаваньне станавілася пустой фармальнасьцю. Голасам «за» лічыўся нават той бюлетэнь, у якім не было зроблена ніякіх пазнак, калі ён проста быў кінуты ў скрыню. Папраўдзе, менавіта так многія савецкія грамадзяне і галасавалі.
Выбары як сьвята
Істотная загана савецкай выбарчай сыстэмы, якая прыкметна турбавала камуністычных ідэолягаў падчас кожнай выбарчай кампаніяй — амаль поўная адсутнасьць грамадзкай цікавасьці да такіх «выбараў», у якіх не было і не магло быць ніякай інтрыгі, а ўсе вынікі былі вядомыя ўсім загадзя. Між тым патрэбна была масавасьць: карцінка, якая б дэманстравала «адзінства партыі і народу», «згуртаванасьць непарушнага блёку камуністаў і беспартыйных».
Забясьпечыць масавасьць у дзень галасаваньня — гэта была, бадай, галоўная задача арганізатараў тых савецкіх выбараў (усё астатняе было забясьпечана загадзя). Заваблівалі народ на выбарчыя ўчасткі рознымі шляхамі. Старэйшыя людзі памятаюць, як у 60-70-я гады ў многіх мясьцінах практыкаваліся падарункі для тых, хто першым прыйдзе на выбарчы ўчастак. Ажыятаж сям-там быў такі, што аматары прэзэнтаў ледзь ня зь вечара чаргу займалі.
У гады маёй студэнцкай маладосьці, у канцы 70-х, дэканат у дзень галасаваньня на досьвітку накіроўваў усіх выкладчыкаў у студэнцкія інтэрнаты — будзіць студэнтаў, каб прагаласавалі яшчэ да пачатку лекцый. Выглядала даволі абсурдна: паважаны 70-гадовы прафэсар стукаўся а шостай раніцы ў наш інтэрнацкі пакой, у якім усе толькі нядаўна паснулі, і ўсе ў выніку пачуваліся няёмка.
Але самым простым і папулярным спосабам у эпоху татальнага дэфіцыту было разьмясьціць побач з выбарчым участкам буфэт з таннымі віном і гарэлкай, каўбасой і вяндлінай, цукеркамі і пірожнымі. У дадатак да гэтага на выбарчым участку гучала музыка, часам выступалі артысты. Усё гэта ў сукупнасьці магнітам прыцягвала людзей, асабліва ў сельскай мясцовасьці, дзе ў сельпоўскай краме, апроч рыбных кансэрваў ды салёных гуркоў, звычайна было як вымецена.
Тая практыка ператварэньня выбараў у «сьвята» ў сёньняшнюю Беларусь актыўна вяртаецца. Лукашэнка заўсёды быў яе актыўным прыхільнікам. Нават у 2020-м у дзень галасаваньня, калі набліжаліся фатальныя для яго падзеі, казаў менавіта пра гэта:
«Мяне, шчыра кажучы, замілоўвае, калі з маленькімі дзеткамі прыходзяць. Разумееце, гэта сьвята», — сказаў ён 9 жніўня 2020 году, наракаючы на тое, што пэўныя варожыя сілы «пад кіраўніцтвам з-за мяжы» намагаюцца «гэтае сьвята сапсаваць».
Чуйна ўлавіўшы прыярытэты Лукашэнкі, пра савецкі ўзор выбараў як «традыцыйную каштоўнасьць» часта любяць разважаць і высокапастаўленыя чыноўнікі зь ягонага атачэньня. Напрыклад, Натальля Качанава, сустракаючыся сёлета ў студзені з моладзьдзю, казала:
«Для мяне выбары — заўсёды сьвята, гэта магчымасьць аддаць голас за будучыню краіны».
І ўдакладніла, што на выбарчым участку павінна быць сьвяточная атмасфэра: буфэт, канцэртная праграма і г. д. — усё, як у СССР.
«Сувэрэнная дэмакратыя» — гэта калі няма сумленных выбараў
Навошта ж у сёньняшняй ужо амаль таталітарнай Беларусі захаваная імітацыя альтэрнатыўнасьці? Калі ўсе астатнія дэмакратычныя працэдуры і прынцыпы дарэшты зьнішчаныя, то каму і чаму павінна быць няёмка за тое, што ў бюлетэнях будзе значыцца толькі адзін кандыдат? Хутчэй за ўсё, гэта атавізм перабудовачных 80-90-х гадоў — таго кароткага гарбачоўскага пэрыяду дэмакратызацыі і галоснасьці, калі малады Лукашэнка рабіў першыя крокі ў рэальнай палітыцы.
Усе тыя тры адносна сумленныя выбарчыя кампаніі, у якіх ён удзельнічаў у 1989-1994 гадах, былі кампаніямі канкурэнтнымі, зь некалькімі кандыдатамі. Зусім магчыма, што адгалосак далёкай палітычнай маладосьці адбіўся на тым, што хаця б бачнасьць палітычнай канкурэнцыі загадана захаваць дагэтуль. Гэткі сантымэнт першай асобы.
Зрэшты, нягледзячы на тое, што прамыя выбары прэзыдэнта ў Беларусі пакуль застаюцца, Лукашэнка не выключае, што да гэтага пытаньня ў пэрспэктыве яшчэ будзе магчымасьць вярнуцца, пра што ён і казаў ва ўжо згаданым выступе 30 жніўня 2022 году. Гэтак жа, як у СССР калісьці гаварылі пра «сацыялістычную дэмакратыю», у сёньняшняй Беларусі ўсё часьцей гавораць пра «сувэрэнную дэмакратыю» — гэта значыць асаблівую, са сваімі ўласнымі ўяўленьнямі пра тое, як трэба выбіраць, дапускаць да выбараў, лічыць галасы. З усімі адметнасьцямі яе беларускія грамадзяне ўжо збольшага знаёмыя.
Ці давядзе Лукашэнка краіну да таго стану, калі перавыбіраць яго на чарговы тэрмін будуць яшчэ больш лёгка і проста — дружным падняцьцем рук на «Ўсебеларускім народным сходзе», без усялякіх грувасткіх і працяглых выбарчых кампаній і фармальных працэдур? Калі хопіць на тое здароўя і часу, то чаму б і не?..
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум