Ён разьмяшчаўся ў горадзе Нароўля, што за 40 кілямэтраў ад украінскай мяжы, і дзейнічаў больш за тры месяцы на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Пра гэты лягер у праграме «ПіК Свабоды» расказаў кіраўнік Беларускага расьсьледніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
- Мы супольна з журналістам-расьсьледнікам Радыё Свабода і з партнэрамі са «Схемаў» прааналізавалі спачатку спадарожнікавыя здымкі Нароўлі і паглядзелі, дзе там былі зграмаджэньні расейскай тэхнікі. Іх там было шмат на той момант, але нам удалося зрабіць яшчэ дзьве рэчы — мы паглядзелі, якая цывільная тэхніка стаяла каля будынкаў, і таксама мы ўбачылі ў адным зь сюжэтаў расейскай тэлевізіі тое, як яны паказваюць аднаго з палонных, пра якіх мы ведалі, што яны там былі. Мы звузілі кола настолькі, што нам удалося паказаць некалькі будынкаў тым, хто там пабываў, і яны пазналі адзін канкрэтны будынак.
- Само прадпрыемства «Прыпяцкі альянс», на тэрыторыі якога месьціўся лягер, нічым не выбітнае, гэта мясцовае дзяржаўнае аграпрадпрыемства. Можна назваць выбітным хіба тое, што кіраўнік выканкаму гораду Нароўля — былы вайсковец, які служыў у ахове Аляксандра Лукашэнкі. Мы ня ведаем, наколькі выпадковым было тое, што менавіта ў ягоным гарадку былі разьмешчаныя расейскія вайскоўцы, але, у прынцыпе, мы ведаем, што Беларусь дала ў карыстаньне расейскім вайскоўцам істотную памежную зону падчас першых месяцаў поўнамаштабнага ўварваньня.
- Калі была гаворка пра катаваньні, дык людзі называлі толькі расейцаў, а не беларусаў. Але зь імі размаўлялі беларускія памежнікі, калі людзей перапраўлялі з Украіны ў Беларусь. Уся беларуская дзяржаўная інфраструктура была накіраваная на абслугоўваньне расейскіх войскаў, і гэтага будынку зь фільтрацыйным пунктам у прыватнасьці.
- Тых, каго прывозілі ў лягер, разьдзялялі на ваеннапалонных і цывільных, якіх яны падазравалі ў тым, што яны наводчыкі ці вайскоўцы Ўзброеных сілаў Украіны ў цывільным. Паводле аповедаў вайскоўцаў, ім было параўнальна лягчэй, бо ад іх хацелі даведацца параўнальна няшмат і далей адпраўлялі іх у палон у Расею. А з цывільных спрабавалі выбіць прызнаньне, што яны супрацоўнічаюць з УСУ.
- Людзей дапытвалі, як там партызанаў ці як у Сярэднявеччы — узялі чалавека, і адзіны доказ таго, што кідае на яго падазрэньне, гэта проста тое, што ён мужчынскага полу. Іх катавалі днямі, выбіваючы зь іх прызнаньні. Мы знайшлі як мінімум аднаго непаўналетняга, яго ўзялі разам з братам, які калісьці праходзіў тэрміновую службу ў УСУ. Іх абодвух катавалі. Непаўналетняга перадалі потым беларускім уладам, якія перадалі яго ўкраінскаму боку, а ягоны брат паехаў далей у Расею ў палон.
- Мяне найбольш уразілі сьведчаньні гэтага непаўналетняга хлопца, якога ў выніку адпусьцілі, але да таго катавалі нароўні з астатнімі. Ягонага брата, пакуль ён яго яшчэ бачыў, моцна білі па рэбрах. Ён меў уражаньне, што ў брата зламаныя рэбры. Катаваньне было не для таго, каб нейкую сваю гіпотэзу пацьвердзіць, а проста пачаткам размовы, каб даведацца хоць нешта — катаваць, пакуль з чалавека нешта ня вылезе.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум