Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я ня выключае, што яго забілі. Што гавораць у вёсцы, адкуль паходзіў расеец, які загінуў у беларускай турме


Дзьмітры Шлетгаўэр, архіўнае фота
Дзьмітры Шлетгаўэр, архіўнае фота

Першага лістапада беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што ў калёніі ў Магілёве памёр 22-гадовы грамадзянін Расеі, ураджэнец Алтая Дзьмітрый Шлетгаўэр. У пасьведчаньні аб сьмерці напісалі «мэханічная асьфіксія».

Летам 2024 году Берасьцейскі абласны суд прызнаў Шлетгаўэра вінаватым паводле артыкулаў аб шпіянажы і садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці, прысудзіўшы 12 гадоў зьняволеньня. Сутнасьць абвінавачаньняў невядомая дагэтуль — працэс праходзіў у закрытым рэжыме. У гэты час у Дзьмітрыя нарадзілася дзіця. Журналісты праекту Радыё Свабода Сибирь.Реалии пагутарылі са сваякамі і знаёмымі загінулага.

«Літаратуру нейкую знайшлі, і ўсе справы»

Жыхары вёскі Протасава Алтайскага краю нядаўна даведаліся, што ў беларускай калёніі памёр Дзьмітрый Шлетгаўэр. Ягоная сям’я раней жыла тут.

«Дзімку я ня памятаю. Бацьку ягонага, Сярогу, — так. Той заўсёды шукаў лёгкіх грошай. Але калі пра хлопца нічога ня памятаем, значыць не шкадлівы быў! Значыць, яго падставілі», — кажа адзін зь мясцовых, Андрэй Вагнэр (імя зьмененае).

«Дзімка — шпіён? Ды ну! Літаратуру, відаць, нейкую знайшлі, і ўсе справы, — дадае пэнсіянэрка Эма Гартліб (імя зьмененае). — Іру (маці Дзьмітрыя) шкада. Як такое перажыць?».

«Іра ўсё жыцьцё ў адукацыі прапрацавала. Не магла яна здрадніка выгадаваць. Я добра яе памятаю. Калі яна яшчэ ў садку ў нас загадчыцай працавала, дзеці заўсёды да яе цягнуліся», — дадае яшчэ адна мясцовая жыхарка.

Дзьмітрый Шлетгаўэр разам з бацькамі Сяргеем і Ірынай, старэйшай сястрой Веранікай і братам Валерыем да 2011 году жылі ў Пратасаве Нямецкага нацыянальнага раёну Алтайскага краю.

Вёска Пратасава
Вёска Пратасава

Першыя немцы тут зьявіліся ў канцы ХІХ стагодзьдзя, а ў 1907-1910 гадах сюды накіраваліся дзясяткі сем’яў «сталыпінскіх» перасяленцаў. Яны ехалі сюды з Паўднёвай Украіны і Паўночнага Каўказу. У 1990-х у раёне жыло 22 тысячы чалавек, каля 80% зь якіх былі немцамі. Нямецкую мову на вуліцах можна было пачуць часцей, чым расейскую. У райцэнтры Гальбштаце шыльды на крамах і дзяржустановах, а таксама на стэле пры ўездзе па-ранейшаму напісаныя на дзьвюх мовах. Урад ФРГ у тыя часы фінансава дапамагаў немцам, якія пражываюць у Расеі.

«Я так думаю, Нямеччыне было больш выгадна падтрымліваць вось такія нацыянальныя раёны, як у нас, ёсьць яшчэ аналягічны раён у Омскай вобласьці, са сьвятамі, традыцыямі і гэтак далей, адпраўляючы сюды нейкія ня вельмі вялікія для іх грошы, чым прыняць вялікую колькасьць мігрантаў, якія адразу б селі на дапамогу. Так было да канца 1990-х. А потым фінансаваньне ўрэзалі. Калгасы канчаткова разваліліся. Працы ня стала. І ўсе пабеглі. Цяпер у нас афіцыйна каля 30% немцаў у раёне. А суседка ў мяне наракае, што ўжо 25 гадоў няма з кім на роднай мове пагаварыць, таму што ніхто ня ведае нямецкай», — расказвае Андрэй Вагнэр.

Сям’я Шлетгаўэраў
Сям’я Шлетгаўэраў

«Тыя, хто наносіў тату, зазналі рэпрэсіі»

Шлетгаўэры пераехалі. Але не ў Нямеччыну, а ў Беларусь, вырашыўшы, што беларускі клімат ім падыдзе больш. У 2018 годзе Дзьмітрый атрымаў беларускі ДНЖ, працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасьці палімэрнай прадукцыі і ўпакоўкі.

23 лістапада 2023 году Дзьмітрыя і яго брата Валерыя затрымалі. Па словах сваякоў, у той дзень Дзьмітры адвёз сваю цяжарную жонку ў лякарню і перастаў выходзіць на сувязь. Толькі празь некалькі дзён сваякі даведаліся, што яго адправілі ў СІЗА, а Валерыя экстрадавалі ў Расею.

«Гэта была добраахвотная дэпартацыя. Я думаю, ён бы не хацеў, каб яго згадвалі», — расказаа сваячка братоў Ганна (імя зьмененае).

Па ейных словах, браты ня ўдзельнічалі ў беларускіх масавых пратэстах у 2020–2021 гадах, не пісалі ніякіх пастоў.

Дзьмітрыя абвінавацілі ў садзейнічаньні «экстрэмісцкай» дзейнасьці і шпіянажы. Сваякі і знаёмыя былі ў шоку.

«Ды які ён шпіён? Гэта проста сьмешна! Я столькі ўсяго начыталася пра Дзіму, чаго толькі ня пішуць. Дзьмітрый быў выдатным чалавекам: добрым і сумленным. Заўсёды дапамагаў людзям, аддаваў апошняе. Для многіх быў прыкладам для перайманьня. У асноўным час ён праводзіў дома са сваёй жонкай. Ён быў ня вельмі сацыяльным чалавекам», — расказвае сваячка Ганна.

Бацькі братоў перасталі выходзіць у сацсеткі, на пытаньні журналістаў не адказваюць.

«Цяпер такая сытуацыя ў краіне, што людзі баяцца гаварыць. Баяцца наступстваў. Як той казаў, любое слова можа быць скарыстанае супраць цябе ў судзе. А я б дадала, што ня толькі супраць цябе, але і тваіх родных і блізкіх. Нават тыя, хто выехаў з краіны, баяцца», — камэнтуе беларуская актывістка Алеся Міцкевіч (імя зьмененае).

На думку блізкіх, у экстрэмізьме Шлетгаўэра, магчыма, абвінавацілі за выяву чорнага сонца, якую ён набіў летам 2020 году, але пазьней зафарбаваў сымбаль, прысьвечаны богу зімовага сонца Калядзе.

«Ён набіў сабе цэлы рукаў у скандынаўскім стылі, мабыць, гэта было часткай эскізу», — дадала суразмоўца.

Пасьля пратэстаў 2020 году ў Беларусі пачаліся масавыя затрыманьні, ператрусы, катаваньні ў ізалятарах, ціск на палітвязьняў. Незалежныя медыя прызнаюць «экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваньнямі».

«Я ведаю, што на многія тату-салёны былі зробленыя аблавы і канфіскаваныя сьпісы кліентаў. Тыя, хто наносіў тату ў выглядзе бел-чырвона-белага сьцяга або чорнага сонца, зазналі рэпрэсіі. Пратэсты пачаліся праз выбары прэзыдэнта і, здавалася б, вось у студзені зноў будуць выбары, а ў краіне ўсё яшчэ працягваюцца паказальныя суды. Прычым у большасьці выпадкаў гэта ўвогуле ня лідэры думак, не арганізатары пратэстаў, ня іхныя ідэйныя натхняльнікі. Проста тыя, каго змаглі зачапіць», — расказала Алеся Міцкевіч.

«Людзей затрымліваюць кожны дзень»

Улетку 2024 году Дзьмітрыя Шлетгаўэра судзілі. Беларуская сыстэма правасудзьдзя настолькі закрытая, што не заўсёды вядомыя нават імёны асуджаных. У выпадку зь Дзьмітрыем невядома нічога, акрамя таго, што яму прысудзілі 12 гадоў калёніі.

«З прычыны таго, як закручваюць усё ўнутры Беларусі, для мяне ня стаў дзівам той факт, што пра затрыманьне не паведамлялі, — кажа праваабаронца, кіраўніца фонду „Краіна для жыцця“ Вольга Зазулінская. — Мы ж нічога ня ведаем: ні абставінаў, пры якіх затрымлівалі, ні сапраўднай прычыны затрыманьня, ні таго, што ж адбылося ў калёніі. Мы ня ведаем, ці чыніўся ціск на родных і блізкіх. Таму складана зараз сказаць, чаму пра гэты суд ня ведалі. Важна іншае. У калёніі памёр палітвязень ва ўзросьце 22 гадоў. Гэты хлопец у прынцыпе не павінен быў там быць, калі б у Беларусі пасьля 2020 году рэжым не разьвязаў тэрор супраць сваіх жа грамадзян. Як паказвае практыка, у Беларусі ня трэба рабіць злачынствы, каб цябе асудзілі. Так што складана рабіць здагадкі аб тым, што адбылося; магчыма, аднойчы мы гэта прачытаем у архівах, а магчыма, не даведаемся ніколі».

Дзьмітрый Шлетгаўэр з жонкай
Дзьмітрый Шлетгаўэр з жонкай

Дзьмітрыя Шлетгаўэра беларускія праваабаронцы прызналі палітычным зьняволеным. Падстава — пазбаўленьне волі была прымененае ў парушэньне права на справядлівы судовы разбор, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Эўрапейскай Канвэнцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод.

У верасьні яго перавялі зь СІЗА Берасьця у ПК-15 у Магілёве. А 11 кастрычніка знайшлі мёртвым. Вядома пра гэта стала толькі ў пачатку кастрычніка. Кіраўніцтва калёніі не паведаміла родным Дзьмітрыя, што менавіта зь ім здарылася. Па словах знаёмага сям’і, у пасьведчаньні аб сьмерці пазначана прычына — «мэханічная асьфіксія». Часта такі запіс робяць пры самагубствах.

Сям’я, па словах знаёмых, не выключае, што яго забілі. Жонка Дзьмітрыя наведвала яго ў СІЗА № 7 Берасьця да і пасьля суду. Сваякі ад яго не адварочваліся, пісалі лісты, слалі перадачы.

«Блізкія ўпэўненыя, што ён ня мог гэтага зрабіць. І са здароўем у яго ўсё было ў парадку. Да таго ж нядаўна ў яго нарадзіўся сын, — расказала сваячка Дзьмітрыя Ганна. — Сям’я цяжка перажывае гора. Асабліва бацькі. Ягонай жонцы дапамагае спраўляцца маленькі сын».

Дзьмітры не адзіны іншаземец, асуджаны за шпіянаж у Беларусі пасьля 2020 году. Летам мінулага году той жа Берасьцейскі абласны суд прызнаў грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу вінаватым у агентурнай дзейнасьці і шпіянажы і прыгаварыў да 14 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён цяпер адбывае тэрмін у ПК № 22.

Увесну 2024-га Віцебскі абласны суд паводле тых жа артыкулаў (агентурная дзейнасьць і шпіянаж) прызнаў вінаватым грамадзяніна Ўкраіны Андрэя Шмая. Прысуд і месца адбываньня пакараньня невядомыя.

Таксама ў верасьні гэтага году праз падазрэньне ў шпіянажы быў затрыманы выкладчык Гомельскага дзяржунівэрсытэту, грамадзянін Японіі Масатасі Наканісі. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.

Цяпер у Беларусі, паводле зьвестак Вольгі Зазулінскай, у калёніях знаходзяцца яшчэ як мінімум пяць грамадзян Расеі, прызнаных палітзьняволенымі. Усяго ж налічваецца 1402 палітвязьні, зь іх 175 жанчын, 3 непаўналетнія, 23 чалавекі праходзяць прымусовае лячэньне, якое праваабаронцы прыраўноўваюць да карнай мэдыцыны, 1621 чалавек цалкам або часткова адбылі свае тэрміны, у дачыненьні да 7080 чалавек быў зафіксаваны крымінальны перасьлед.

«Людзей затрымліваюць кожны дзень, праваабаронцы фіксуюць кожны дзень парушэньні правоў чалавека. І гэта працягваецца ў такім рэжыме вось ужо 4 гады. Апошнія масавыя затрыманьні прайшлі па ўсёй краіне 31 кастрычніка, было затрымана каля 120 чалавек, і гэта толькі тое, пра што паведамляюць праваабаронцам. Насамрэч колькасьць затрыманых можа быць і большай. Беларусаў да гэтага часу судзяць за тое, што яны выйшлі на маршы пратэсту ў 2020 годзе. Я не называю тое, што адбываецца, рэпрэсіямі. Гэта тэрор. А тэрор складана спыніць, асабліва ў сытуацыі поўнай беспакаранасьці, — дадае Вольга Зазулінская. — Што б зараз ні рабілі прыслужнікі рэжыму, як бы ні зьдзекаваліся зь беларусаў, яны адчуваюць уседазволенасьць і беспакаранасьць. Мы, беларусы, павінны дабівацца адказнасьці для рэжыму за ўсе ўчыненыя злачынствы ў Міжнародным крымінальным судзе».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG